Не люблю камедый становішчаў. Тыя ж знакамітыя “У джазе толькі дзяўчаты”, яшчэ шэраг фільмаў, дзе аднаго прымаюць за другога. І ў літаратуры не люблю падобнага: вось звычайнага чалавека пераблыталі са шпіёнам і завярце… Па мне – дзяшовы прыём.
Таму быў у лёгкім шоку ад галівудскага, заезджанага літаральна сюжэту, які скарыстоўвае Югася Каляда ў сваёй новай кнізе: жанчыны мяняюцца целамі. Ды яшчэ якія – суддзя і недалёкая ў розуме хатняя работніца. І недзе нават пашкадаваў аўтарку: як жа няпроста будзе пераканаць чытача, падобнага мне, у вартасці патраціць час…
Але чытаць я пачаў. Па дзвюх прычынах. Бо чытаў першую кнігу Югасі Каляды, якая выйшла так даўно, але помню захапленне, якое выклікаў у мяне той тэкст. Помню і водгукі мэтраў на тую кнігу. І вось, праз столькі гадоў маўчання – другая кніга прозы. Ну, як не пачытаць?
Другая прычына у некалькіх першых старонках, літаральна пяці.
Ведаеце, мушу зараз чытаць многа і вельмі рознага. І, паверце на слова, як жа мала сапраўднага, таленавітага, добрага пісьма! Як многа неахайнасці ў сучасных тэкстах, як драпае неміласэрна вочы элементарная непісьменнасць, якімі бездапаможнымі часам бываюць аўтары ў спробах стварыць свой свет хоць вонкава, не кажучы ўжо пра неабходнасць збудавання унутранага свету герояў. Які прымітыўны атрымліваецца псіхалагізм, як бязбожна хлусяць аўтары і хочуць, каб я верыў у тую хлусню…
Дык вось, першыя пяць старонак тэксту Югасі Каляды – і я ў тэксце. Калі больш дакладна – у сучасным цягніку Мінск-Гомель. Я бачу герояў, у мяне ўжо акрэсліліся думкі наконт іх характараў…
Праўду кажу: гэта сапраўдная асалода на сёння – чытаць добры, якасны беларускі тэкст, скажам так, у класічнай яго пабудове. Тэкст Югасі Каляды ад першай старонкі і да апошняй менавіта такі: вывераны, чысцюткі. І таленавіты. Глыбокі і складаны псіхалагізм, пранікненне ў думкі герояў аж да самога донца і адшукванне там даволі нечаканых момантаў. Кніга, якую не хацелася адкладваць на заўтра, і адначасова хацелася, каб падоўжыць хвіліны чытання.
Не будзе спойлерам сказаць пра тое, што насамрэч, дзве жанчыны памяняліся целамі. Мне надзвычай цікава было, куды паверне аўтарка, ад гэтага, прынамсі, залежала (прызнаюся), ці буду я чытаць далей. І калі буду, дык з якой доляй скептыцызму. Што ж, вось раніца адной з такіх жанчын:
Гэта ўжо быў нават ня жах — а вусьціш, непраглядная, якая атачае з усіх бакоў, расплюшчвай вочы ці заплюшчвай — прамоіны сьвятла ня ўбачыш. І ў той самы час дзесьці ў нетрах Альбінінага мозгу працягвала функцыянаваць частка, абыякавая да ўсяго, якая манатонна апісвала рэальнасьць і занатоўвала рэфлексію. Гэтая частка мозгу цяпер рабіла выснову, што на Альбіну, відаць, нехта навёў ня проста закляцьце — а паўнаважкую, складаную і прафэсійную магію. Бо галоўны жах у яе выклікала не чароўнае пераўтварэньне, а немагчымасьць трапіць на працу.
Асабіста для мяне з гэтага моманту ўсякая фантастыка і магія знікла. Пачыналася хай і неверагодная, але цалкам сабе жыццёвая сітуацыя. Адзначу: вельмі дынамічная, насычаная. І да апошняга незразумелая ў сваёй галоўнай загадцы: хто гэта зрабіў і дзеля чаго. Аддадзім належнае галоўнай гераіні: пытанне “Хто?” яе хвалюе мала. Дзеля чаго? Што яна павінна паправіць у сваім жыцці? Ці не ў сваім? Што змяніць і як змяніцца? Яна верыць у зваротнае вяртанне, цалкам прыняўшы перасяленне не проста як данасць, а як заданне ёй асабіста. Ці не ёй?
Сітуацыя вырулілася ў абсалютна непрадбачаны фінал. Па праўдзе, не чакаў. Дый нават не хацелася гадаць, бо падзеі развіваліся так шпарка, а цень таямніцы толькі набрыньвала.
Экзістэнцыю гераіні (хоць, кожнаму з герояў у кнізе хапіла месца для складаных рэфлексій) арганічна дапаўняе і дапамагае адчуць прастора навокал. Знаёмыя лакацыі Гомеля, парку, ракі… Тут, дарэчы, таксама хапае майстэрства аўтаркі ў стварэнні атмасферы, рознай. Ці то трывожнай, ці то абнадзейваючай.
Яна завітвала сюды нярэдка: тут прыемна сядзелася. Праз думкі пра мост, па-першае — як прыемна дошкі адгукаюцца на крокі, а па-другое — праз старажытны дамок колішняй духоўнай вучэльні з таўшчэзнымі сьценамі. Гэта быў яе пункт утульнасьці.
Чатыры словы – дошкі прыемна адгукаюцца на крокі, а вось раптоўна уявілася, як насамрэч гэта бывае. Колькі герояў у раней чытаным хадзіла па дошках, масніцах, мастках, тратуарах, але першы раз – не брашу – прачытаў “як прыемна дошкі адгукаюцца на крокі”. Ну так, дробязь. Але з такіх дробязей, як з тонкіх нітак, і тчэцца палатно тэксту, якое ахутвае, якому верыш.
Было б недастаткова і нават банальна казаць, што галоўная ідэя твора заключаецца ў механізме даследавання сітуацыі ці з’явы, калі для іх максімальна аб’ектыўнай ацэнкі чалавек павінен не проста вывучыць іх, але пабыць унутры. Так мовіць, адчуць на сваёй скуры. Хай сабе тэкст наўпрост і кранаецца гэтай тэмы, галоўнае ўсё ж іншае: чалавек. Ягонае сумленне, якое толькі і можа скіраваць на поўнае ўсведамленне прасторы і месца сябе ў ёй.
Чаго мне не хапіла, што падалося лішнім…
Не хапіла дробачкі прыватнага (нават – інтымнага) жыцця гераінь. Жанчына з чужым целам мусіць нейкі час правесці ў кватэры, ды не толькі правесці, а пражыць з чужым мужам. Ёсць месца для рэфлексій. Трэба аддаць належнае аўтарцы, з галоўнай гераіняй пытанне яна вырашыла досыць прыгожа і рэалістычна. Чаго не скажаш пра другую. Аўтарка наўмысна пакінула ў цяні гэты сектар існавання жанчын у розных целах? Хутчэй так. Аб мэтах можна паспрачацца.
Залішнім мне падаліся два апошнія эпізоды. Першы – пра агульную сустрэчу – досыць прадказальны. А вось другі, з новымі героямі і плануемай паездкай на Мінск напачатку падаўся рэальна не да месца. Ды тое было толькі адразу пасля прачытання. Услед за недаўменнем прыйшло разуменне схаванага намёку на яшчэ адну магчымую перамену. Ну і схаваным папярэджаннем: асцярожна, хуткасны сучасны цягнік Гомель-Мінск не абяцае захаванасць вашага “я”.
Перасцярога. Сярод крытыкаў, давялося неяк пачуць, існуе такое: калі пра кнігу няма чаго сказаць надта добрага, можна напісаць, што чытаецца лёгка. Дык вось, “Перамена месцаў” якраз лёгка не чытаецца, канструкцыя сказаў часам даволі няпростая. Але сам тэкст мае пэўную рытміку і інтанацыю. І калі настроіцца на іх, тады з чытаннем адчуваеш унутраную плынь, якая дзе спакойная, дзе можа завіраваць, але пэўна нясе цябе да свайго фіналу.
…Кніга прачытана, як і ў іншы раз звяраю цытаты – і вочы чапляюцца за радкі, абзацы. Тэкст адразу не адпускае, той самы паслясмак, які ўзнікае пасля добрага чытання, застаецца.
І яшчэ думаецца пра гэта:
ўсе правілы — у законах, а я — не чалавек, а суд.
Гэта правільна? Ці такое ўжо бездакорнае рымскае права?
В. Г.
P. S. Дазволю сабе выказацца пра вокладку. Безумоўна, нехта скажа, што гэта сучасна, стыльна, прышпільна, крута, крэатыўна etc. Для мяне – не. Тэндэнцыя выдавецтва да выдання кніг у вокладках аднаго тыпу вядзе да літаральна знікнення індывідуальнасці самой кнігі і яе аўтара. Адзінастыльныя вокладкі пасуюць серыі кніг, але не розным аўтарам і не розным жанрам. І яшчэ адно драпае балюча, што служыць той жа страце індывідуальнасці: навошта рабіць назву кнігі на ўсю вокладку, а імя аўтара пра гэтым заганяць у вошы? У гэтым ужо і не стыль, а (даруйце маю канспіралогію) незразумелая палітыка выдавецтва.