Па што ідзеш, воўча? Ева Вежнавец

Пра аповесць Евы Вежнавец шмат усялякага напісана. Самае галоўнае: калі кніга вызывае шмат эмоцыі, не пакідае абыякавым – гэта поспех. Тым больш, што ў аўтаркі на дадзены момант не шмат выдадзена кніг. І тут спрацавала народная мудрасць: рэдка ды метка.

Я не чытала гэтую кнігу, а слухала. Улічваючы тое, што я візуал, што мне, каб вылучыць сутнасць, трэба ўбачыць і падкрэсліць, а часам і напісаць – успрыманне на слых далося цяжка. Некаторыя ўрыўкі я пераслухоўвала некалькі разоў, каб дакапацца да сутнасці. І трэба заўважыць, што гэта адна з кніг, якую мне захацелася набыць у папяровым выглядзе пасля праслухоўвання, каб прынесці асалоду сваім вачам (вы ведаеце ўжо, што мне падарыць 😉🙃).

Балотная казка…Калі толькі перасякаеш мяжу з Беларуссю самалётам, машынаю ці цягніком – усё адно: адчуваеш, як адразу на мяжы цяжэе і макрэе паветра, у ім асядаюць і глухнуць гукі, затое абвастраюцца пахі, нібыта апусціўся на дно нябачнага балота ці возера…

Тут спрадвеку жывуць “людзі на балоце”. На жаль ваўкі і іншыя пачвары не даюць ім спакою. Адвечная трагедыя нібы закансервавалася тут, у балотным краі, на мясцовых балотах. Гэта настоеная праз стагоддзі беларуская бяда, як восеньская імжа. Трагедыя стала для беларусаў будзённасцю. Траўміраваны гісторыяй беларус – безэмацыйны.

Можа ўсё ж такі атрымаецца перарваць зачараванае кола беларускай пакуты і гісторыя набудзе новы кірунак? Можа, гэта адбудзецца тады, калі нарэшце злезе брыдкая сіняя фарба, у якую дзеля “красівасці” пафарбавалі святыя камяні?

Адзін з іх ляжаў каля Белага Слупа – калодзежа, які, як верылі тутэйшыя, сягае ўглыб аж да сярэдзіны зямлі. Яго паслядоўна стараліся знішчыць і праваслаўныя бацюшкі, і камісары, і фашысты. А цяпер ён аднавіўся ў новым месцы. Толькі месца гэтае ад усіх схаванае пакуль…

Магу смела дадаць аповесць у каштоўную скарбонку сваіх адкрыццяў і шчыра параіць для чытання (з агаворкай – 🔞).

chytaju_zlupaj


Цяпер і я – цалкам падмятая тэкстам, які чаго толькі не робіць з чытачом… Балотная казка, як сама назвала кнігу аўтарка, усмактала мяне, зачаравала, зрабіла балюча, затым цёпла і салодка, затым зноўку балюча.

📗 Гэтую танюткую, падаецца, кніжачку, даволі складана пачаць. Ад першых старонак можа стаць нават млосна, да таго ярка яны апісваюць спажыванне алкаголю галоўнай гераіняй Рынай. Калі ж праз іх прайсці, то вы трапіце ў багністую, страшную, прыгожую гісторыю некалькіх пакаленняў жанчын 20 стагоддзя.

🌲Рына – алкагалічка са стажам, ледзь не са школьных часоў. Яна працяглы час працуе ў Еўропе і цяпер вяртаецца ў родныя мясціны, бо памерла ейная бабка Дарафея, якая гадавала Рыну. Бацькі ў Рыны былі і ёсць, але гадавалася яна на бабчынай палове хаты, таму што была больш бабчынай пароды, чым бацькоўскай. Дарафея – спадчынная знахарка, варажбітка. Да яе ідуць з хваробамі і праблемамі, а яна сваім адным вокам глядзіць на свет і на людзей і нічога ад іх не чакае. Нічога добрага – дакладна.

🪵 Цяжкі, складаны лёс нашай зямлі і людзей, якія на ёй жылі. Вайна, якая зрабіла іх жыццё яшчэ цяжэйшым. Кожная змена ўлады – новыя пакуты і бядоты.

🎧 У свой час я пачала гэты тэкст чытаць і адклала, не змагла прайсці скрозь першыя старонкі. А пасля з’явілася аўдыё, і я – паслухала. Голас і манера чытання Алены Зуй-Вайцяхоўскай, як на мой густ, дужа пасуюць кнізе. Усяго 3,5 гадзіны, але ў мяне праслухоўванне расцягнулася на некалькі тыдняў, бо я чакала моманту, калі буду гатовая зноў праваліцца ў гразкую, багністую атмасферу кнігі.

🖤 “Па што ідзеш, воўча?” – кароткі і вельмі канцэнтраваны тэкст, які аўтарка пісала 10 год (і тут сама па сабе прыгадваецца Донна Тарт, якая піша па кнізе ў дзесяцігоддзе 🙃).Тэкст, які б я раіла прачытаць/паслухаць кожнаму. Магчыма, не цяпер, магчыма, пазней. Але калісьці – абавязкова.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ