Экспэрымэнтальны твор трэцяй дэбютанткі сёлетняе восені зацэняць тыя чытачы, якія цэняць найперш навізну формы і жанру. Гульня словаў і вобразаў, парушэньне клясычнае будовы сказаў і адсутнасьць нумарацыі старонак, некаторыя надрукаваныя дагары, а іншыя напісаныя герогліфамі… Гэта ня ўсе навацыі Марыны Кайс. Пачытайце “Паўзмоўчу” і вы не забудзеце імя яе аўтаркі.
Валянціна Аксак.
Калісьці я пазайздросціла кітайцам.
Іх вядомая паэтка Су Хуэй, якая жыла ў IV стагоддзі, стварыла паэму-паліндром – гэтакі адмыслова запоўнены іерогліфамі квадрат, тэкст якога можна прачытаць 2848 спосабамі: справа налева, злева направа, па гарызанталі, вертыкалі і нават дыяганалі.
Цяпер кітайцы хай зайздросцяць мне, бо наша зямлячка Марына Кайс (Maryna Yaromka) стварыла не проста адметную паэму, а самую незвычайную кнігу на беларускай мове!
Колькі спосабаў існуе, каб прачытаць яе? Пакуль не ведаю. Не ўпэўнена, што знайду ўсе. Затое дакладна ведаю, што такой кнігі ў нас яшчэ не было. Гэтакі арт-хаус – кніга не для ўсіх. Хутчэй для тых, хто не хоча чытаць кнігу. Для тых, хто хоча ў яе гуляць. Гуляць у словы і сэнсы. Гуляць з лічбамі, літарамі, знакамі прыпынку, перавернутымі дагары старонкамі і нават з ілюстрацыямі. Жангліраваць святлом і ценем, шукаць пачатак і працяг у апошняй кропцы.
Ох, як добрая гульня зацягвае!
“У гульні забаронена выходзіць за межы, нават калі яны шкляныя,” – сцвярджае аўтарка. – “Правілы простыя: не біцца ў шкло. Ні знутры, ні звонку.”
Проза Марыны Кайс чытаецца як паэзія – не ўсё, не адразу і пад адпаведны настрой.
“Тэкст вымалёўвае карцінку, мова любіць сябе, поўзае паўсюль, дыктуючы такт маім пальцам…”