Пачастунак для цмока. Алена Масла, Ларыса Мятлеўская

Пачастунак для цмока. Алена Масла, Ларыса Мятлеўская

Ператварыць звыклы, будзённы свет, у якім жыве дзіця, у казку, напоўніць таямніцамі, прадчуваннем цуду і жаданнем спазнаваць гэты свет і змяняць да лепшага – не кожнаму пісьменніку падуладная гэтая задача.

Вядомая казачніца Алена Масла ў сваёй новай кнізе менавіта гэта здзейсніла. Выхаванне любові да радзімы, цікавасці да яе гісторыі і культуры пачынаецца вось з такіх казак, дзе пераплеценыя ў займальныя карункі нацыянальная гісторыя, міфалогія і сучаснае жыццё.

Аўтаркам удалося стварыць непараўнальную, каларытную атмасферу, з’яднаўшы шляхецкую, старасвецкую Беларусь і сучасны Мінск з яго асфальтам, хмарачосамі і смартфонамі. Цяпер кожны маленькі чытач, калі прыйдзе на плошчу Свабоды ў Мінску, можа ўявіць, як Бронзавы Войт, які там стаіць, адмыкае сваім ключом дзверы ў мінулае, і адтуль з’яўляюцца незвычайныя госці…

Напрыклад, два кухцікі з палацу князя Радзівіла, Кунюся і Янюся, цудоўныя дзяўчынкі, якія дапамагалі на кухні, між іншым, дзеду паэта Максіма Багдановіча – вось з такога нечаканага боку падаецца біяграфія самага рамантычнага паэта беларускай літаратуры. А звязваюць мінулае і сучаснасць, казку і яву заданні, якія маленькі чытач з дапамогай бацькоў можа выканаць разам з героямі – прыгатаваць дванаццаць страў радзівілаўскай кухні. А заадно пагартаць кулінарныя кнігі 19 стагоддзя Ганны Цюндзявіцкай і Вінцэнты Завадскай, даведацца пра гісторыю бульбы і чаю, пра смаргонскія абваранкі і мядзвежую акадэмію, пра “прыемную аптэчку”, што мусіла быць у кожным шляхецкім доме, пра чорную гусь і мніхаў з абараначкаў, і пра тое, чым карміць Цмока…

У Мінску ж і сапраўды жыў Цмок у Змяёвай гары, дзе цяпер Юбілейная плошча… А мо ён і сёння спіць у сваёй пячоры і вартуе свае скарбы? А што, калі яго выпадкова абудзяць? Толькі ведаючы беларускую гісторыю і народную міфалогію, можна даць рады Цмоку, які насамрэч не такі і злы – галоўнае, з дабром да яго ці з адвечнай людской хцівасцю і дурной цікавасцю сунуцца…

Асвоіцца ў нашым часе і вярнуцца дадому Янюсі і Кунюсі дапамагаюць нашы сучаснікі, кожны з якіх мае рэальнага прататыпа: прафесар Мяльдзіс, пані Лора, пані Мышковіч і пан Яраш. Яны атрымаліся такія жывыя, абаяльныя і шчырыя, што  маленькі чытач, калі падрасце, абавязкова захоча прачытаць кнігі прафесара Адама Мальдзіса, а схадзіць у музей Максіма Багдановіча, дзе праводзіць экскурсіі спадарыня Ірына Мышкавец, папрысутнічаць на прэзентацыях беларускай кухні этнографа Ларысы Мятлеўскай або паслухаць гранне на народных інструментах музыкі і гісторыка Яраша Малішэўскага  можна ў любым узросце, ды яшчэ прыхапіўшы з сабою бацькоў.

На старонках кнігі шмат цікавага пра Беларусь адкрыюць для сябе і дарослыя чытачы, і гэта не толькі рэцэпты старадаўніх беларускіх страваў. Каларытныя слоўцы, захапляльныя факты, чароўныя легенды, велічныя постаці беларускай гісторыі…

Яшчэ адна вартасць кнігі – беларуская гісторыя падаецца як частка сусветнай, і чытач пераконваецца – у мінулым беларусаў было не менш значнага і цікавага, чым у любога іншага народу, напрыклад, Мінск, як і Рым, пабудаваны на сямі ўзгорках! І адчувальная повязь часоў – тая Беларусь, дзе кармілі цмокаў яешняй, запарвалі чай на дажджавой вадзе і ладзілі балі пры свечках, не аддзеленая ад нас, як не аддзеленыя карані ад галінак жывога дрэва.

Людміла Рублеўская.


Аксіёма: добрая дзіцячая кніга гэта тая, якая будзе цікавай і захапляльнай як для дзяцей, так і для дарослых. Калі на старонках карыснае  і цікавае для сябе знойдуць усе. Калі маці будзе з цікавасцю чытаць кнігу дзіцяці, а маленькі чытач з захапленнем дзяліцца прачытаным з роднымі старэйшымі. Прыкладаў прыводзіць не буду.

Новая кніга Алены Масла “Пачастунак для цмока” менавіта такая.

Саму па сабе казачную, незвычайную гісторыю з прыгодамі стварыць не праблема. Вунь іх сёння колькі – дзіцячых кніжак, ажно вочы разбягаюцца. Што там толькі ні робіцца, куды там толькі ні трапляюць героі… Але што ж робіць дзіцячую кнігу жаданай для чытача юнага і дарослага?

У Алены Масла, нашай беларускай казачніцы, незвычайная гісторыя адбываецца ў Мінску. Лакацыі ўсе знаёмыя, і гэта ўжо прываблівае. Сучасныя героі, знаёмы побыт робіць нас яшчэ больш блізкімі да дзеі. Ну так, ёсць яшчэ дзве малыя дзяўчынкі, якіх невядомым чынам закінула праз часовую прарэху да нас з ХІХ стагоддзя… Але іхні час – гэта ж наша, праўда, хай сабе і мінулае.

Тут наступае самае цікавае: дзеля таго, каб вярнуць дзяўчынак да іх родных, у іхні час, трэба выканаць неабходныя ўмовы. Але вось што важна: пастаўленыя задачы вырашаюцца звычайнымі людзьмі ў звычайным часе без усялякіх чароўных палачак. Вось ён, адмысловы рэцэпт прыгатавання цікавостак: усё казачнае і фантастычнае ў добрай гісторыі служыць фонам, нейкай асаблівай акалічнасцю, а самыя складаныя задачы вырашаюцца самымі звычайнымі героямі ў звычайных рэаліях.

***

Але гэта кніга Алена Маслы асаблівая не толькі ў майстэрстве стварэння казачнай гісторыі. Другі складнік кнігі – гісторыка-этнаграфічны плюс фальклорны. Упэўнены, што далёка не кожны з дарослых ведае тыя цікавосткі з гісторыі Мінска, які там сустракаюцца. Напрыклад, ці зможаце вы пералічыць усе тыя ўзгоркі, на якіх пачынаў расці наш Мінск? Ведаеце легенду пра мінскага змея-цмока, зможаце згадаць ягоны улюбёны пачастунак? Гэтыя веды пададзены захапляльна і ненавязліва, бо, па задуме аўтара, яны неабходныя для развязвання задачы.

Дзіўным чынам гісторыя дзяўчынак, падарожніц у часе, закальцоўваецца на нашым слынным паэце Максіме Багдановічу. Лічу тое асаблівым плюсам гэтай насычанай цікавосткамі кнігі.

І самы істотны, адметны трэці складнік кнігі, бадай што практычны. Пасля прачытання ці нават падчас яго дзеці могуць стаць маленькімі кухарамі, ці як ласкава называе іх наша казачніца, кухцікамі. І прыгатаваць нейкую старажытную страву. Не палохайцеся, для іх прыгатавання вам не трэба будзе шукаць ласіныя губы, прыкладам. Стравы гатуюцца з прадуктаў, якія льга купіць у магазіне побач. І яны падабраныя найперш сыходзячы з іх незвычайнасці і адначасова нескладанасці гатавання.

***

Спынімся на гэтым месцы, яшчэ раз зірнём на вокладку і зразумеем: дык вось чаму ў кнігі дзве аўтаркі: Алена Масла і Ларыса Мятлеўская! Хто такая спадарыня Ларыса? Знаўца беларускай кухні, этнограф, захавальніца ведаў з “Літоўскай гаспадыні”. Рэцэпты ў кнізе – ад яе, яна ж дала і нямала фальклорных падказак.

Такім чынам, ідэя кнігі палягала ў тым, каб цікава, вобразна, з любоўю да сваёй спадчыны данесці дзецям старадаўнія рэцэпты беларускай кухні. І супраца дзвюх паважаных і таленавітых жанчын вылілася ў дзівосную кнігу. Імя Ларысы Мятлеўскай на вокладцы не засціць талент Алены Масла, але надае кнізе выключную кампетэнцыю і праўдзівасць у пэўнай частцы. Кніга атрымалася аўтарытэтным дзіцячым выданнем. Скажу больш: амаль што выключным па сённяшнім часе.

Чаму? Ды таму што даводзілася трымаць у руках і гартаць нямала кніг для дзяцей аб раслінах і жывёлах, аб рэках і рыбах, кніг краязнаўчых… І аўтар там адзін – сам пісьменнік. На жаль, нашы аўтары не заўсёды любяць абцяжарваць сябе адказнасцю за свае  радкі, веды чэрпаюць з самых розных крыніц, сярод якіх сеціва – найзручнейшы калодзеж. І чэрпаюцца адтуль, а пасля з’яўляюцца на старонках кніг  такія “веды”, што іншым разам сорамна за аўтара і не па сабе робіцца ад розных саматужных “легенд”.

Вельмі б хацелася, каб кніга “Пачастунак для цмока” сталася узорам і прыкладам выніковай супрацы таленавітага аўтара і улюбёнага з сваю справу навукоўца, адмыслоўца.

***

Такім чынам, незвычайная гісторыя з чараўніцтвам, з супакаеннем змея-цмока – раз. Самыя розныя цікавыя факты з гісторыі Мінска, сям’і Максіма Багдановіча, вядомых жанчын-кухараў – два. І дванаццаць рэцэптаў старасвецкіх страў, якія можна прыгатаваць разам з дзецьмі ці ім самім пад наглядам дарослых – тры. У адной кнізе!

Яшчэ адно хочацца сказаць пра гісторыю Алены Масла. Кнігі, якія чытаюць дзеці, хочам мы таго ці не, заўсёды выхоўваюць тым ці іншым чынам. Дзецям цікавыя паводзіны герояў-аднагодак. І вось у кнізе галоўныя героі – дзве дзяўчынкі-кухцікі.

Дзяўчаткі ёсць дзяўчаткі: яны гарэзяць, яны спрачаюцца і сварацца міжсобку, і адна, і другая недзе трошкі хвалько, некага яны і абгавораць. Яны жывыя і непасрэдныя, часам і свавольныя. Своеасабліва і нават арыгінальна Алена Масла вырашыла пытанне выхаваўчых момантаў – іх яна ўсклала на сваю гераіню, жанчыну, якая нейкі час апекаваецца малымі дзяўчаткамі. І заўвагі ім у асобных выпадках, без якіх і гісторыя не гісторыя, гучаць быццам з вуснаў роднай матулі: прамыя, ды з ёмкім тлумачэннем і – з любоўю. Такія моманты надаюць усёй казцы непасрэднасці і набліжаюць атмасферу аповеду да сённяшняй рэальнасці.

***

Шчаслівы, вельмі кранальны фінал. Калі дарослыя вераць у казку ўсім сваім сэрцам.

Апошні момант, які асабліва адзначу: у герояў-сучснікаў ёсць прататыпы. Пра гэта Алена Масла расказвае ў канцы кнігі. Як падзяка ім, жывым людзям, за падказкі, за веды, якімі яны дзяліліся. Нешта цалкам новенькае, нязвычнае і таму цікавае.

Мне асабліва імпануюць цяперашнія кнігі для дзяцей, якія складзены менавіта такім чынам: разам з чароўнай, казачнай гісторыяй раскрываецца так многа цікавых ведаў пра нашу родную зямлю, яе выбітных асоб. Калі ненавязліва, з любоўю і шанаваннем вядзецца пра мінуўшчыну, у якой столькі каштоўных каменьчыкаў гістарычных фактаў і дзівосных легенд! Адно шкада: так мала пакуль у нас такіх кніг – на пальцах рук пералічыш. І святлее на сэрцы ад таго, што вось яна – новая кніга, якую так хочацца бачыць не проста ў кожнай школьнай бібліятэцы, а ў праграме школьнага чытання…

В. Г.

Пакінуць адказ