Патаемная спадчына. (зборнік)

Патаемная спадчына. (зборнік)Гэта кніга складаецца з гісторый-казак пра некалькіх яркіх жаночых постацей беларускай зямлі. Гэта дакладна не біяграфіі, гэта сканструяваныя на падмурку біяграфій казачныя гісторыі. У адных казачнага больш, у іншых менш, але выключнай гістарычнай праўды тут шукаць не варта.

📘 У кнізе 7 гісторый ад 7 аўтарак і аўтараў. Ілюстрацыі таксама выканалі розныя мастакі і мастачкі. У выніку кожная гісторыя мае свае стылістычныя асаблівасці – і тэкставыя, і візуальныя.

📑 Адны гісторыі мне спадабаліся больш, іншыя – менш. Напрыклад, зварот да “дарагога юнага чытача” мне ўжо падаецца анахранізмам. А таксама мне не вельмі падабаецца празмернае занурэнне ў казачнасць: там, дзе рыбы і птушкі гавораць, а героі ці ў белых паліто, ці злыдні злыднямі.

❤️ Затое мне вельмі спадабалася, як расказала пра сваю гераіню – Саламею Пільштынову – Света Бень. І патрыятычны пафас у аповедзе пра Эмілію Плятэр ад Кацярыны Ваданосавай  быў кранальна-пранізлівы і дарэчы. І гісторыя Рохлі Фрумкінай харошая, яе аўтарка Наталля Р. далікатна расказвае пра звычкі габрэйскага жыцця, з акцэнтам на павагу ў сям’і і любоў да дзяцей.

👌🏻 “Патаемная спадчына” будзе добрай чытанкай і для дзяўчат, і для хлапцоў. Бо там не толькі жаночыя персанажы, але і гістарычны фон, і асаблівасці эпохі, і побытавыя звычкі. Можна чытаць разам з гадоў 6-7, а можна і самастойна гадоў з 10. Але памятайце: усе ўзроставыя рэкамендацыі – толькі рэкамендацыі. Ніхто не ведае вашых чытачоў і чытачак лепш за вас 🙂

📚 Пакуль я чытала і рыхтавалася напісаць пра кнігу, выйшла другая частка. Мяркую, яна расказвае пра гераінь 20 стагоддзя. А ў першай частцы вы знойдзеце гісторыі пра Соф’ю Гальшанскую, Францішку Уршулю Радзівіл, Саламею Пільштынову, Ганну Цюндзявіцкую, Эмілію Плятэр, Рохлю Фрумкіну і Камілу Марцінкевіч.

kniznyja_razmovy.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме