Парадокс “Немаўля”.  Вольга Гапеева

Парадокс "Немаўля".  Вольга ГапееваКрута, калі знаёмыя табе аўтары здзіўляюць. У мяне на паліцы амаль дзясятак кніжак Вольгі… і паколькі сфармаваўся чытацкі давер (важнае для паэткі слова), то набыў яшчэ адну, нават не звярнуўшы ўвагі на змест. А ён даволі адметны.

Большасць чытачоў ведае Вольгу Гапееву, як пісьменніцу… але гэта не адзіная яе ідэнтычнасць (важнае для мысляркі слова). Вікіпедыя падказвае, што акрамя ўсяго, мы маем справу з дацэнтам, кандыдатам навук па параўнальнай лінгвістыцы і аўтарам навуковых работ па гендарных пытаннях.

У той ці іншай ступені чытачы маглі заўважыць адлюстраванне (таксама важнае слова) сутнасных для Вольгі тэм у яе тэкстах, але гэтым разам яна пайшла яшчэ далей.

І скарыстала навуковы інструментарый  для раскрыцця тэмы міжасабовых адносін. Тэкст у якім большасць паэтычных тропаў  заменена прафесійнай лексікай, захоўваючы пры гэтым форму паэтычнага твора – калі каханы і любая ператвараюцца ў контрпартнёраў, а ўзаемадачыненні ў сувязь знакавых сістэм.

Каб мець уяўленне пра што ідзе гаворка прывяду адвольны ўрывак:

…Апроч вялікай колькасці пераменных
у выпадку контрпартнёра
і вакууму парадыгматыкі і сінтагматыкі ў мяне,
нашае несупадзенне абумоўліваецца розніцай у тэмпе,
якая зыходзіць з таго, што для стварэння сітуацыі
і для прачытання сітуацыі
патрэбны розныя рытмы…

Дык гэта ж нейкі навуковы трактат падумаеце вы… і не памыліцеся. Больш таго, калі не спяшацца і ўважлівей глянуць, як называецца кніга, то мы пабачым “Парадокс “Немаўля”: Tractatus Poeticus”.

Не ведаю, да якой працы рабіла адсылку сама Вольга, але цікава, што ў тым жа 2022 годзе выйшла кніга Signe Gjessing “Tractatus Philosophico-Poeticus” дзе ў паэтычнай форме пераасэнсоўвалася філасоўская спадчына Вітгенштэйна, то яе “немаўля” успрымаецца, як частка пэўнага трэнда.

Кніга поўніцца адсылкамі/цытатамі Гегеля, Арыстоцеля, Альцюсэра,  Лакана, К’еркегора…

Разглядаюцца пытанні асабістых межаў, Іншага, шчасця, цялеснасці, мовы і шмат чаго яшчэ…

Эклектычны філасоўска-паэтычны падыход нараджае нечаканыя сэнсы, да якіх цяжка было б прыйсці паасобнымі шляхамі.

Наколькі падыход апраўданы –  меркаваць чытачу.

…жыць без мовы – як жыць на вуліцы,
без даху над галавой,
без уласнага кутка.
Гэта нават не “рай у шалашы”
– гэта пазбаўленасць большага парадку,
вытрываць якую наўрад ці можа чалавек,
не кажучы ўжо пра такое пеставанае
і крохкае пачуццё, як каханне…

Да твора можна звяртацца як да філасоўскай працы і як да паэмы, але для мяне “Парадокс “Немаўля” быў важны ў першую чаргу тым, што збівае са звыклага тропу… разганяе думку, каб паспяваць за логікай аўтара, магчымасцю глянуць на важныя рэчы ў схемах і знаках. Звярнуць увагу на тое, што словы не пустыя і за імі замацаваны сэнсы… часам аблудныя, часам дакладныя. І мы, як чалавечыя істоты, ад іх неаддзельныя.

Міхал Бараноўскі.

Пакінуць адказ