Пісаць водгук на п’есу, як на тэст, мабыць жа, самая няўдзячная справа. Бо ж п’еса сама па сабе быццам і не твор. Канчаткова п’еса зайграе ўсімі фарбамі і паўтонамі толькі на сцэне, факт.
Ды ці супадзе бачанне падзей і герояў у аўтара тэксту і рэжысёра?
Першы вопыт літаральнага руйнавання свайго (і класічнага школьнага) бачання п’есы я паспытаў у 8 класе, здаецца – калі праходзілі “Гора ад розуму”. І трэба ж было так здарыцца – якраз у гэты час па ТБ паказвалі спектакль. Настаўнік літаратуры тут жа загадаў усім нам паглядзець яго і пасля расказаць: хто што бачыў.
Гаварылі ўсе тое, што было напісана ў падручніку. Пакуль мой сусед, троечнік Міколка, не скрывіўся і не выдаў з месца: “Чацкі – прыдурак…”. Настаўнік ажно падскочыў – радасна! “А чаму ты так лічыш, Міколка? А скажы шчыра? Ты п’есу не чытаў, канеше, толькі глядзеў?”
Міколка ніякавата маўчаў, тут асмялеў і я. І сказаў тое, што пабачыў: Чацкі – балабол, шумны, няўважлівы да ўсіх, бегае, спатыкаецца, падае… Вакол яго – выхаваныя людзі, а той самы Малчалін – інтэлігентны, паважлівы да ўсіх, датклівы да старэйшых… Бачачы ўхваленне настаўніка, адважыліся іншыя – і выйшла, што чыталі мы адно, а вось пабачылі ў тэлевізары іншае…
То ад сучасных інтэрпрэтацый спектакляў ужо ніколечкі не дзівішся. Хіба што згадваеш аўтара п’есы і вось яго шкада – іншым разам ад ягонага бачання і самой ідэі застаюцца хвост ды грыва…
Не ведаю, што застанецца ў пастаноўцы ад таго свету, які стварыла ў сваёй п’есе Ксенія Шталенкова. Колькі часу мінула ад прачытання, а пры згадцы гэтай гісторыі мне ўспамінаецца весялосць. Светлая гарэзлівасць. Прадчуванне шчасця.
Стварыць сваю гісторыю па матывах вядомай – справа няпростая і рызыкоўная. Чыста механічнай змены падзей і характараў, матываў і герояў, вядома ж, мала. Трэба асаблівы свет, свая атмасфера, ды скажам зусім пафасна – свой дух. Калі хто чытаў – Пятро Васючэнка перастварыў подзвігі Геракла, і гэты грэцкі паўбог раптам апынуўся з Беларусі – але не нейк там геаграфічна, а менавіта па духу і акаляючым жывым і мёртвым асяроддзі.
Ксенія Шталенкова насамрэч стварыла сваю казку. У анатацыі кажуць, што гэта нават казачныя прыгоды – і сапраўды, тут проста феерыя самых нечаканых падзей, дзеянне развіваецца імкліва, пры ўсім яшчэ разгаліноўваючыся.
І тут я спынюся і заўважу: як для мяне, дзей і занадта. І сваіх асобных гісторый у гісторыі – многа. Яно быццам і няблага для агульнай карціны, але ж некаторыя лініі застаюцца не напоўненымі як мае быць, а вось жа яны і цікавыя самі па сабе. Тая ж прыёмная дачка рыцара – Віялета. Патэнцыял яе гісторыі, на мой погляд, багаты, але ж яна ўзнікае бліскавіцай – і бліскавіцай знікае. Амаль.
І каб два разы не ўставаць: лексіку Віялеты ў адносінах да прынца льга б было разнастаіць, а то складваецца ўражанне, што “гожы прынц” – усе кампліментарныя здольнасці разумнай і адважнай дзяўчыны)
Бадай што, гарэзлівасць – асноўная рыса гэтай п’есы, якая стварае светлую атмасферу, нават і пры сустрэчы з людажэрамі. Сцэна, якая ў першапачатковай гісторыі была фінальнай – пацалунак прынцэсы, у Ксеніі Шталенковай пераўтвараецца ў сапраўдны вясёлы квест (з цалкам змененымі уводнымі данымі), і выяўляецца зусім не фіналам. Бо ж і насамрэч – адзіны пацалунак, якім бы ён ні быў, не нараджае каханне – і таму ў аўтаркі ідзе зразумелы працяг. Што праўда, наколькі зразумелы, настолькі і нечаканы ў сваіх дэталях. То варта зазначыць вельмі вынаходлівую і разнастайную фантазію аўтаркі. Сам працяг гісторыі, якая павінна была завяршыцца пацалункам з хэппі-эндам, – вельмі важны паварот падзей, які напаўняе казачную гісторыю куды глыбейшым сэнсам, чым ёсць там ад пачатку, адначасова надаючы ёй чалавечнасць, пэўны рэалізм і мімаходзь закранае пытанне нараджэння кахання.
Чаго мне не хапіла? Неяк “падвіслі” у няведанні далейшы лёс і захады бацькоў прынцэсы, якія (спойлер!) даволі варожа паставіліся да прынца, які не прынц, а пісьменнік (тут быццам папярэджанні ўсёй пісьменніцкай браціі: знайце сваё месца).
Што падалося лішнім? Мушу прызнаць, што я марна стараўся разабрацца ў складаных перыпетыях лёсу двух прынцаў, калі там хто каму што куды забараніў. Хоць запісвай, складаючы радавод. На мой погляд, пачатак гісторыі можна б было скласці і прасцей, узяўшы, скажам, двух братоў-прынцаў, з якіх адзін – спадчыннік, а другі – гуляй-поле. І забарона бабулі прынца – ніколі не пакідаць каралеўства – наўрад ці патрэбная. Бо калі яна ёсць, то сумненні прынца адносна выпраўлення ў паход слушныя і досыць разумныя, а не адно прадыктаваныя ягонай баязлівасцю і нерашучасцю.
…Так пабачыў казку я – пабачыў на старонках, складзеную з літарак і слоў. Што пабачыць рэжысёр і пасля пакажа гледачам – прадракаць не бяруся. У кожным разе, ніхто не аспрэчыць ягонае бачанне, нават і сам аўтар п’есы. Бо ж мастацтва – яно такое, дзе адным з галоўных правілаў гучыць важкае: “Я так бачу!”.
Ну і добра. У тым і сэнс, каб кожны пабачыў сваё. Адно пытанне застаецца адкрытым: Ксенія Шталенкова напісала сваю п’есу на дзвюх мовах. Якую абярэ тэатр?
В Г.