На мой погляд, беларускай літаратуры бракуе вясёлых, гумарных кніг, якія не вымагаюць нейкага складанага і напружанага мыслення, а наўпрост дораць нам цудоўны настрой 😊. І вось спіс такіх лёгкіх, дасціпных твораў папоўніўся “Ордэнам шэрай макрыцы” аўтарства Яўгена Папакуля. Гэта ягоная першая кніга ў якасці пісьменніка💪. Раней ён радаваў нас толькі сваімі выкшталцонымі перакладамі з ісландскай, шведскай, нарвежскай, дацкай і інш.моў
Кніга “Ордэн шэрай макрыцы” — гумарыстычнае фэнтэзі 16+, але думаю, што можна і крыху раней чытаць. Выйшла яно ў выдавецтве Цымберава @tsymberau.publisher напрыканцы 2025. Кніга багата аздоблена ілюстрацыямі Соф’і Кудзелінай, якія дужа ўдала пасуюць зместу кнігі. Шчыра кажучы, па прычыне вялікай колькасці ілюстрацый я спачатку думала, што гэта дзіцячая кніга 😊. Але не, не вядзіцеся на карцінкі! Я думаю, што пазнака 16+ нададзена кнізе праз насычанасць тэксту лаянкавай лексікай і смачнымі выразамі не для маленькіх вушак. Насамрэч, ніякіх замоцных і зусім ужо непрыстойных слоўцаў тут няма. Наадварот, вы можаце ўзбагаціць свой моўны досвед і вось такой тэмай 😁 (я, напрыклад, выпісала шмат кляцьбонікаў 🫣, мне як філолагу цікава ўсё такое). Напрыклад, паскуда іклатая, кабяліна саплівая, падла вусатая, лахі пад пахі, адарві сраку ад лавы, ляпу завалі, а каб цябе ўсе тры халерыі, недалэнга мехам ляснуты, наваляем табе па самыя баклажаны. І гэта толькі зусім малая частка 😁
Яшчэ мне спадабаліся новатворы/новыя слоўцы, якія аўтар прыдумаў (ці дзесьці пачуў🤔) адмыслова для стварэння свайго фантазійнага сусвету: каталак (мабыць па аналогіі з ваўкалак, толькі тут кот), сцыклоп (сцыкло+ цыклоп), баравікінг (баравік+вікінг), цыбульба (цыбуля+бульба), дубуракі (дуб+бурак), задодацца (стаміцца), упэтрухі (ушчэнт) і шмат-шмат іншых.
Багата ў кнізе і розных смешных выразаў: а гадзіннічак-та цікае; гармоны лявоніху вырашылі станчыць на старасці гадоў; не заб’ем, дык хоць паскубаем трохі; хлопец так зайшоўся барвай, што лёгка атрымаў бы прыз Самы пунсовы бурак году, і т.д.
Змест кнігі пісаць не буду, толькі скажу, што ў ёй шмат фідбэкаў, якія адносяць нас да нашай беларускай рэчаіснасці (вучоба ў ВНУ, размеркаванне і інш.)🔥

