Ня думаць пра сон і паразы. Алесь Аркуш

Паэтава нябёсная затока…

Рэцэнзыя І. Сідарука на кнігу вершаў Алеся Аркуша “Ня думаць пра сон і паразы”, напісаная сумесна з Акадэмікам-усезнаўцам бел. літ-ры

Калі б я быў масьцітым акадэмікам, рэцэнзыю на кнігу выбраных вершаў Алеся Аркуша «Ня думаць пра сон і паразы», магчыма, пачаў бы так:

“Гэта ня проста падсумаваньне шматгадовага творчага шляху, але і дакладна выбудаваны ўнутраны космас паэта, які на працягу дзесяцігодзьдзяў заставаўся пасьлядоўным сам сабе і свайму разуменьню свабоды. Аўтар, родам з Полацка, горада з тысячагадовай культурнай памяцьцю, у свае 65 гадоў паўстае не “клясыкам на п’едэстале”, а жывым, уважлівым назіральнікам часу, які працягвае гаварыць з чытачом без пафасу і дыдактыкі.”

Але я – не акадэмік. І таму пачну зь іншага. Алесь Аркуш для мяне – найперш паэт гарманічны. То бок Чалавек, Творца, Паэт. Зьліты ў адной Асобе. А яшчэ – сябар. Таму хочацца пачаць па-сяброўску: а добрая кніжка атрымалася, дружа! Яна нарадзілася, сапраўды, як тваё Немаўля

На сьнезе знайшлі немаўля —
У неба глядзіць і ня плача.
Далонька сьціскае імя —
Адзіную спадчыну.

………………………………………

Ніякіх ня ведае слоў,
Свабода — дзіцяці калыска.
Існуе ў сьвеце яно
Як сьнег, як мароз, як вятрыска.

Так, сапраўдная паэзія нараджаецца “невядома як і дзе”, стыхійна, без памагатых і бацькоў. І таму – жыве толькі ў волі. На чыстых прасьцягах, як сьнег.

…Але тут зноў лезе са сваімі ўмудронымі развагамі\прэпарацыямі Акадэмік:

“Назва новага зборніка А.Аркуша задае тон – гэта формула ўнутранай устойлівасьці, своеасаблівы антыфаталізм, які пранізвае многія тэксты. У адным з ключавых вершаў паэт піша:

Ня думаць пра сон і паразы,
Свабоду карміць з далоні…

Гэты радок можна ўспрымаць як квінтэсэнцыю ўсёй кнігі: свабода тут не абстрактнае паняцьце, а штодзённая праца, амаль фізічны жэст — карміць, падтрымліваць, не даваць зьнікнуць.”

І зноў я па-сяброўску бяру пяро. Тым больш, што хачу сказаць пра верш, які паэт прысьвячае аднаму з самых блізкіх паплечнікаў.

Алегу Мінкіну

Уночы лес цяжарны рухам,
Гайданьнем хвояў і ялін.
Спыніся, сябра, і паслухай:
Ты не адзін.

І зноў, як позву таямніцы,
Сягоньня роўна ў пяць гадзін
Убачыш надыход дзяньніцы
Ня ты адзін.

І тут для мяне – пра прыкрае разьяднаньне, якое іншым разам намі нават не асэнсоўваецца. І адначасна – пра непарушную еднасьць, якая таксама, бывае, не асэнсоўваецца, але якая – ёсьць, была і будзе. Як бы ні гайдаліся ды не хіліліся долу хвоі.

Таму заканамерна, што ў паэта ёсьць свая пэўная праграма, шлях, вектар, выкладзеныя вось такім выдатным паэтычным тропам:

З майго сэрца вырасьце аер.
Ён ад ветру будзе ціха шамацець…
Сэрца — птах, што выбіўся ляцець,
Бо да неба страчаны давер.
Толькі птах ня стане на калені —
Крылы ператворацца ў карэньні.

Не здарма адзін з ранейшых зборнікаў паэзіі Аркуша мае назоў “Крылы ператворацца ў карэньні”. Ну, а ўявіць сапраўднага паэта на каленях – гэта ўжо з вобласьці фантастыкі.

Дарэчы, пра міфалогію. Аркуш – адзін з творцаў, які вельмі арганічна і нязмушана ўплятае шматлікіх насельнікаў беларускай міфалогіі ў вершаваныя радкі (“Човен”, “Сярод чаратоў…”, інш.)

Паміж хваляў човен чорны.
Ў рэчцы — чорная вада.
Не відаць на дне нічога —
Барада вадзяніка
Захінае дно старанна
І матляецца, як віж…
(Човен)

* * *

Сярод чаратоў
схавалася маленькае
гнязьдзечка
з адным яечкам
з іголкаю зачараванай у
сярэдзіне
так так
з той самай славутай іголкай
у якой жыцьцё цмока
захоўваецца
Ды што тут паробіш:
і балота шкада асушваць
і гняздо дратаваць
і яечка біць

…Ну што, Акадэмік, даць табе слова? Бач ты, хоць і з барадой, але ж нецярплівы які)( Ладна, давай, смалі!

“Зборнік ахоплівае вершы, напісаныя ад часоў “Тутэйшых” да сёньняшняга дня, і ў гэтым ягоная асаблівая каштоўнасьць. Чытач бачыць не толькі эвалюцыю мовы і формы, але і нязьменнасьць асноўных матываў: свабода, памяць, родная прастора, адказнасьць чалавека перад часам. Полацак, родны горад паэта, у вершах Аркуша — не дэкарацыя, а жывы арганізм, месца сілы і адначасова кропка адліку.

У вершы “Над Полацкам” горад уздымаецца да ўзроўню міту, дзе “незаўважная, непакорлівая / павуцінка ляціць серабрыстая” над Сафійкай і Дзвіной.

Важнай рысай паэзіі Аркуша застаецца спалучэньне пейзажнай лірыкі з філязофскай рэфлексіяй. Прырода ў ягоных тэкстах не ідылічная, яна думае разам з чалавекам, часам супраціўляецца яму. У вершы “Аблокі” вятрыска нішчыць імёны, але самі аблокі “трымалі дух высокі” — гэты вобраз лёгка счытваецца як мэтафара лёсу паэта і незалежнай культуры ў цэлым.

Асобна варта адзначыць грамадзянскую лірыку, пазбаўленую лёзунгаў, але насычаную трывожнымі сымбалямі. “Чорныя птушкі”, “Злачынная кропка, “Ускраіна” — гэта вершы, у якіх калектыўны досьвед болю і страху ператвараецца ў вобразны, згушчаны тэкст. Паэт не прапануе адказаў, але дакладна фіксуе стан:

“Нашай ускраіна была!”

— радок гучыць як настальгія і папярэджаньне адначасова.”

А вось тут перарву Акадэміка і зьвярну ўвагу зусім на іншае. На тое, як вельмі асабіста, балюча, на сэрца – кладуцца наступныя радкі:

Ходзіць месяц імглісты па коле,
Кожны крок быццам просьба пазыкі.
Не вяртаецца памяць ніколі
У дзіравыя дуды музыкі.

Ты забыў пра татэмныя знакі,
Ты згубіўся ў імглістай прасторы.
Вецер вые, як дзікі сабака,
У сьляпым, без вакон, калідоры.

Тут я – ледзь не задыхнуўся. Ад таго… вельмі інтымнага, трапятлівага, невытлумачальнага, што й вызначае для мяне сапраўдную паэзію. Найвышэйшай пробы.

…Ай, Акадэмік, ну што ты усё са сваімі “паўнавартаснымі разборамі”?! Такую даверлівую гаману ледзь не сапсаваў!

“Фармальна кніга надзвычай разнастайная: побач з клясычна выбудаванымі строфамі сустракаюцца вершы вольнага радка, амаль мэдытацыйныя нататкі, кароткія філязофскія фрагмэнты. Але гэтая разнастайнасьць не распадаецца, бо трымаецца на пазнавальным аўтарскім голасе — стрыманым, іранічным, часам балюча шчырым.

“Ня думаць пра сон і паразы” — гэта кніга не пра настальгію па мінулым, а пра вернасьць сабе ў часе, які пастаянна выпрабоўвае. Яна будзе важнай як для даўніх чытачоў Алеся Аркуша, так і для тых, хто толькі адкрывае для сябе беларускую незалежную паэзію. У гэтай кнізе выразна адчуваецца тое, што немагчыма імітаваць: досьвед, свабода і ўнутраная неабходнасьць слова.”

Што ж, магу дадаць: Паэтычнага Слова Алеся Аркуша – магутнага аўтара беларускай нацыянальнай сучаснасьці. Слова, які ляціць такім умудрона-іранічна-павольным голасам\зданьню самога паэта – разам з роднай ягонай павуцінкай – над Беларусью, Эўропай, далей:

Над Сафійкі крыжамі саборнымі,
Над часоваю дзьвінскаю прыстаньню
Незаўважная, непакорлівая
Павуцінка ляціць серабрыстая.

——-

Ну і клясычны постскрыптум:

З апошняга хлеба запасу
Ты корміш птушку Свабоды.

Твой хлеб – твая паэзія, Алесь. Дай Божа, каб усё-ткі – не апошні.

Ігар Сідарук,
Кобрынь, 23 сьнежня 2025

 

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме