Новая Зямля: Куканія. Антось Уласенка

“Новая Зямля: Куканія” – Беларусі шмат не бывае” (“ЛіМ”, 18.02.2022)

Уявіце, што нейдзе існуе, альбо будзе існаваць планета, якая заселена толькі беларусамі. Цяжка? А калі ўсё ж такі пастарацца. Менавіта такую інтэлектуальную задачу паставіў перад сабой празаік Антось Уласенка ў сваёй дэбютнай кнізе.

Аўтар пераносіць нас у далёкую будучыню, на планету Новая Зямля. Гісторыя, пачалася з ідэі багацея-рамантыка Баніхвата Мінгайлы-Азярэвіча, які выкупіў у зорнага падарожніка каардынаты планеты, больш-менш прыстасаванай да жыцця чалавека, і арганізаваў выправу для засялення яе выключна беларусамі, “то бок тых, хто лічыў сябе ідэйнымі нашчадкамі напаўмістычнага народу…”. Паводле задумы стрыжнем новага чалавецтва мелі стацца “сведамыя навукоўцы і людзі творчых прафесіяў”. Але, як гэта бывае ў гісторыі, у “новы свет” падаліся не толькі ідэальныя беларусы: “Бальшыню ж, як і ў папярэднія разы, складалі размаістыя дысідэнты, вечныя мармылі, прымітывістыя з сэкты Простых рэчаў,  злачынцы і маньякі. Прагісторыкі-рэваншыстыя, вайдэлёты Касмічнага знічу, палеарэканструктары, уцекачы і выгнанцы, шматлікія чальцы мізантрапічных асацыяцыяў, экацэнтрыстыя Добрага ладу, блазны і вар’яты, акультныя неапаганцы, рызыканты, канспіролагі, ашуканцы, паслядоўнікі Яшчара і Вялёны і многія-многія іншыя”.

Выправа была арганізаваная на двух касмічных віцінах – “Палямон”, “Князь Гедзімін” і лыжве “Вітаўт Вялікі”, але ўжо ў час падарожжа ўся гэтая стракатая кампанія перасварылася, адправіла цела Баніхвата І у міжзорную прастору. А калі “прыновазямліліся”, жыццё павялі згодна сваёй чалавечай прыродзе, а не папярэдняга сцэнара-утопіі.

Так, праз колькі тысяч гадоў Новая зямля падзялілася межамі на розныя ўвасабленні Беларусі, шматаблічча якой і адкрылася чытачу кнігі на аўтарскай мапе планеты. Вялікалітва і Крывія, Нэўрыда і Сармацкі стэп, Міларусь, Яцьвязь і Дзяволтва, Нальшчанскі край і Сурмілія, Северо-западный край і Вайшнорыя – і гэта далёка не ўсе дзяржаўныя ўтварэнні на Новай Зямлі.

Бліжэй пазнаёміцца з насельнікамі гэтых краінаў нам дапамагае той яшчэ прайдзісвет – Юргель Нязломак. Лёс і мясцовыя злодзеі адарвалі яго ад роднай сядзібы і закінулі так далёка ад дому, што ў мясцовасці, дзе ён апынуўся, пра яго землі нават і не чулі.

Цягам доўгай дарогі дадому з нашым героем адбываецца безліч прыгодаў. Што казаць, Юргель не самы добрасумленны дзяцюк, але, як гэта часта бывае ў плутаўскіх раманах, мы хутка так палюбляем героя, што можам дараваць яму амаль любую ўчыненую шкоду. Як то падсмажаныя святарныя птушкі на знічы паганскага капішча, ці рабунак царквы, дзе скарбонка з ахвяраваннямі не замыкаецца на адмысловы замочак.

“Сярэдневечны” узровень развіцця большай часткі тэрыторый, апісаных у рамане, спрыяе выкарыстанню адпаведнай лексікі. Дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што часам аўтар заігрываецца ў словы і не паўсюль моўныя эксперыменты выглядаюць арганічна, дзесці не хапае рэдактуры,  але нельга не прызнаць, што слоўнік у Антося Уласенкі цікавы і багаты – аэрабарліна (машына для палётаў па планеце), едзіва, бажэннік (святар), узвод (пад’ёмны мост), надзірач, страўны лісток (меню), знаўства, супольнік і г.д.

Менавіта вачыма Юргеля мы бачым тыя розныя ідэі Беларусі, якімі поўніцца нашая гістарыяграфія і тэорыя этнагенэзу. Усе яны гіпербалізаваныя і даведзеныя да абсурду. Краіны б’юцца смяротным боем з-за вымаўлення, альбо граматыкі, старажытнасці паходжання, правільных і няправільных сацыяльных мадэляў, жывуць у бязглуздых спрэчках і рэдка калі дасягаюць кампрамісаў.

Юргеля гэтыя пытанні быццам бы абыходзяць. “Што край, то й звычай” – толькі і зацемлівае сабе ён.  Людзей не пераробіш, да агульнага назоўніка не прывядзеш, то ці варта ламаць сабе галаву. Жыві сабе ў сваё задавальненне і хораша.

Да канца не зразумелай застаецца і пазіцыя самога Антося Уласенкі. З аднаго боку, залішняй дыдактыкі можа і не патрэбна – важней з’яўляецца сама пастаноўка праблематыкі. З другога боку, цікава было б прасачыць, што на думку аўтара аб’ядноўвае такія розныя “новыя землі”, што з’яўляецца нашай самасцю і мацуе адзінства, нягледзячы на тое, што ў нас жывуць, у той ці іншай ступені,  усе “Беларусі”, прадстаўленыя на мапе Куканіі. Хто мы такія?

Гэтыя думкі закранае ў сваіх маналогах нябёсны мудрагель Дэзыдэрыюш Клішэвіч: “Бяры ды жыві – усе свае. Каго яшчэ вінаваціць ва ўласных бедах? Раней дык на геаграфічнае становішча маракавалі: цяпер такое праблемы няма – цэлы кантынэнт тых беларусаў. Дзе там! Што ты бачыш наўкола? – Юргейль разгублена глядзеў на пазастаўляныя кнігамі шафы. – Сваркі, разруха, галеча. Дык хто вінаваты? Мы самыя?”. Альбо крыху далей “Вітаўчане (мясцовыя піраты, гандляры рабамі – М.Б.) няблага навытырыліся ў геннай інжынерыі, але прышчапляць палонным ген рабства ніколі патрэбы не ўзнікала. Ён у беларусах быў заўжды. Цяпер нам трэба даведацца, як бы яго пазбавіцца. Юргеля хвалявалі свае праблемы, таму ён слухаў Дэзыдэрыюша краем вуха, спадзеючыся пачуць нешта карыснае”.

Слуханне такіх “разумнікаў” краем вуха, падаецца, адной з характэрных для беларусаў рысаў, і не таму, што яны баяцца даведацца непрыемную праўду пра сябе, хаця гэта цалкам верагодна, а таму, што яшчэ не пачулі праўды, якая патрапіла б ў сутву праблемы і вяла б, да якой-кольвек, практычнай “карысці”. Бо няма даверу “нябёсным мудрагелям”, якія лётаюць па-над злочынам і несправядлівасцю, а калі трэба, то і гандлююць з піратамі – Юргель быў набыты Дэзыдэрыюшам на нявольніцкім рынку, але ж гэта зусім другое – сапраўдны шанцунак патрапіць да такога высокаадукаванага вучонага-“генетыка” ў парабкі.

Хто мы такія? Нашто на Новай зямлі, сваркі і звадкі? Ці можам мы быць самі сабе гаспадарамі на нашай планеце, альбо не дадзім рады без “вонкавага кіравання” Галактычнага Рэгістру – пакуль пытанні адкрытыя. А вось тое, што ў нас з’явіўся новы цікавы пісьменнік – гэта дакладна. “Новая Зямля: Куканія” – лёгкае і вясёлае чытанне, пра сур’езныя і складаныя рэчы.

Падазраю, што не апошні раз звяртаюся да гэтай кнігі – толькі знайсці час і сілы паразважаць грунтоўней, пра моцныя і слабыя яе бакі. Катэгарычна раю пазнаёміцца. Мне падаецца, дэбютныя выданні патрабуюць асаблівай увагі і адваротнай сувязі – добрых і крытычных словаў. Гэта якраз той выпадак, калі аўтар гатовы вучыцца і расці далей

Міхал Бараноўскі

Пакінуць адказ