Горват? Першае, пра што я падумала, прачытаўшы анатацыю. Беларуская вёска, каларытныя мясцовыя жыхары. Аўтар гэтай кнігі таксама пачутае ад мясцовых спачатку занатоўваў на Фэйсбуку. Падумала пра Горвата і пастаралася адразу ж забыць, каб падчас чытання не ўзнікала лішніх параўнанняў і асацыяцый.
Васіль Грынь купіў зарослы хутар Засцянак Скрыплеў на Валожыншчыне, удыхнуў у яго жыццё і зрабіў там аграсядзібу. На мапах хутар на той час ужо адзначаўся пазнакай “нежылое”, але застаўся там усё ж адзін карэнны жыхар — Браніславыч, сусед Васіля. Ён і стане адной з цэнтральных фігур гэтай кнігі.
Кніга складаецца з невялічкіх замалёвак, мініяцюр, нават анекдотаў з жыцця хутара і ваколіц, а таксама з успамінаў Грыня пра дзяцінства. Васіль развівае свой бізнес, сустракае ў аграсядзібе турыстаў, і ўсё гэта не праходзіць без удзелу вельмі каларытнага і яркага Браніславыча. Сапраўды, яго асоба, гісторыі і асаблівасці маўлення — той падмурак, на якім трымаецца кніга. Прызнацца шчыра, але многія эпізоды з кнігі без яго ўдзелу абсалютна не ўражвалі, часам нават выклікалі недаўменне.
У Браніславыча свой адметны погляд на свет, свая жыццёвая філасофія. Гэта шчыры чалавек, які не саромеецца выражаць свае думкі, часам нават не вельмі цэнзурна. Некаторыя эпізоды прымушалі мяне рагатаць уголас:
— Ну, бляха, важкая канструкцыя выйшла! Ішчэ ж шчыты дабавяцца.
— Дык што? Табе ні падабаецца?
— Ну, хто яго зная?..
— Ну дык тады адвярні вока!
— Не, ну, можа, і добра, алі ж стокі ладняга мацірыялу пайшло! Ммм…
— Дык што — з гаўна было рабіць?
— З гаўна, канешне, ніжылацільна.
Усё роўна не магу абысціся без недарэчных параўнанняў з Горватам, але ў кнізе “Радзіва «Прудок»” я адчувала цеплыню ў апісанні Андрусём суседзяў. Тут жа мне часам падавалася, што падколкі хутчэй здзеклівыя, чым цёплыя. Спадзяюся, гэта выключна маё суб’ектыўнае скажэнне, тым больш яно ўзнікала не так часта і перабівалася больш душэўнымі эпізодамі:
І калі ты ведаеш расклад руху дызеля Маладэчна-Ліда, Ліда-Маладэчна і Мінск-Гродна, Гродна-Мінск, нашто табе гадзіннік?
Непасрэднасць і шчырасць многіх персанажаў кнігі проста абяззбройвае:
— Мне, канешня, гэтыя бананы похір! Што банану зьясі — што тоя мыла… Я аб другім перажываю — што бізьяны ўжо тамыка дзе-та ў жунглях-пушчах аднэ лісьцё аб’ядаюць… і людзі гэныя, чорныя, галодныя, а нашым бананы падавай! Бульбу еш! Капусту! Цыбулю! Сала! А калі капейку маіш — то і паляндвіцу! І рабі як вол, старайся!.. Малпа тая бульбы нашай ні будзя есьці, і чорны чалавек… Вот мы зара тваім інтурыстам крапіўнік варым, ды са сьмятанай! Козьліка ў саганчыку. І што — разарве іх? Паядуць! І німашыка ў нас бананаў, а скажуць: «Ой, как харашо! Дайця нам дабаўкі!» А ў нас крапівы — ВО! А бананаў — ХЕР!
Знайшла ў кнізе і вясковыя лайфхакі. Напрыклад, як дасціпна адказваць людзям у некаторых сітуацыях:
Эх, Васілявіч, Васілявіч! Добры вы чалавек! Тока німа што вам даць.
Або ўвогуле ўніверсальныя паводзіны ў любой сітуацыі:
— На хітрага хітрэйшы нойдзіцца, а на хітрэйшага — найхітрэйшы. Так што ты яму пакуль нічога ні кажы. Хай думая, што мы дурні.
Самай захапляльнай часткай кнігі для мяне аказаліся дыялогі Браніславыча з гасцямі Васіля, пераважна расійскімі турыстамі. Чытаеш і думаеш: “Ну не могуць госці з Расіі быць такімі недалёкімі”. І ад таго яшчэ больш смешна, калі ўпэўніваешся, што могуць:
— Василий! А почему он всегда, если чё спросит, в конце начинает гавкать, что ли?
— Как гавкать?
— Ну… гав-гав…
— Шчас спросім… Гэ!! Браніславыч!
— Га?
— Вот!
— Што вот?
— Ну, гавкнул же?! Он людей не любит…
— Вам показалось.
Героі кнігі ўвогуле часта абмяркоўваюць беларускую мову і нацыянальныя асаблівасці: задаюцца пытаннем хто яны і на якой мове гавораць:
— Вы знаіця, каб якіх пяць — ну, ні пяць, а дзесяць гадоў таму — у Валожын які сраны дачнік прыехаў каб быў… і будзя гаварыць «ПАЧІМУ», «ПАТАМУ ЧТА», у яго б папыталі: «Табе рускі ў рот насцаў, га? Гавары па-нашаму! Што, ні можаш? На!» А цяпер у нас усё ўжо спакойна, ніхто нікога ні чапая… І мая: «Ты ні ўмеіш гаварыць чыста па-беларускаму і па-рускаму!» А мне… а мне похір! Я гавару, як умею і як думаю. Вот такі я біларус! …Я быў рабіў у Расіі — я панімаю па-рускаму… А я ім па-рускаму — а яны ні бум-бум! Шуфаль… А аказываіцца — саўковая лапата… Фуга… Заходжу ў магазін: «Дайця фугу!» — «ЧТО?» — «Фугу! Плітку фугаваць!» — «ЧЕГО?..» У нас жа на пачках пішаць «фуга», а аказалася ў іх… зацірка! А зацірка — гэта ж суп! Мне баба рабіла зацірку! Як фугу заціркай называць?! Ну, капец найпаўнейшы!
***
— Слухайця! А што вы, праўда, во так па-беларуску гаворыця?
— Я гавару із вамі так, як вы са мною.
— А-а-а… Дык вы ні чыста гаворыця! Я вот адзін раз чуў чалавека, які так па-беларускаму РАЗМАЎЛЯЎ, што ў мяне аж сэрца ў жменю сьціснула! Ну, так РАЗМАЎЛЯЎ хораша, што вам і ні расказаць!
Я хоць па-іхняму як на футары гаварыць ні умею, але кніжку вам парэкамендаваць магу. Гумар, народная мудрасць, жывыя і вельмі адкрытыя людзі. Такога ні ўбачыш у горадзі, ні-ні.