Два дамінуючыя пачуцці-адчуванні падчас чытання і пасля яго: гляк захаплення і лыжка расчаравання. Калі разам, дык ці то захапляльнае расчараванне, ці то расчараванае захапленне. Захапленне талентам – тут безумоўна. Для маладога, васямнаццацігадовага хлопца ўзровень тэкстаў – несумненны поспех. Але – недзе неахайнасць, драпае вока бачная неабавязковасць, і агулам, што да ўсёй кнігі – паспешлівасць.
Гэта – ужо трэці варыянт майго водгуку, а пачатак дык ці не пяты. Справа ў тым, што хоць ты забі, а ніяк не атрымліваецца сабраць думкі да кучы з улікам галоўнай акалічнасці – аўтару няма і дваццаці. І таму не-не, ды праскоквае звярыная сур’ёзнасць, быццам перад табой зусім не пачатковец. Таму прашу прабачэння ў чытачоў, ну і тым больш у аўтара, калі мае словы пакажуцца ўжо занадтымі ў сваёй патрабавальнасці.
Але ж пры ўсім гэтым – невялікае адступленне. Калі сярэднестатычнаму беларусу паказаць жменю прыродных алмазаў, дык наўрад ён імі зацікавіцца. Прыродны алмаз – гэта зусім не брыльянт. Напачатку ён павінен прайсці некалькі вельмі працаёмкіх ступеняў апрацоўкі. От тады будзе мець каштоўнасць відавочную…
Талент – той самы брыльянт, не я сказаў. Мне б хіба уставіць свае пяць капеек: не брыльянт – алмаз. І ён, талент, не сам чалавек, а нешта гэткае ўнутры яго. І таму толькі сам чалавек здольны той алмаз абадраць, аграніць, адшліфаваць… Канешне, добра, як будуць добрыя памочнікі-настаўнікі.
І таму маем на выхадзе: чалавек таленавіты павінен працаваць удвая-утрая больш за ўсякага іншага. Павінен умець цярпець, мець адначасова скуру слана і заставацца ўвогуле без скуры. Такая тэорыя…
Увесь гэты уступ мне спатрэбіўся дзеля таго, каб паўтарыць: Платон Станкевіч – таленавіты хлопец. Але гэтым я ніяк не паўтараю ўжо чутых заклікаў шукаць лаўровае дрэва для лісцікаў у вянок аўтару, а, прабачце, мо папашукаем лепш куста лазовага для пэўнай мэты…
Бо калі табе многае дадзена – з цябе многа і пытаюць. Калі цябе Бог у цемечка буськнуў – працуй. Над сабой найперш, над словам, над самаразвіццём, самаўдасканальваннем, самаадукацыяй.
Каб ведаць, што “помніць” – гэта і “памятаць”, але запомніць не тоеснае запамятаваць, бо запамятаваць (запамятаць) – гэта забыць. О такая во яна – мова беларуская. Не ведаю, мо цяперашні курс беларускай мовы і дазваляе ўсе-усякія дзеепрыметнікі на -учы, -ючы, ды яны больш прыметнікі (гаючы, трывучы, жывучы), а вось ужываць “тонучы карабель” ці “канаючы дзень” ніяк не трэба, бо “тонучы, за лязо хопішся”, а “дзень, канаючы, падарыў дзіўны росквіт неба на захадзе”. Дзеепрыслоўі гэта…
Былі шчэ моманты падобныя, выклікалі пытанні… Як тая ж рука, зробленая са скуры, ці наша любімае беларускае – залатыя палі збажыны ды яшчэ тройчы на старонцы ў розных варыяцыях.
Прадбачу пярэчанні: вінаваты рэдактар. Але, ведаючы з практыкі, мушу заўважыць: іншы тэкст ад вошай адзін рэдактар дарэшты не вычаша. Другое, мо й добра так – бачым здольнасці самога аўтара, а не работу рэдактара. Увогуле, мяне зноў можна ўпікнуць у сваім занадта ўжо прыдзірлівым стаўленні да кнігі, ды ж – першая кніжка! То як першае дзіця – так бы хацелася каб ручкі-ножкі-вушкі-носік былі прыгожанькімі, мілымі, без самых нязначных заганаў…
Хачу заўважыць і цікавыя аўтарскія знаходкі, якія прыемна цешылі, кшталту:
Саўка адышоў ад акна, пераступіў цераз труп і пайшоў да дзвярэй. «Расці не будзе…» — падумаў Юзік.
…людзі нараджаюцца са схільнасцю да нашэння пінжакоў.
Час расцягваўся ад цішыні, якая панавала між імі
Хударлявыя лініі электраперадач
Не буду тут спыняцца на ўменні аўтара будаваць сюжэт, ствараць гісторыю. Бо ж сказана – таленавіты. Спыняюся на іншым: апавяданні аўтара грунтуюцца на гіпербале, парадаксальнасці, часам – фантасмагорыі. Нечаканы фінал, развязка, якую не прадбачыць чытач, згушчэнне атмасферы і нагнятанне пачуццяў – маем. Недзе і казытлівая вусціш, недзе – прыхаваная іронія, сарказм. Таму ад аднаго апавядання да другога можа мяняцца аўтарскі стыль. Таму – захапленне. І тым больш, калі зноўку зіркаеш на здымак аўтара і разумееш: яму ж няма і дваццаці, а гэтак піша. І ўсё жыццё наперадзе…
Але мне не хапіла ў апавяданнях думкі. Нейкай арыгінальнай, нечаканай высновы, свайго аўтарскага бачання. Выніку. Які б адказаў на пытанне: “А дзеля чаго ўсё?”. Проста гісторыя для чытання? Не, мне гэтага мала. З іншага боку, мае “хацелкі” зноў жа, відавочна занадтыя – тое, чаго мне хочацца, прыходзіць да аўтара з жыццёвым вопытам, ведамі. То пачакаем.
Дазволю сабе выказаць услых тое адчуванне, якое было яшчэ адной прымешкай да захаплення – насцярожанасць. Паколькі самі апавяданні пабудаваны на пэўнай фантазійнай гісторыі, дык ці хопіць у аўтара надалей такіх прыдумак? Зразумела, фантазія чалавека не мае межаў, і ўсё ж… Мая асцярога пабудавана на тым грунце, які тычыцца ўсіх апавяданняў у кнізе. Яны – вельмі розныя ў сваіх сюжэтах. Такім чынам, думаецца, тут сабрана ўсё годнае да друку. З аднаго боку – неверагодна многа з такім узроўнем для такіх гадоў, з іншага ж, колькі гісторый мо б і няварта было ставіць у кнігу, бо яны не сягнулі ўзроўню іншых. А вось “Мышы” амаль цалкам паўтараюць фабулу “Электрычкі”…
Стракатасць тэмаў згадваецца ў анатацыі, і яна тут не загана, бо калі б усе апавяданні сфарміраваць па тры-чатыры, тады б кніга зайграла іначай. Тыя ж “Кветкі цыкорыі” добра б пасаваліся да “Прывіда мінулага”, а “Пінжак” – да “Мікіты Чорнага”. Са сваёй скразной тэмай. Маё меркаванне, канешне, ды паўтаруся наконт першага дзіцяці.
Падсумую… Вельмі б хацелася, каб аўтар стаўся новай беларускай зоркай, але не звышновай. Каб хапіла яму надалей тэм і фантазіі, каб рос. Каб пісаў і выдаваўся.
Сумбурны на гэты раз атрымаўся водгук… Не буду пра назву, па мне яна больш кніжцы паэзіі пасуе, тое ж тычыцца і вокладкі. Але, тут ужо, мабыць, трэба ўлічыць тыя абставіны і акалічнасці, пра якія я і не ведаю, але яны, відавочна, былі.
Добрага шляху, Платон Станкевіч!
В. Г.