Калі выйшла кніга “Вандроўнік. Дарогамі Міколы Купрэева”, прыканцы свайго водгуку я выказаў сваё жаданне: вось каб не адна, а серыя такіх кніг пра выбітных асоб нашай літаратуры. Бо такая канцэпцыя укладання падалася мне дасканалай: пра Асобу выказваўся не адзін чалавек, але многа людзей, такім чынам карціна атрымлівалася не толькі максімальна аб’ектыўнай, але і шырокай, трошкі стракатай і тым – цікавай.
Вядома ж, не па маіх выказаных жаданнях рухалася далей справа, я ўсяго толькі ўгадаў пра намеры, у першую чаргу Лявона Валасюка, як укладальніка. Другая кніга, пабудаваная і ўкладзеная па тым жа прынцыпе – пра Алеся Каско.
Адкрывае яе вялікі, глыбокі і дасканалы артыкул Уладзіміра Калесніка, дзе не толькі пра асобу паэта, але пра час, варункі, літаратурную сітуацыю ўвогуле і канкрэтна.
Алесь Каско аказаўся рэалістам і праўдалюбам, ён дзяліў людзей не паводле ўзросту, а паводле адносінаў да беларускай справы, да Радзімы, таму бачыў, што нялёгка было выстаяць нават у застойны час тым, хто прысвяціў сябе працы на ніве беларускай асветы, культуры, мастацкай творчасці…
Вось так кажа пра паэта Леанід Галубовіч:
А. Каско не давялося пераадольваць на сваім літаратурным шляху нейкія адміністратыўныя бар’еры. Яго талент не ганьбілі, не тапталі і не замоўчвалі. Тут ён сам кіраваўся ім. І талент не здрадзіў і не падвёў. Можна сказаць, што ўвесь час гэта была хада ў гару, у пад’ём… Цяжкая, знясільваючая, з перапынкамі-роздыхамі… Тым больш, што разам з душой і духам трэба было ўздымацца і ўсяму грэшнаму-цялеснаму. Вось тут праблемы раз-пораз узнікалі. Правільней сказаць, адсюль і ўзнікалі. Таму што быт і быццё, душа і дух былі непадзельнымі, але не мелі гармоніі. У пошуку яе і цягнулася «вар’яцкае жыццё творцы». І чым вышэйшым быў напал барацьбы і часцейшымі спробы замірэння, тым большая паэтычная энергія выпрацоўвалася вонкі (у свет, да чытача). А паколькі чытач, па сутнасці, быў адсутны, то паэт немінуча патрапляў у сіло самотнай адзіноты.
У кнізе чакаюць сваёй сустрэчы з чытачом словы пра паэта, якія выказалі Генадзь Праневіч, Ніна Борсук, Мікола Міцковіч, Ала сямёнава, Мікола сянкевіч, Васіль Дэбіш, Васіль Жуковіч, Святлана Локтыш, Мікола Пракаповіч…
Прывяду яшчэ колькі цытат з выказванняў:
Віктар Гардзей:
Паэт верыць у свой народ і яго бяссмерце, імкнецца сцвердзіць хараство жыцця, дабрыню чалавечых адносін.
Міхась Скобла:
Ён быў голасам беларускага Палесся — журлівава, журавіннага і жураўлінага, песеннага і казачнага.
Ціхан Чарнякевіч:
Палессе нельга разгадаць. Паэт заўсёды гаворыць пра тое, што для яго самога ў дадзены момант найважнейшае, найгалоўнейшае. Верш — шчыльны збор паэтавай свядомасці, і схлусіць чытачу, схаваць сваю бяздарнасць ці таленавітасць у дзесяці радках немагчыма: усё тут як на далоні. Таму і віднае самаабмежаванне: «падзяляй і валодай», бо не слова павінна валодаць паэтам, а паэт словам. У многіх творах новай кнігі Каско згушчанасць думкі і пачуцця дасягаюць гармоніі, пазначанай пячаткай паэтычнае сталасці
Тут і чуллівае і шчырае прызнанне самога укладальніка, Лявона Валасюка:
Гэтаму чалавеку ўдзячны найперш за тое, што на пачатку новага стагоддзя ён сур’ёзна параіў мне перайсці на родную беларускую мову (на той час я пісаў як па-беларуску, так і па-расейску). Гэта быў вельмі важны паварот у маёй творчасці (і ў жыцці адначасова). Лепей было б, канечне, каб такі пераход адбыўся гадоў на дзесяць раней, але, як кажуць, лепш пазней, чым ніколі…
Надзвычай шчымлівай атрымалася апошняя частка кнігі, там, дзе змешчаны эпісталярый Паэта – ягоныя лісты да Ніны Мацяш. І з асаблівым настроем, ўзнімаючы віхур думак, чытаюцца лісты, датычныя пачатку 2000-х, пра часы, бадай, самыя цяжкі ў чалавечым жыцці Алеся Каско як арганізатара, кіраўніка абласным аддзяленнем СПБ. Гэтыя лісты самі па сабе – гістарычнае сведчанне пра час і людзей:
Каго я «прыручыў» — не толькі сям’я. Сям’я ставілася і ставіцца з большым разуменнем, чым многія сябры. Асабліва тыя, хто няблага пачуваецца і ў смутным часе, гэтыя ўсе апазіцыйныя (чытай кармушкавыя) дзяльцы, газеты… Уяві сабе: я, без аніякіх сродкаў, рыхтую абласны з’езд інтэлігенцыі. Хіба не цынізм?
Многае яшчэ хочацца працытаваць, але для паўнаты карціны лепш пачытаць тыя лісты цалкам. Паўтаруся: за імі – час, людзі і… сумленне.
Завяршыць хочацца змешчаным у кнізе вершам Алеся Каско.
Спатканне з вандроўнікам
— Кінь манету на шчасце.
— У краі забраным манетаў няма,
апрача трыццаці срэбных.
— Паднясі падкову на шчасце.
— Збіў падковы, згубіў белы конь
пад вершнікам збройным.
— Руку дай на шчасце.
— Рука амярцвела: сяброў усё менш,
з імі на розных мы гутарым мовах.— Куды ж, чалавеча, я трапіў?
— Не ведаю, Божухна, мо
Ты зноў у пустыні…В. Г.

