Слодыч васільковага мёду
Спробай зафіксаваць адбітак прыроднай з’явы, накладзенай на ўнутраны свет лірычнага героя, уяўляецца кніга вершаў Віктара Шніпа “Нататнік для паэзіі”, што летась пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У зборнік уваходзяць вершы, створаныя са снежня 2019 па верасень 2023 года, згрупаваныя паводле месяца напісання, з пазначанымі датамі (па аналогіі з нататнікам, дзе запісы зазвычай вядуцца з дня ў дзень).
З першай старонкі трапляеш у россып беларускіх архетыпаў (туманы, палі, сенажаць, крыж) – яны праходзяць праз усю кнігу. Акварэльна, размыта паэт робіць замалёўкі айчынных краявідаў, застаючыся чорнай кропкай унутры (але не ў цэнтры) палатна. Чатыры стыхіі прысутнічаюць у вершах В. Шніпа: паветра (вецер), вада (снег, дождж, лужыны), агонь (сонца альбо прысак) і зямля (барозны, камяні). Аўтар абжывае рэчаіснасць, пракладаючы даўжэзную баразну па спіралі ад цэнтра, з кожным яе вітком пашыраючы сваю прастору. Так, у амаль кожным са сказаў, што ўтвараюць вершы (гаворка не пра верлібры, якім таксама знайшлося месца ў зборніку), кожная наступная частка выцякае з папярэдняй. Паказальны прыклад — верш з 12 радкоў, якія аб’ядноўваюцца ў адзін сказ:
Вецер зрывае лістоту з кустоў,
Быццам бы іскры з асенніх кастроў,
Што анікога не могуць сагрэць,
Толькі гарэць, могуць толькі гарэць
Сёння квяцістыя нашы кастры
Тут, у нізінах, і там, на гары,
Дзе адзіноціцца замак стары,
Дзе нашых продкаў пралітая кроў,
Каб мы пабачылі, як там з кустоў
Лісце злятае, як іскры з кастроў,
Што ўсіх маглі накарміць і сагрэць,
Потым гарэць, потым доўга гарэць…
Вершы В. Шніпа можна параўнаць з перастукам колаў у цягніку: манатонны рытм, паслядоўнасць, звыклыя з’явы і карцінкі быццам закалыхваюць, гіпнатызуюць і, трапіўшы ў стан паўсну, ты незаўважна прапускаеш скрозь сіта крытычнага ўспрымання, да прыкладу, такія вобразы-жахалкі:
…Мыш сядзіць пад памялом.
І мярцвяк, які прачнуўся,
Застанецца мерцвяком,
І хоць ты дамоў вярнуўся,
Век табе не быць ваўком…
Дарэчы, трэба заўважыць, што воўк – аўтарскі фетыш, жывёла, якая ў вершах сустракаецца найчасцей. Што яна сімвалізуе? Душэўную адзіноту, прагу ўнутранай свабоды, права заставацца самім сабой у няпростых жыццёвых абставінах? У “Баладзе снегавіка” ствараецца адпаведны каляднай варажбе настрой: рэчаіснасць набывае рысы залюстрэчча, куды чытач трапляе следам за аўтарам, успрымаючы як належнае тое, чаго не можа быць, і воўк вянчае ўтвораную карцінку, як акцэнтнае шматкроп’е напрыканцы:
Стаіць снегавік ля забытай царквы.
З мінулай зімы ён прыйшоў памаліцца.
І, зняўшы старое вядро з галавы,
Стаіць на вятрах, захварэць не баіцца.Як поўня ўзышла, воўк падбег і сказаў,
Што тут святара яму не дачакацца,
Бо вернікаў Бог да сябе ўсіх забраў
І ўжо прамільгнула гадоў гэтак з дваццаць…
<…>
Нічога ваўку не сказаў снегавік.
Старое вядро сунуў на галаву.
Пайшоў у завею і прывідам знік,
І воўк узляцеў крумкачом на царкву…
Выдатная “жахалачка”, цалкам пабудаваная на полі айчыннай ментальнасці, і за кошт гэтага натуральным чынам уплятаецца ў нашу рэчаіснасць.
Нямала ў аўтара алюзій і перагуканняў з творамі класікаў:
…Ды родны край жыве, і мэта не прапала.
І мы перажывем і гэтую зіму.
“Хто там ідзе?” – у нас пытаецца Купала.
Маўчым, хоць ведаем, што адказаць яму.
Паэт аддае даніну павагі папярэднікам і падкрэслівае сваю грамадзянскую пазіцыю таксама ў вершы “Васільковы мёд” (і назва, і матывы, і пафас, дарэчы, перагукаюцца з патрыятычнай баладай Роберта Льюіса Стывенсана “Верасовы мёд”):
Мы маем сакрэт васільковага мёду –
І ніхто і ніколі,
Ніколі, ніколі, ніколі
Нам не падменіць сакрэт
Васільковага мёду.
Патрыятычны пафас твора ўзмацняецца і алюзіяй на твор Уладзіміра Караткевіча пад назвай “Беларуская песня”:
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі, ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем цябе.
Асобна варта сказаць пра верлібры. У зборніку яны ніяк не вылучаны сярод іншых вершаў, а між іншым, калі б лепшыя з іх сабраць асобна, гэта дадало б у творчы аўтарскі партрэт больш яскравых дэталяў. Верлібры можна ўмоўна падзяліць на доўгія і кароткія. У апошніх канцэнтрацыя думкі і вобразнасці непараўнальна большыя, чым у доўгіх. У якасці прыкладу хочацца прывесці шэдэўральны пяцірадковік:
апошнія копы снегу
змеценыя з неба
і цяпер маладзік
як іголка
якая знайшлася
Разанаўская яркасць і “чаканнасць” карцінкі (ні адняць, ні дадаць), але разам з тым і ўласна-шніпоўская паслядоўнасць, “баразна”, якая ідзе па спіралі, “абжывае”, пашырае прастору і лагічна завяршаецца, “здзівіўшыся” адкрыццём і здзівіўшы чытача…
Увогуле, як рэкі, што пачынаюцца з лакальных вытокаў і ўпадаюць у моры ці акіяны, так і вершы-барозны В. Шніпа пачынаюцца з пэўных канкрэтных “мясцовых” вобразаў і ўпадаюць у “беларускае мора”, знакавае для аўтара. І гэта не дзіўна, бо, як прызнаецца ў адным са сваіх вершаў В. Шніп, “беларускае мора / <…> заўсёды са мной / дзе б я ні быў” (“Аўтапартрэт”).
Аліса Міцкевіч, “Полымя”, №1, 2025
На Дзень пісьменства ў сваіх Івацэвічах я выйшаў пагуляць з некалькімі канкрэтнымі мэтамі. Адна з іх вяла мяне на пошукі стэнда выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Стэнда не знайшоў, прадстаўніца выдавецтва сціпла прыстроілася ля іншай пляцоўкі. І тут мяне напаткала поўная неспадзяванка: я ішоў купіць новую кнігу вершаў Віктара Шніпа. Ды раптам аказалася, што ўсе прывезеныя асобнікі ўжо раскупілі мае землякі. Трошкі засмуціўся, а больш парадаваўся за паэта…
Віктар Шніп – з кагорты самых пазнавальных паэтаў Беларусі. Такіх у нас нямнога, чые радкі не зблытаеш з ніякімі іншымі. Ягоная паэзія, скажам так, традыцыйная – з рытмам, рыфмамі і іншымі, нехта скажа – архаічнымі, законамі пабудовамі верша. Віктар не імкнецца прыдумляць новыя формы – ён у нястомным пошуку новых азначэнняў.
Кожны ягоны верш – гэта густая повязь радкоў, дзе наступны раскрывае сутнасць, тлумачыць і ўзбагачае радок папярэдні. Часам такія азначэнні бываюць наўпрост парадаксальнымі (прабачце, абыдуся без прыкладаў). Але самае цікавае: многія вершы па сваім сэнсе – плынь, дзе думкі чапляюцца адна за другую, звіваюцца, і табе, чытачу, не даведацца, куды, урэшце, выверне паэт. І пасля ствараецца не столькі знешняя карцінка пабачанага, а жывы асацыятыўны пазл, настрой і ўспрыманне свету.
Быў бы літаратуразнаўцам, далібог бы, якую работу зрабіў па метафарах Віктара Шніпа. Можна б было ўзяць колькі слоў-азначэнняў з вершаў і пабачыць, якімі тропамі вызначае паэт сэнс тых слоў у розных вершах…
Добра, што паэзія нараджаецца і ў мужчынскім асяродку паэтаў старэйшага ўзросту. Факт, што сёння вядзе рэй паэзія жаночая, таму асабліва прыемна адзначыць, што ёсць мужчыны, якія застаюцца адданымі паэзіі цягам свайго жыцця.
Больш не буду ніколі казаць і пісаць, што паэзія нікому зараз не патрэбная.
В. Г.
З выдавецкай анатацыі да кнігі: «У «Нататніку для паэзіі» змешчаныя творы, напісаныя Віктарам Шніпам са снежня 2019 года па верасень 2023-га. Чытаючы анатацыю, вы, шаноўны чытач, хочаце даведацца, ці варта гэтую кнігу прачытаць. Варта, калі вы любіце творчасць яго настаўнікаў у паэзіі — Міхася Стральцова, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц… І ўсё ж ён, Шніп, іншы, чым ягоныя настаўнікі. Дык які ж ён Віктар Шніп? Пачытайце «Нататнік для паэзіі»…
Аўтар новай паэтычнай кнігі найперш выяўляе сябе шукальнікам новых формаў. Творца імкнецца не проста адлюстроўваць вядомую яму рэчаіснасць, ён выступае як паэт, якому падуладны адкрыцці вобразаў і метафар, часта зусім нечаканых, неспадзяваных параўнанняў…
Паэт — гэта рыба, якая не ўмее маўчаць,
Якой не патрэбна вада, бо ёсць неба, дзе зоркі —
Ікра, з якой ім нараджацца, каб жыць-рыфмаваць.
Максім Багдановіч са мной, а з табой Максім Горкі.<…>
Паэт — гэта рыба, якая жыве з галавы.
Ты вершы свае рассыпаеш, нібыта іголкі.
Ды нават памёршы, ты будзеш заўсёды жывы.
І гэта сцвярджаюць Максім Багдановіч і Горкі.
На першы погляд, «Нататнік для паэзіі» — гэта творчы каляндар паэта, яго штодзённае мастацкае ўзіранне ў жыццё, апантанае жаданне агледзець усё, што ёсць навокал, і не меней апантанае жаданне расказаць пра гэта чытачу. Можна сказаць і так, кніга — сацыяльна-паэтычныя сеткі аўтара… Ды толькі на першы погляд. Ідучы за часам, выяўляючы жаданне правесці яго своеасаблівую мастацкую рэвізію, Віктар Шніп трымае ў сваёй генетычнай паэтычнай памяці ўвесь папярэдні вопыт, зважае на традыцыі, усталяваныя не толькі блізкімі, але і далёкімі папярэднікамі. Творы ў большасці сваёй чапляюць за жывое, прымушаюць думаць, разважаць пра свае асабістыя стасункі з часам, эпохай. Як вось і гэты верш, прысвечаны блізкаму чалавеку, жанчыне, якая выжыла ў пякельнай гісторыі Вялікай Айчыннай, жанчыне, якая на свае вочы бачыла трагедыю самых блізкіх, самых родных:
Недачытанай кніга засталася
На століку пад лямпай ля вакна.
Дажджамі несусветна пралілася
Твая апошняя, як сон, вясна.
І не прачнуццца болей аніколі
У гэтым свеце, што як двор скразны,
Дзе ў чэрвені ссівелыя таполі,
Нібы жанчыны, што пасля вайны
Не дачакаліся сваіх з чужыны.
Твае ж згарэлі родзічы ў агні.
Замест будынкаў попел і руіны,
І ты, малая, шкло на далані,
Нібы слязу, трымаеш і не знаеш,
Куды ісці, ды знаеш — трэба жыць.
І прачынаешся, і засынаеш,
Бяжыш праз жыта, і няма мяжы
У полі тым, якое ўратавала
Цябе адну, каб меў твой род працяг.
Ты кнігу перад сном не дачытала,
І ўдома ты, а мы яшчэ ў гасцях…
Віктар Шніп — з кагорты паэтаў прыкметных. І праз многія гады сваёй творчасці ён застаецца паслядоўным ахоўнікам роднай мовы, роднай беларускай культуры і асветніцтва. І, канешне ж, — народнай культуры, гістарычнай памяці беларусаў. Пацвярджаюць гэта і творы з «Нататніка для паэзіі» — «Сані», «Куфар», «Вядро», «Вячэра», «Кажух», «Кудзеля», «Брук», «Барана»… Мо з часам нізка гэтых вершаў перарасце ў асобную кнігу пра рэчы, з’явы, пра часам забытыя і невядомыя новым пакаленням словы… Праз увагу да ўсяго гэтага паэт акрэслена спалучае матывы мастацкай і народнай памяці, што з’яўляецца, павінна з’яўляцца ў літаратуры, паэзіі неад’емнай часткай іх сутнасці.
Новую кнігу Віктара Шніпа «Нататнік для паэзіі» можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.
Новых усім чытачам паэтычных уражанняў і адкрыццяў!