Паводле выдавецтва @januskevic.books гэты дэтэктыў – сапраўдны хіт мінулага лета, і зразумела чаму, бо я таксама ў ліку тых, хто даўно чакаў працягу прыгод кантралёркі грамадскага транспарту Зінаіды Юр’еўны, якая з кожнай старонкай усё мацней уваходзіць у ролю нашай беларускай міс Марпл.
Гэтым разам гісторыі разгортваюцца зусім побач з маім родным раёнам, напрыклад знаёмы парк 50-годдзя Кастрычніка каля ўнівермага Беларусь, і станцыя метро Партызанская будуць добра зразумелыя тым, хто, як і я, быў тут амаль што штодня. Гэта дадае асаблівую цеплыню і цікавасць да чытання – нібыта ты не проста чытаеш кнігу, а падарожнічаеш па сваіх улюбёных мясцінах разам з героем.
Як і ў першай кнізе, тут ёсць цікавая сумесь дэтэктыву і гумару, дзе разам з Зінаідай Юр’еўнай чытаеш не толькі аб расследаваннях, але і пра жыццё звычайных людзей, з іх радасцямі і няпростымі праблемамі. Таямнічая аўтарка яшчэ больш мастацка раскрывае нуар мінскіх заводскіх ускраін, стварае аўтэнтычную атмасферу горада і яго жыхароў. Гэты твор – не проста забаўка, а сапраўдны літаратурны падарунак, які прымушае разважаць пра нашую ідэнтычнасць і светапогляд.
“Наступны прыпынак – смерць” – добры працяг серыі, які дазволіць больш глыбока пазнаёміцца з унікальным светам, створаным таленавітай аўтаркай. Варта прачытаць усім, хто цікавіцца сучаснай беларускай прозай і якаснымі дэтэктывамі, напісаным з сэрцам і душой.
Не перадаць, з якой асалодай я прачытала новыя гісторыі пра непаўторную Зінаіду Юр’еўну. Я шчыра не ведаю, хто аўтарка ці аўтар, але калі вы прачытаеце гэты допіс – ад усяго сэрца дзякую за галоўную гераіню і ўсіх іншых персанажаў, за гумар, за сюжэты і за магчымасць пабыць у Менску, падыхаць ім, паслухаць яго ❤️
✨ Здаецца, забаўляльнае чытво, класнае, вясёлае. Але для мяне яно стала крыху большым за тое, што можна назваць добрым баўленем часу. Дзесьці я смяялася, а дзесьці было соладка і тужліва адначасова. Але найчасцей хацелася проста ўзяць ды абняць тую Зінаіду Юр’еўну і падзякаваць ёй, што яна такая ёсць.
🪪 Калі вы раптам яшчэ не знаёмыя, то Зінаіда Юр’еўна – гэта кантралёрка грамадскага транспарта ў Менску. Яна жанчына энэргічная, камунікабельная, “очэнь парадачная” і проста харошы чалавек. У яе бракуе адукацыі, яна гаворыць на трасянцы (і аповед ідзе ад першай асобы – таму ўсе гісторыі напісаны трасянкай), але ў яе багаты жыццёвы досвед і добрае сэрца.
🔎 І ў нейкі момант жыццё пачынае падкідваць ёй загадкі: то памерлы мужчына ў транспарце, то ў сяброўкі, што кіруе трамваем, падазорны пасажыр на адным і тым жа прыпынку сядае, то безбілетнік сумнеўнага выгляду збягае і прыводзіць да месца забойства… Карацей, неабыякавай, з прагай справядлівасці Зінаідзе Юр’еўне нічога не застаецца, як разблытваць загадку за загадкай. І тое ў яе выдатна атрымліваецца.
📚 У гэтай кнізе дзве чарговыя гісторыі з нясумнага жыцця кантралёркі. У кнізе “Я прыду за табой у аўгусце”, што выходзіла раней, – тры. Канцэпцыя прыкладна аднолькавая, але гэтым разам Зінаіда Юр’еўна больш рэфлексуе. Атрымліваецца гэтакая філасофія простага чалавека, які намацвае для сябе жыццёвыя арыенціры, расказвае пра свае каштоўнасці і прынцыпы. Гэта і смешна, і кранальна, і вельмі чалавечна.
❤️🩹 Надзвычай хочацца, каб Зінаіда Юр’еўна працягвала жыць. Бо гэта напраўду народны персанаж.
