Нарысы сучаснага краязнаўства. Збых Слупоўскі

Нарысы сучаснага краязнаўства. Збых СлупоўскіАўтар любіць хадзіць пехатой, як па вулках сталіцы, так і па завулках краіны. І гэта робіць яго назіральнікам ды ўдзельнікам мноства гісторый і прыгодаў. Ці варта ўсім даваць веры?..

А чаму не? Кнігу можна было б азначыць модным жанрам магічнага рэалізму, хоць аўтар надта сціплы ў магіі (памятае, што чараваць за межамі Хогвартса строга забаронена?), ён наважваецца хіба на лёгкае, амаль незаўважнае перабольшанне рэчаіснасці.

Вы ведалі, што ў партызанскіх беларускіх лясах пад кожным трэцім кустом хаваецца апарацік з змеевіком? Не, вы не так зразумелі, я ж сказала, фантазіі гэтай кнігі, на жаль, не сягаюць фантастыкі. Нос галоўнага героя нязменна вядзе яго не да лётнай прылады рэптылоідаў, а да самагоннага апарата з першачком.

Ці то менавіта пасля перамогі над змяістай прыладай, ці то проста ад нявіннага безалкагольнага пахмелля, што агортвае кожнага падарожніка пасля першай дваццаткі кіламетраў, рэчаіснасць дрыжыць і троху плыве ў свядомасці. А можа, закалыхвае нуда бадзяжніцтва. І розум спараджае фантазмы.

Каціцца калабок каціцца. Дый сустракае зайчыка… Натрэніраванага такога, мускулістага, да кончыкаў вушэй залітага тэстастэронам марцовага зайца. Ды ну нафіг такую казку. Толькі ўвярнуўся ад зайчыка-даганяйчыка, а тут самы страшны звер бабёр-нетудыпапёр. Іклы шчэрыць, да сцёгнавай косткі прымерваецца. Цудам, цудам ацалелі. Ды наўпрост у лапы азёрнага гаспадара – патлатага-валасатага лакальнага чыноўніка з глабальнай дубальтоўкай. Так і вярнуўся калабок абаранкам…

Мне больш за ўсё спадабаліся гісторыйкі пра “альтэрнатыўны” Мінск. З дзяцінства люблю яго рысу – нечакана раскрывацца паралельнымі прасторамі: строгія сучасныя гмахі – і раптам тры аўтэнтычныя вясковыя вулкі – а побач лес з зайцамі і бабрамі. Гадоў у дзесяць у самым цэнтральным цэнтры паміж ЦУМам ды Радыётэхнічным інстытутам я парвала мадняцкія штонікі-бананы, павіснуўшы на калючым дроце, знайшоўшы ідэальную закінутую “бязлюдную прастору” Крапівіна з сапраўднымі шкыдламі і йхола (не Зону, бо тады “Пікнік на збочыне” быў забаронкай). А неяк скараціўшы дарогу ад прыпынку да новабудоўлі сяброўкі, завязла з дачкой у зыбучых суглінках за пару метраў як ад прыпынку, так і ад жаданага дома – ну абсурд жа, і злая магія, і казачная паралельная прастора – і як не паверыць у мінскую снежную лавіну. Усё яшчэ здзіўляюся дзікім закуткам сталіцы, адкрываючы парталы то ў сасновы бор, то ў горад будучыні. Дарэчы, і мы з сяброўкай нядаўна амаль дайшлі да маляўніча апісаных у адным апавяданні духмяных адстойнікаў: нам, дзяўчаткам, цікава было, што за міленькія блакітныя кружочкі карагодзяць на мапе. А зайца ў лесе ля Трактарнага мой сабачка неяк падняў, шчасце, што гнаў ды не дагнаў, як бы я ад яго потым адбівалася.

Упэўненая, у многіх мясцовых чытачоў ёсць багата ўласных гісторый, што ўспомняцца і адгукнуцца пры чытанні гэтых краязнаўчых нарысаў. Лакальныя тапонімы грэюць і цешаць. Гісторыйкі не вымагаюць напружання мазгавых клемаў. Мова не раздражняе ні пафасам, ні эга аўтара. Лёгкае прыемнае чытво з мясцовым каларытам і водарам першачку.

Krysty-Krysty.

 

Пакінуць адказ