Народны каляндар школьніка. Аксана Спрынчан

Народны каляндар школьніка. Аксана Спрынчан

У чым я канчаткова заблытаўся па гэтым часе, дык у дызайне і малюнках дзіцячых кніг. Ну от, напрыклад, як пачнуць хваліць нейкую кнігу дзіцячую за яе аздабленне, а я гляджу… Як той герой байкі на вядомы атрыбут сялянскай сядзібы. Іншым разам мне падаецца, што малюнкі рабіліся не для дзяцей, а каб здзівіць дарослых: гэтай нібыта свежасцю, арыгінальнасцю… Ці вядомы расійскі лубок. Ці яшчэ нешта такое… На што глядзець сумна.

Таму пра малюнкі і дызайн гэтай кнігі ў выкананні Наталлі Арцёмавай я скажу хіба адно: мне падабаецца. Найперш таму, што стыльна і цікава, адначасова – не загрувашчана колерамі і шрыфтамі. Хоць загалоўкаў і падзагалоўкаў у кнізе бы малькоў на водмелі па цёплай вясне. Увогуле, адчуваецца, задума-канструкт аўтара супала з бачаннем гэтага канструкта ў мастака. І гэта пры тым, што пабудова кнігі – надзвычай складаная. Але выкананне такое, што ў выніку ўся складанасць пераўтвараецца ў адну вялікую цікавостку. Зусім не складаную для разумення школьнікам пачатковых класаў.

Такім чынам, адзначу першую асаблівасць кнігі, якая робіць яе непадобнай да іншых: гэта не проста чытанка-маляванка. Тут цэлы комплекс – сама гісторыя свята і вакол яго: стол святочны, звычаі, абрадавыя дзеянні; песенна-музычнае суправаджэнне; гульні і загадкі; розныя прапановы да актыўнай дзейнасці юнага чытача; гісторыя рэальная. Вядома, для вялікага свету такая кніга не навіна. Але для нашай Беларусі – відавочная навінка. У кожным разе – падобныя рэчы з’яўляюцца не часта.

Што тычыцца выбару свят і іх тлумачэнняў. І ўвогуле, ці трэба такое. Помніцца, у адной школе настаўніца пры сустрэчы расказвала, як яна з дзецьмі калядавала. А калі папрасіў распавесці пра сэнс свята, то пачуў такое, што стала вельмі сумна. Таму, бясспрэчна, такое – трэба. Настаўнікам, работнікам культуры, якія іншым разам чэрпаюць свае веды пра народныя святы з інтэрнэту, і часам у іх сцэнарыі такі вінегрэт, што хоць святых вынось.

Ведаю добра, што сам бы я такой кнігі не напісаў. Бо ж пра адны Каляды у мяне б было тэксту воз вялікі і яшчэ рэзгіны. Вось тут і выявіўся выключны талент аўтара: выбраць аснову, паказаць галоўнае, размясціць акцэнты. Так, каб не перагружаць інфармацыяй малога чытача, але адначасова выклікаць цікавасць да свята і падзеі. Гэта кніга не проста напісана – яна арганізавана, за знешняй простасцю – вялікая праца. А напісана наўпрост цікава, тэкст пададзены як даверлівая размова, у аснову ўзята самае адметнае, выключнае, і пры ўсім – запамінаецца. Факты і гісторыя расстаўленыя лёгка і нязмушана. І яшчэ немалаважнае: акцэнт зроблены на павагу да свят і традыцый. Пакуль Спрынчан прапануе, па вялікім рахунку, дзіцячыя забавы – але забавы не простыя, а напоўненыя адметным сэнсам. Забавы сезонныя, прывязаныя да пэўных дат. Што адсюль вырастае? Вось…

Ці ёсць патрэба гаварыць пра важнасць кнігі ў сэнсе далучэння чытачоў да народнай культуры ets? Скажу адно хіба: быў бы я міністрам адукацыі, была б гэтая кніга як аснова абавязковага прадмета, назавём сходу так: “Народная культура” ў малодшых класах.

Калі вы маеце пад рукой “Закон Божы” ў некалькіх кнігах, зірніце на першы том: ён пачынаецца з самых простых тлумачэнняў і дэфініцый, гэты том – для людзей з мінімальнай адукацыяй ці дзяцей-падлеткаў. А далей – ужо складаней. Міжвольнае параўнанне “Народнага календара школьніка” з першай кнігай “Закона Божага” такім чынам узнікла ў мяне зусім не выпадкова. Бо і там, і там – азы ведаў, тое, на чым грунтуецца далей веданне глыбейшае.

Гэта добрая кніга. Ва ўсіх сэнсах. І асабліва ў яе глыбіні. А на фоне той аляпаватасці (і дадам – часам элементарнай непісьменнасці) іншых дзіцячых кніг, якімі сёння перапоўненыя кнігарні (бо ж для дзяцей пісаць так проста: прыдумляй розную ахінею ды выхоўвай абавязкова, парады давай…) гэта ўзор.

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ