Мазаіка жыцця. Аляксандр Тамковіч

Мазаіка жыцця. Аляксандр ТамковічЖурналіст Аляксандр Тамковіч вядомы сваімі дакументальнымі кнігамі, у якіх у цэнтры ўвагі знаходзяцца людзі. Гэта вядомыя творчыя асобы, грамадскія і палітычныя дзеячы, а таксама тыя, чыіх імёнаў мы не ведаем, але ім ёсць пра што расказаць.

Кніга “Мазаіка жыцця” — гэта галасы людзей, якія ствараюць сучасную беларускую культуру. У кнізе 32 артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў, рэжысёраў, гісторыкаў, музыкаў, мастакоў. Кожны герой кнігі расказаў пра сябе сам, аўтар дадаў да кожнага аўтабіяграфічнага артыкула свой невялічкі ўступ. Кожны тэкст заканчваецца падборкай фотаздымкаў героя.

Спадабалася, як гераіня першага артыкула, пісьменніца Святлана Алексіевіч, адзначыла, што ёй было б няпроста апынуцца на месцы сваіх персанажаў і яна разумее, наколькі складана быць гранічна шчырым. Яшчэ і з незнаёмым чалавекам, інтэрв’юерам:

Я часам… i нават часта прыхоўваю сваё жыццё… можа, у сiлу публiчнасцi. Нельга ж увесь час жыць на сцэне, ва ўласным тэатры.

Мабыць таму і ў гэтым аўтабіяграфічным артыкуле яна больш гаворыць не пра сябе, а пра краіну, дзяржаву, людзей, эпоху, нават пра герояў сваіх кніг:

Мы часта кажам «народ — герой», «народ — пераможца», але ніхто не любiць успамiнаць, як народ прынiжалi. Гэта яшчэ цёмныя старонкi нашай гiсторыi. Нам адкрылi толькi адну грань — гераiчную.

Самы сухі і нецікавы артыкул, як мне падалося, атрымаўся ў Алены Анісім. Яна проста пераказвае падзеі ў храналагічнай паслядоўнасці, нібы піша энцыклапедычны артыкул пра сябе або дае нейкую справаздачу. Проста збор фактаў у стылі “нарадзіўся, скончыў школу, ажаніўся”. Затое фотаздымкі ў канцы падабралі жывыя.

На кантрасце з гэтым надта творча да пачатку артыкула падышоў пісьменнік Алесь Пашкевіч:

Дзяцiнства, яго непаўторнасць i незваротнасць бачыцца на жыццёвай адлегласцi. Ад самага прыйсця… Калi я зазбiраўся з’явiцца на свет, мама выбiрала бульбу. На агародзе, пад высокай чырвонай грушай… Пахла спеласцю, сонцам, тлустай зямлёй, жоўтымi вяргiнямi, макрацом i чаканнем. «Прыперчваў» усё тое аскомiсты смак падсохлага бульбоўнiку. Мне ўпершыню стала цесна i няўтульна. У баразну да выаранай бульбы падалi саспелыя чырвоныя грушы (рэдкi гатунак), а ў мамы забалеў жывот. Яе адвезлi ў бальнiцу ў Слуцк, дзе яна, збiраючы сiлы, нават змагла паспаць. А вечарам 11 верасня 1972 года i з’явiўся я. I закрычаў. Мне хацелася сонца i малака…

Прыемным адкрыццём стаў артыкул Наталлі Гардзіенкі. Яна кандыдат гістарычных навук, займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі. Я неаднаразова сутыкалася з яе кнігамі, але ўпершыню даведалася столькі цікавых фактаў пра яе жыццё. Гэта чалавек, які сапраўды захоплены сваёй справай і ўмее цікава пра гэта расказаць. Яна адназначна можа натхніць на далейшае знаёмства з беларусамі замежжа.

У Адама Глобуса мне давялося прачытаць шмат біяграфічнага яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце, паколькі ён адзін з герояў маёй сціплай навуковай дзейнасці, але і ў гэтай кнізе знайшліся цікавыя гісторыі, якія робяць яе ўнікальнай:

Пачаў я вучыцца ў 73-й школе — звычайная, то бок без розных ухiлаў. Плюсам з’яўлялася блiзкасць да цэнтра, таму ўзровень больш-менш. А мiнусам стала тое, што настаўнiцай у нас была казачка, якая не ведала беларускай мовы, i калi я прынёс дамоў сшытак, дзе было напiсана: «Кравец крыет кроўлю. Шыбенiк устаўляет шыбы», бацькi паднялi скандал на ўсю школу. Высветлiлася, настаўнiца думала, што беларуская мова вельмi простая i прымiтыўная. Маўляў, яе можа выкладаць любы, хто пажадае…

Максім Жбанкоў падзяліўся вайсковай гісторыяй з рубрыкі “гэта настолькі сумна, што нават смешна”:

Яшчэ ў вучэбцы адзiн з маладых салдат скончыў жыццё самагубствам — не вытрымаў новых умоў жыцця. Пасля таго я трапiў пад пiльную ўвагу нашага зампалiта. Доўга не мог зразумець — чаму. Высветлiлася гэта ў размове з iм падчас прыезду бацькоў. Аказалася, я трапiў у спiс небяспечных ды схiльных да суiцыду, бо «часта хадзiў у бiблiятэку»…

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка раскрыў колькі цікавых фактаў пра тое, як працуе Беларусьфільм. Здавалася б, тут усё і так зразумела, банальна, нават прадказальна. Нічога новага, але на канкрэтных прыкладах гэты абсурд выглядае яшчэ больш страшна. Напрыклад, як жанчына з планавага аддзела не пускала рэжысёра здымаць у старажытнай капліцы ў Пружанскім раёне, матываваўшы гэта тым, што могілак і тут пад Мінскам хапае. І патрабаванні старажытнасці мясцовасці яе не цікавілі.

Віктар Марціновіч нечакана мала расказваў пра сябе ці кнігі, але шмат пра вандроўкі і падарожжы.

Мінусамі кнігі магу назваць яе ў дрэнным сэнсе “разнастайнасць”. Героі расказвалі пра сябе самі, адпаведна ў кагосьці атрымалася захапіць, а хтосьці зрабіў схематычную адпіску паводле дат і фактаў. Ну і памылкі. Асабліва крыўдна было за няправільна напісаныя прозвішчы ці назвы твораў. Напрыклад, адзін з маіх філфакаўскіх выкладчыкаў, мовазнаўца Сяргей Запрудскі, стаў Запруцкім, а бельгійскі пісьменнік Марыс Метэрлінк — Матэрлінкам. Раман Віктара Марціновіча пазначаны як “Студзёны вырай”, а песня Віктара Шалкевіча замест “Гарадоцкага” стала “Гарадокскім рамансам”.

І наступны сказ выклікаў пэўныя пытанні:

Да нашай сямiгодкi ад дому было паўтара кiламетра, i пакуль iшоў, то, напрыклад, прачытаю па дарозе тое ж «Беразiно» i на ўроку магу расказаць яго на памяць.

Што гэта за загадкавае “Беразіно” згадвае мастак Васіль Шаранговіч? Падазраю, што там мелася на ўвазе “Барадзіно”. Я чытала электронную кнігу, можа такая памылка з’явілася пасля сканавання. Цікава, што там на паперы. І гэта далёка не ўвесь спіс памылак.

Але пачытаць кнігу раю, паколькі такія выданні заўсёды дапамагаюць крышку больш даведацца пра вядомых асоб, зазірнуць у іх жыццё і творчую кухню. Магчыма, вы адкрыеце для сябе нейкія новыя імёны.

Лапцi на сцяне ў раённым краязнаўчым музеi, прыпеўкi ды полька на сцэне на Дажынкi, Свята беларускага пiсьменства для галачкi раз на год — вось такi сённяшнi ўзровень разумення ўладамi беларускай культуры i такая ў ёй дзяржаўная патрэба. Але ж цi з’яўляецца гэта сапраўднай беларускай культурай? Культурны кантэнт робiцца ў грамадстве, у народзе, за мяжой — дзе заўгодна, але не там, дзе прысутнiчае аўтарытарная дзяржава. Без усялякага спрыяння i нават насуперак ёй. Забароненыя музычныя канцэрты, скалечаныя мастацкiя выставы, выкiнутыя са школьных праграмаў мастацкiя творы, замоўчаныя ў дзяржаўных мас-медыя iмёны, урэшце творцы, якiя з палiтычных матываў апынулiся за кратамi, — вось сапраўднае аблiчча беларускай культуры. Гэта такое нашае сённяшняе суровае жыццё.

Xbohx.

Пакінуць адказ