Мае вандроўкі з капітанам Вячоркам. Ася Беларуска

Мае вандроўкі з капітанам Вячоркам. Ася БеларускаМне падабаецца чытаць такія кнігі – там, дзе праз два-тры абзацы ці на першай старонцы тэксту, ты разумееш: гэта кніга без прэтэнзій. Аўтар яе не збіраўся са звярынай сур’ёзнасцю нешта нам паказваць, раскрываць, ускрываць і глыбока капаць. Зрэдчас такія кнігі яшчэ сустракаюцца. Аўтар прабачае сабе пэўныя нестыкоўкі і вольнасці і просіць нас зрабіць тое ж. Бо ж аўтар пісаў таму, што яму самому было цікава.

Аўтарка кнігі пра касмічныя вандроўкі прыдумала сваю гераіню – і запісвае яе прыгоды. Пасля дзеліцца ў сваім блогу кожным новым эпізодам. (Зараз Ася Беларуска пакрысе выкладае другую частку прыгод,  (вось тут https://t.me/fantastyka_knihi) мяркую, будзе ў нас магчымасць пазнаёміцца з усім разам.)

Такім чынам, маем фантастыку) Хай гэта будзе і асаблівая, нечым наіўная, нечым, асмелюся сказаць так – дзявочая, ды зусім не дзіцячая, але фантастыка. Уся кніга – асобныя прыгоды, падчас якіх перад намі пакрысе раскрываюцца галоўныя героі – капітан Вячорка і штурман Марылька. І ўсё вастрэй пачынае гучаць пытанне аб тым, ці насамрэч людзі жылі некалі на адной планеце пад назвай Зямля…

Дарэчы, сама гераіня жыве на планеце з назвай Зялёная Вільня. Ды і мноства іншых заселеных планет маюць назвы вельмі “зямныя” і гэта нечакана кранае.

Мінус тэксту – адсутнасць добрага рэдагавання. Мо гэта ўжо і прафесійная дэфармацыя, але ж мне рэжуць вока памылкі. Ну, але ў наш час – прабачаем.

Плюс кнігі – у разнастайнасці гісторый. Тут ад самых простых прыгод, якія і прыгодамі не назавеш адразу, да сапраўды цікавых сітуацый. Як прыклад –  гісторыя з заблытаным часам. Трошкі аж вусцішна было: а вось каб раптам мы самі патрапілі ў такі час? Цікавая задума, між іншым. Няблага з вуснаў капітана Вячоркі гучаць трансфармаваныя часам легенды і паданні – нашы каторыя, зямныя, і новыя. І ўжо чакаеш каментарыя Марылькі, таму што іншым разам яе думка-выснова аб пачутым ўражвае…

Спроба пісаць тарашкевіцай. Не лічу гэта вялікім плюсам, але ж у размове з аўтарам выявілася, што мова тут мая сваю доўгую гісторыю, якую нельга мяняць. Зрэшты, як свая гісторыя і ў псеўданіма аўтаркі.

Разумею, які сёння сэнс аматары фантастыкі укладаюць і гэта слова, якія патрабаванні выстаўляюць. Але… хай будзе ў нас фантастыка самая розная. І будзе самая розная літаратура. Перафразуючы вядомае, скажам так: хай будзе ўсё, абы было цікава. Гэта кніга напісана досыць цікава, ёсць у ёй іронія і самаіронія, ёсць трошкі загадкавасці, ёсць непасрэдная шчырасць. Да ўсяго – дастаткова добрая для чытання мова.

Хай будзе. Хай чытаюць людзі. І хай пішуць.

В. Г.

Сама кніга знаходзіцца тут.

Пакінуць адказ