Магабгарата. Выбраныя аповеды. (Ігар Кулікоў)

У скарбніцу беларускай перакладной літаратуры

Гісторыя падарыла нам колькі вялікіх твораў, без якіх нельга ўявіць сусветную культуру — помнікі чалавечай думкі, што сталіся не толькі нацыянальнымі шэдэўрамі, але здабыткам усяго чалавецтва. І гонарам для кожнай краіны з’яўляецца магчымасць знаёміцца з імі на сваёй мове. Часта такой справай займаюцца буйныя інстытуцыі, бо работа гэта складаная і энергаёмкая, але бывае так, што за яе бяруцца рупліўцы, якія лічаць унутраным абавязкам узяць на сябе такую важную задачу.

Ужо колькі гадоў у гэтым кірунку плённа працуе перакладчык Ігар Кулікоў. Менавіта дзякуючы яму мы маем магчымасць прачытаць па-беларуску «Рыгведу. Кола І», «Аповед пра Шакунталу», «Воблачны вястун» Калідасы, а зараз і выбраныя аповеды з першага вялікага эпасу Індыі «Магабгарата».

Перакладчык да справы сваёй падыходзіць з акадэмічнай грунтоўнасцю, у чым можна пераканацца пазнаёміўшыся з уводзінамі, дзе Ігар Кулікоў на 67 старонках тэксту знаёміць нас з гісторыяй «Магабгараты», паэтычнымі памерамі, у якіх выкананы твор, і асаблівасцю перадачы іх на беларускай мове, а таксама спыняецца на асаблівасцях перакладу эпічнай паэзіі.

Варта зазначыць, што Ігар Кулікоў абазнаны не толькі ў санскрыце, але і ў стараангельскай, стараісландскай і стараславянскай мовах. Добрае веданне старажытных эпасаў, а таксама рэтраспектыўны пагляд на развіццё беларускай мовы дазволілі падыйсці да перакладу з адпаведным інструментарыем, як раз прыстасаваным для пастаўленай задачы.

З першых шлокаў (двухрадкоўяў, якімі напісана Магабгарата) перад намі разгортваецца вялікі тэкст індыйскай культуры, а праз пэўную архаізацыю мовы беларускай, ствараецца арганічная атмасфера прысутнасці ў тых далёкіх часах, калі быў напісаны твор:

Аповед пра Паўш’ю.

Частка 3.

13. Падышоў да Сомашраваса, Джанамэджая, сын Парыкшытаў, вырашыў ўзяць яго за ачольніка.

14. Пакланіўшыся таму рышы, ён прамовіў: «Багавіты, хай твой сын будзе маім ачольнікам!»

15. Пачуўшы гэта, той адказаў: «О Княжа, мой сын нарадзіўся ад зьмяі. Вялікі жарбіт і бездакорны вучань, ён быў  зачаты сілаю маёй жарбы і вырас у чэраве той зьмяі, што выпіла майго семені. Ён зможа суняць любы ўчынены табою грэх, акрамя злачынства супраць Вялік-бога. Аднак мой сын даў адзін таемны зарок: калі які-небудзь брагман што-небудзь у яго папросіць, то ён яму тое і аддасць. Калі гэта не пужае цябе, то бяры яго!.

Вось як тлумачыць свой падыход да працы сам Ігар Кулікоў: «…дадзеная кніга — гэта перадусім паэтычнае перастварэньне, і, працуючы над ёй, перакладчык бачыў сваёй галоўнай задачай стварыць падобны да санскрыцкага паэтычны тэкст, які б гучаў так, нібыта МБ [«Магабгарата» — заўвага аўтара] была ад пачатку складзена ў беларускай мове. Гэтым абумоўлена і імкненьне захаваць зыходныя  паэтычныя памеры, і перакладанне некаторых санскрыцкіх слоў, якія звычайна пакідаюць у трансьлітарацыі, і пэўная вольнасць у абыходжаньні з формуламі і формульнымі выразамі, якія ў беларускім варыянце далёка не заўжды знаходзяцца там, дзе ў выточным тэксце».

І сапраўды, калі чытаеш пераклад, узнікае адчуванне, што на беларускую мову ён быў пераствораны не зараз, а ў пару старажытных багоў і эпічных тэкстаў, якіх так не стае беларускай літаратуры, з лексікай высокага стылю і такім нязвыклым, але інтуітыўна блізкім словаўтварэннем.

 Аповед пра рыбу.

Частка 185.
2.  Быў Вівасватаў сын Ману, велярышы магутлівы,
Прародзічу равён бліскам, о найлепшы між бгаратаў.
3.  Магутою, жарбой, палам і красою Вайвасвата
перавысіў свайго дзеда, а таксама свайго айца.
4.  Узьняўшы ўгару рукі, на адной назе стоячы,
у слыннай ён у Бадары суворую чыніў жарбу.

Зразумела, што падобны тэкст не можа абысціся без навуковага каментара. І сапраўды, ледзь не пад кожнай старонкай вы знойдзеце  інфармацыю пра згаданых у творы асоб і тлумачэнні паняткаў, калі яны не прыведзены ў тлумачальным слоўніку напрыканцы выдання.

Тэкст «Магабгараты» мае свой сюжэт, але для яго поўнага раскрыцця, нават праз урыўкі, не кажучы пра ўвесь аб’ём, прыйшлося б укладаць адразу некалькі важкіх тамоў, таму перакладчык гэтым разам сканцэнтраваў сваю ўвагу на найцікавейшых устаўных аповедах, якія прадставілі знакаміты эпас праз сваю жанравую разнастайнасць і шматлікія пабочныя гісторыі. Асноўны сюжэт не застаўся без увагі, так, у кнізе ён прадстаўлены праз «Аповед пра горца» і «Плач Гандгары», але ў слове «Ад перакладчыка» Ігар Кулікоў удакладняе: «…з гэтага зборніка чытач амаль нічога не даведаецца пра асноўныя падзеі МБ (калі толькі не прачытае «Кароткі зьмест» ва ўступе), але затое пазнаёміцца зь міталёгіяй і рэлігійна-этычнымі поглядамі тагачаснай Індыі, а такама зь яе старажытнай паэзіяй».

«Магабгарата» — чытво не на кожны дзень, як і любы вялікі твор, ён вымагае часу і ўвагі, і я шчыра раю выдаткаваць іх для таго,  каб пазнаёміцца з гэтым літаратурным помнікам, каб адчуць веліч старажытнаіндыйскай культуры і фенаменальную пластычнасць беларускай мовы. І першае, і другое прынясуць вам сапраўдныя адкрыцці і эстэтычна-інтэлектуальную асалоду.

Хочацца падзякаваць Ігару Кулікову за праведзеную працу, бо менавіта такія кнігі ў будучыні будуць уваходзіць у новыя акадэмічныя серыі літаратурных помнікаў па беларуску, без якой ніводная нацыя не можа сябе лічыць сапраўды далучанай да скарбонкі сусветнай культуры.

Міхаіл Бараноўскі.

 

 

 

 

 

 

Пакінуць адказ