Скарбы народнай мудрасці
На працягу стагоддзяў казачнае слова перадае мудрасць продкаў ад аднаго пакалення дзяцей да другога. І нават сёння, калі крыніц інфармацыі хапае, казка застаецца першым правадніком у таямнічыя сусветы, дзе праз розныя маральныя і фізічныя выпрабаванні чалавек вучыцца дабрыні і справядлівасці.
Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыў свет зборнік шэдэўраў беларускага фальклору, названы па аднайменнай казцы — «Людзей слухай, а свой розум май». У выданне ўвайшлі арыгінальныя творы, знаёмыя кожнаму беларусу з дзяцінства.
У зборнік уключаны творы трох відаў — казкі пра жывёл («Лёгкі хлеб», «Зайкава хатка», «Коцік, пеўнік і лісіца», «Пшанічны каласок», «Чаму ліса і воўк званка баяцца», «Сабачая грамата», «Музыкі»), чарадзейныя казкі («Два маразы», «У ноч на Івана Купалу», «Каваль-Асілак», «Піліпкасынок») і сацыяльна-бытавыя казкі («Людзей слухай, а свой розум май», «Залаты пярсцёнак», «Як вядзьмар на зоры глядзеў», «Крадзеным сыты не будзеш», «Папоўская прагнасць», «Як мужык царскага генерала правучыў») у апрацоўцы Якуба Коласа, Алеся Якімовіча і Уладзіміра Касько.
Гісторыі пра жывёл, на першы погляд, здаюцца наіўнымі. Аднак за гэтым хаваюцца старадаўнія назіранні за навакольным светам і жыццёвая мудрасць. Знаёмыя вобразы хітрай лісы, тугадума мядзведзя, сквапнага ваўка ці звычайнай вароны ілюструюць грамадскія стасункі і зборныя рысы характару людзей, не абапіраючыся на пэўныя прамежкі часу. Дзецям вельмі лёгка прымераць такія вобразы на сябе, і дзякуючы гэтаму яны лёгка распазнаюць, дзе дабро і зло, праўда і хлусня. Праз іерархічную падначаленасць у жыцці лясных насельнікаў казачнікі адлюстроўваюць стасункі людзей, дзе высмейваюцца сквапнасць, ілжывасць і хцівасць, а захапляюцца тымі героямі, якія дапамагаюць сябрам у бядзе, вылучаюцца смеласцю і шчырым сэрцам.
У чарадзейных казках на першым месцы — імкненне чалавека спазнаць таямніцы прыроды, палепшыць жыццё простага народа і знайсці сродкі, каб перамагчы зло, у якім выглядзе яно б ні было. Дзякуючы фантастычным аповедам нашых продкаў чытач пабывае ў трыдзявятым царстве, сустрэнецца са смелымі волатамі і рознымі пачварамі, якія насяляюць казачныя сусветы.
Сацыяльна-бытавыя казкі адлюстроўваюць складанае жыццё сялян, напоўненае штодзённымі выпрабаваннямі і несправядлівасцю. Аднак гэтыя простыя людзі не скардзяцца на лёс, а смела шукаюць выйце з любой сітуацыі, спадзяючыся на свой розум, кемлівасць і народную мудрасць. Нягледзячы на тое, што сяляне жывуць бедна, не могуць вучыць у школах сваіх дзяцей і працуюць за кавалак хлеба, яны вераць у лепшае, а ў спрэчках заўсёды перамагаюць сваіх прыгнятальнікаў.
«Беларуская казка спалучае ў сабе веліч сапраўднага таленту з прыгажосцю ўяўленняў народа пра жыццё, пра чалавека, пра дабро і зло. Велізарная цікавасць да яе невыпадковая. Яна абумоўлена высокімі ідэйна-мастацкімі адметнасцямі», — піша ў прадмове Уладзімір Касько.
Выданне ўпрыгожваюць чароўныя ілюстрацыі Дар’і Чарняўскай, якія надаюць кнізе таямнічасць і глыбіню, асаблівы настрой. Зборнік стане незаменнай часткай урокаў пазакласнага чытання, а таксама падыдзе для цёплых сямейных вечароў ці ў якасці падарунка.
