Люстра, голка і праўда
Чаго толькі ні сустрэнеш на дне паэтавай душы! І таўбінскую «рыбу ў нераце», і ахматаўскія «лопухи и лебеду», ці вось, прыкладам, такі нетрывіяльны набор: люстра, голка, праўда. Той, хто піша прадмову да зборніка вершаў, павінен, думаецца, адшукаць і перадаць чытачу своеасаблівы ключ ад кнігі — вось так гэта адчыняецца. Мой «Лотас на асфальце» адчыніўся першым вершам.
Цяпер я пачакаю, пакуль чытач адкрые першую старонку зборніка і прачытае гэты верш — «Там».
Можна працягнуць — зараз і ў мяне, і ў чытача агульны, хаця і абмежаваны, набор інструментаў. Люстра, голка, праўда.
Насамрэч — універсальны інструментарый ад чаго заўгодна.
Што мы бачым у люстры верша? Рознае. Нехта бачыць сябе — і толькі дзеля гэтага адкрывае паэтычны зборнік, каб адшукаць свае перажыванні, пачуцці, эмоцыі, прадчуванні, выказаныя натхнёным звыш паэтам. Нехта бачыць час — падзеі ў іхнай афарбоўцы, «атмасферу», сатканую з алюзій і дэталяў тваёй і аўтарскай сучаснасці. Нехта бачыць канцэпт — каханне, смерць, спатканне ці развітанне ў дакладнай, крыштальна зразумелай (альбо складана зашыфраванай) фармулёўцы. У люстры вершаў Алеся Плоткі мы бачым іх Аўтара.
Для мяне гэта — вельмі важны досвед: прачытаць выключна аўтарскую паэзію, вершы, якія не дазваляюць чытачу залезці ў ботах і палітоне ў аўтарскі сусвет. Ён адмежаваны ад «іншых» сістэмай запазычанняў і барбарызмаў, нечытэльных уголас, але прысутных у тэксце графем, незвычайных метафар, пабудаваных выключна на «плоткаўскі» манер, сукупнасцю дэталяў, узятых жыўцом, без «псеўдапаэтычнай» апрацоўкі, наўпрост з аўтарскага «сёння». Здаецца, ты яго бачыш, гэты пабудаваны аўтарам сусвет, але папасці туды немагчыма, бо — люстра.
Ну, хіба ты адшукаеш няшчыльна падагнаны радок і праслізнеш туды, бы голка. Альбо ў добра падагнаным радку раптам з літасці аўтара сустрэнецца агульназразумелая спасылка на падзею, персону, цытату, якая адгукнецца і табе. Гэтыя спасылкі раптоўна асвятляюць тэксты надзеяй, уласцівай лабірынту: о, нам — сюды! Кніжнік Максім, сена, размеценае на асфальце, гламурныя літвіны, аста-Чапскі-ла-віста: раптоўнае, нібы вастрыё голкі, паразуменне з аўтарскай манерай будаваць метафару раскрывае ўвесь верш, дазваляе і табе далучыцца да агульнага блукання ў сістэме люстраў, дзе адбіваецца чалавек і ягоны свет.
Уласна кажучы, гэта і ёсць праўда Алеся Плоткі: паэтычнае выказванне перш за паразуменне, запрашэнне да агульнага блукання замест гульні ў «паэтычныя паддаўкі», прапанова далучыцца да шыфраў, знайсці агульныя коды, якія раней вам прыносілі на сподачку, а тут — паспрабуй адшукай. Праўда люстра, праўда голкі.
Тое, што ляжыць на дне паэтавай душы.
Ганна Севярынец.
(з прадмовы да кнігі)