
Ваш рогат пачуюць нават суседзі! Гэта ТОП!
Такіх незвычайных твораў у сучаснай беларускай літаратуры надзвычай мала.
Сюжэт, персанажы, мова — усё атрымалася выдатным, як на мой погляд; менавіта такім, што адрознівае аўтара ад усіх іншых, робіць яго творы асаблівымі, не падобнымі ні на што іншае.
Фабулу апісваць не буду. Жанр складана вызначыць. Гэта быццам бы дэтэктыў, недзе трылер, але месцамі камедыя, дзе-нідзе сатыра, але ж уважлівы чытач знойдзе тут і драму, і трагедыю.
“Локісаў” чытаецца лёгка, хутка. Дакладна будзе смешна ажно да слёз. Але застануцца нейкія ранкі, нейкія думкі, што доўга будуць яшчэ круціцца ў галаве, а потым… зробяць цябе трошачкі іншым. Будзе і сумна, і недзе нават балюча. А яшчэ — трохі страшна, нават вусцішна.
Калі ёсць пытанне “Што пачытаць?” — гэту кнігу Артура Клінава я дакладна раю.
Яна глыбей і складаней, чым можа падацца з першых старонак. Важная. Пра нас і наш свет — той, што звонку, і той, што ўнутры.
…Калі смех заціхне — Вы застенецеся сам-насам з сабой. І смешна ўжо не будзе.
Хто такі Артур Клінаў? Падрабязны адказ заняў бы некалькі пастоў. Калі сцісла, то мастак, дызайнер, акцыяніст і стваральнік арт-вёскі Каптаруны, дзе праходзяць разнастайныя імпрэзы. А яшчэ – пісьменнік, які мае ў бібліяграфіі некалькі кніг. Адна з іх, “Локісаў”, выйшла ў 2020, атрымала прэмію “Гліняны Вялес” і трапіла ў шорт-ліст прэміі Гедройца.
ЗАВЯЗКА: Антон Локісаў прыязджае ў правінцыйны пасёлак, які застыў у савецкім часе. Візіт не застаўся незаўважаным: туземцы лічаць яго “локісам” (пярэваратнем, які пераўвасабляецца ў мядзведзя). А мясцовы следчы на поўным сур’ёзе хоча павесіць на яго забойства – і гэта толькі пачатак праблем.
📌 Локіс – не новы персанаж у літаратурнай традыцыі. Найбольш вядомым творам пра мядзведзя-пярэваратня з’яўляецца аднайменная навэла Праспэра Мэрымэ. Дарэчы, такі сюжэт нават быў экранізаваны ў Беларусі: у 2010 выйшаў фільм “Масакра”, які адразу ахрысцілі “бульба-хорарам”.
📌 Плюсам твора з’яўляецца лёгкасць. Мяркую, ён ідэальны зойдзе тым, хто толькі пачынае азнаямленне з беллітам. Ніякай цягамоціны – дэтэктыўны сюжэт, шчора прыпраўлены гумарам, іроніяй і сарказмам. Прысутнічаюць мацюкі, лютая трасянка, такія-сякія сцэны для дарослых, таму цэнз 18+.
📌 Пасля выхаду кнігі пісьменнік казаў у інтэрв’ю, што яго цікавіць ідэя лакальнага “майдана” у межах невялічкага паселішча. І сапраўды, гэтая фантазія чырвонай лініяй праходзіць праз сюжэт. У некаторым сэнсе твор выйшаў нават прароцкім.
📌 Пасля гэтай кнігі паўстала пытанне: чаму ўся лухта адбываецца менавіта ў Беларусі? То Хрыстос прызямліцца ў Гародні, то пярэварацень з’явіцца (?) у балотах… І я яшчэ маўчу пра Завальню з яго фантастычнымі апавяданнямі 😀
АДЗНАКА: 7 🌰 з 10. Наш адказ “Графу Дракуле”.

