Юнацкія прыгоды на Палессі
Кніга «Лета на Зачараваным балоце» ўбачыла свет у мінулым годзе ў Выдавецкім доме «Звязда». Выданне прадстаўлена ў серыі «Казкі Кніжнай феі» і прэзентавана як раман-казка для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Канешне, тут можна не пагадзіцца, бо старшакласнікі, якім нават па школьнай праграме даводзіцца чытаць сур’ёзныя творы Караткевіча, Быкава, Талстога і Дастаеўскага, могуць не звярнуць увагу на казачную гісторыю. А вось сярод вучняў сярэдняй школы кніга будзе запатрабавана.
Старажытнагрэчаскія, скандынаўскія, егіпецкія легенды і паданні шырока вядомы ва ўсім свеце і сталі асновай для шматлікіх кінастужак, музычных кампазіцый і літаратурных выданняў. Творы, прысвечаныя славянскай міфалогіі, зусім нядаўна пачалі набіраць папулярнасць. Далёка не ўсе тэмы раскрытыя, а героі старажытнага эпасу нашай зямлі схаваны ў таямніцах гісторыі. Таму кожны твор, насычаны духам славянскай міфалогіі, прываблівае нават прыхільнікаў класічных літаратурных жанраў.
Раман-казка «Лета на Зачараваным балоце» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой знаёміць юнага чытача з міфічнымі істотамі палескага балота — цмокам Дарункам, ведзьмай Кларынай, балотніцай Багнэсяй, кікімарай Кікі і іншымі. Галоўныя героі Андрэй і Юля — звычайныя падлеткі, якія прыехалі з Мінска на Палессе, каб наведаць бабулю і дзядулю, якіх доўга не бачылі. Менавіта так думалі іх бацькі, калі пачулі ад дзяцей, што тыя не хочуць на мора, а паедуць на усе летнія канікулы ў вёску. Аднак у падлеткаў была свая матывацыя — ахвяраваць марскім адпачынкам і на тры месяцы акунуцца ў атмасферу палескай глушы. Яны імкнуцца на Зачараванае балота, якое мае дзівосную таямніцу. Яго гаспадар Багнік раней быў звычайным вясковым жыхаром, аднак жыццё ў чалавечым свеце не склалася і ён назаўжды сышоў у балотныя нетры. Тут Багнік нарэшце знайшоў сваё шчасце, ажаніўся з кікімарай Кікі, а іх дзеці Балоця і Кіма пасябравалі з Юляй і Андрэем, з чаго і пачаліся неверагодныя падзеі, якія на доўгі час аб’ядналі балотных жыхароў і людзей.
Першая частка рамана ў большасці прысвечана знаёмству чытача з правіламі і законамі жыцця Зачараванага балота, яго насельніцтву і цесным сувязям, якія звязваюць галоўных герояў. Тут пісьменніца раскрывае тэму сяброўства, першага кахання, надае шмат увагі вобразнасці і маляўнічаму апісанню падзей і асоб.
У рамане няма жорсткага дзялення на добрых і злых герояў — у кожнага свая матывацыя, свае ўнутраныя супярэчнасці і глыбокія перажыванні. Маляўнічае апісанне знешнасці і краявідаў крыху скрала індывідуальнасць герояў, з-за чаго некаторыя традыцыйна «добрыя» персанажы застаюцца невыразнымі. Аднак гэта не моцна ўплывае на якасць сюжэту, бо акцэнт у рамане робіцца не на індывідуальным, а на калектыўным.
Плаўная лінія аповеду набірае моц у другой частцы рамана, калі на балоце пачынаюць здарацца дзіўныя рэчы. Сустрэчы, якіх не было, размовы, што не засталіся ў памяці, прывіды, якіх ніхто больш не бачыў. Гэта на Зачараванае балота наведалася Мроя — страшная істота ў вобразе маладой дзяўчыны, якая доўгія тысячагоддзі жыве недзе ў бяздонных глыбінях, а потым прыходзіць на балота па ахвяры. Балотныя жыхары вырашылі мужна змагацца з напасцю, а Юля з Андрэем не змаглі пакінуць сяброў у бядзе.
Раман насычаны сюжэтнымі лініямі і асабістай драмай герояў. На фоне містычных падзей і балотных краявідаў разгортваюцца гісторыі сапраўднага кахання, моцнага сяброўства і шчырай самаахвярнасці. Пісьменніца аб’ядноўвае два сусветы, якія па законе Несудакранання не павінны сутыкацца. З-за гэтага галоўным героям давядзецца прайсці праз шэраг выпрабаванняў, дзе рашэнні трэба прымаць і розумам, і сэрцам.
Вельмі эмацыянальны сюжэт можа прымусіць заплакаць нават самых стойкіх. Адкрыты фінал з інтрыгай дае падставу для разважанняў і здагадак, таму кожны чытач можа прыдумаць свой працяг таямнічай гісторыі і вырашыць праблему несудакранання па-іншаму.
Магчыма, у будучым мы ўбачым дзіцячыя сачыненні ці нават фанфікі, натхнёныя казачнай атмасферай Зачараванага балота.
Тым, у каго дрэнна з візуалізацыяй герояў, на дапамогу прыйдуць яркія фантастычныя ілюстрацыі Галіны Івановай. Кожны персанаж быццам ажывае ў таленавітых малюнках майстра.