Лета з цмокам Цвыркуном. Наталля Бучынская.

Наталля БучынскаяРасказваю пра кніжную навінку, якая дакладна захопіць сучасных дзетак. “Лета з цмокам Цвыркуном” – яркая кніга па змесце і мастацкім афармленні. Яна складаецца з дзвюх розных казачных гісторый “Гіпермаркет у падарунак” і “Лета з Цмокам Цвыркуном”, а таксама цудоўных малюнкаў, якія выканала ілюстратарка Крысціна Пержукова.

Першая гісторыя выглядае дастаткова рэальна. Хлопчык Алежка меў дома шмат цацачных машын, верталётаў, караблёў і канструктараў, але кожны раз, пераступаючы парог крамы, ён зашываўся ў аддзеле з цацкамі і прагнуў набыць усе. Аднойчы здарылася так, што хлопчык падчас капрызаў каля касы надарваў пакуначак з жэлацінавымі цукеркамі, з якога выпаў яшчэ адзін галоўны герой кнігі – жэлацінавы чарвячок.

У хлопчыка і чарвячка былі свае асабістыя гісторыі, але ў пэўны момант іх шляхі перакрыжаваліся. Яны пасябравалі і дапамаглі адзін аднаму. Паўзунок адкрыў для сябе вялікі і небяспечны свет гіпермаркета, а Алежка зразумеў, што самым галоўным для яго з’яўляецца не бавіць час сярод цацак у краме, а быць з роднымі людзьмі. Вось такая актуальная і павучальная казка.

Якія цікавыя прыгоды надалей чакаюць галоўных герояў? Пісьменнік пакідае чытачам магчымасць для фантазіі і самастойнага прыдумвання працягу.

У другой гісторыі “Лета з Цмокам Цвыркуном” таксама два галоўных героі: хлопчык Стасік і Цмок. На малюнку па знешнім выглядзе Цмок падобны да Лепельскага цмока, які створаны па апісанні Уладзіміра Караткевіча. У нашай казцы цмок жыве глыбока пад зямлёй у вялізнай пячоры. У расказе смешна паказваюцца экскурсаводы і цікаўныя турысты, якія ходзяць па пячоры, а сапраўднага жыцця не заўважаюць. А дзесяцігадовы хлопчык Стасік выбраўся самастойна ў вандроўку “павыжываць у дзікай прыродзе” і пабачыў шмат усяго ўнікальнага. Вядома, яму вельмі пашанцавала, бо ягоным экскурсаводам стаў пячорны цмок. Але і сам Стасік быў адкрыты на прыгоды і нестандартныя экскурсійныя маршруты. Цмок вельмі адукаваны і таленавіты, бо ўмее чытаць і маляваць. Ягоныя малюнкі турысты прымаюць за старажытныя наскальныя малюнкі. Самыя вясёлыя моманты ў гісторыі, якія дакладна спадабаюцца дзеткам: знаёмства хлопчыка і цмока, тлумачэнне, чаму Цмока завуць Цвыркуном, а таксама, як Стасеў бацька ўзлез на елку з біноклем, каб праверыць, як там сынок выжывае ў дзікіх умовах.

Кніга выдадзена ў выдавецтве “Беларусь” і адрасуецца дзеткам для малодшага школьнага ўзросту. Фармат выдання нестандартны і вельмі мілы. Кніга “апранута” ў яркую цвёрдую вокладку, і няма ніводнай старонкі без займальнага малюнка. Цудоўная кніга для нашых дзетак-кветак!

Таццяна Сапега

 

Пакінуць адказ