Круцель-трава. Зборнік

Зборнік «Круцель-трава»

Магчыма я памыляюся, але калектыўныя зборнікі/альманахі ў камерцыйным плане справа амаль безнадзейная. Грошы на іх звычайна выдаткоўваюць арганізацыі/фундатары, як на падсумаванне нейкага конкурсу, навучальнага года, калі размова ідзе пра школку, альбо як на альманах пэўнай супольнасці, каб прадставіць яе творчасць і ў рэдкім-рэдкім выпадку стварэнне падобнага выдання з’яўляецца прыватнай ініцыятывай. Але ёсць у гэтай (безна-)дзейнасці свая прыцягальнасць – суб’ектыўнасць і пазасістэмнасць. Суб’ектыўнасць прадыктавана аўтарскім бачаннем укладальніка і колам аўтараў, якая знаходзіцца ў полі яго зроку, а пазасістэмнасць – (ад)вольнай кропкай, з якой разгортваецца падобная ідэя.

Не ведаю, усёй гісторыі, але падазраю, што думка стварыць зборнік выявілася сярод актыўных удзельнікаў “ЛабаРаторыі паэтычнай метафізікі”. А, лакаматывам выступіў – Дзяніс Мацеша.

Дзяніс (рэспект укладальніку) прапаноўваў даць тэксты ў альманах і мне, але я дэпрэсаваў(-сую) і не падпісаўся на гэтую справу. Падтрымаю водгукам…

Задаць альтэрнатыўную прастору для самавыяўлення – вялікая справа. Выдатна, што з’явілася новае месца дзе могуць праявіць сябе пачынаючыя літаратары ў зорнай кампаніі. Толькі чакаць (і стваральнікам і чытачам), што на кожнай старонцы будзе шэдэўр і геній – дзіўна. Ці трэба гэта выданне творцам – канешне. Апублікваўся ўпершыню – малайчына, гэта патрабуе смеласці, але будзь гатовы, што прыляціць і хутчэй за ўсё нават справядліва. Што зробіш, калі назваўся грыбам, то будзь гатовы, застацца без ножкі. Ці трэба гэта выданне чытачам – дзе яшчэ шукаць новыя для сябе імёны, як не ў калектыўных зборніках?..

Безадносна “Круцель-травы” (хаця яна і так ў сподзе размовы), але лічу, што апублічаную творчасць “ацэньваць” трэба строга (пажадана б адэкватна, але) – хваліць за ўдалае, падтрымліваць – калі бачыш перспектыву, крытыкаваць, калі адчуваеш, што крытыка можа быць карыснай… не хваліць абы што, бо інакш скрыўляецца ўяўленне пра “слабое і моцнае” і ў чытача, і ў аўтараў.

Як і любая салянка “Круцель-трава” няроўная, але прачытаў яе з інтарэсам (і знаёмых і незнаёмых): Дзяніс Мацеша, Дар’я Мацеша, Ядзвіга Манкевіч, Ігар Бабкоў, Іван Булва, Вячаслаў Дукшт, Галіна Свірына, Дзяніс Шпіронак, Злата Клачок, Кацярына Масэ, Марыя Буйневіч, Сымон Рыбін, Стах Лысы, Вераніка Галубоўская, Кася Валошына.

Жанрава гэта паэзія, кніжныя водгукі і эсэі. Тэматычна – самасузіранне, метафізіка, мова…

Альманах цяжкаваты фармат для водгуку, бо пісаць трэба альбо па радку пра кожнага, альбо “прасціну” пра ўсіх. А разбіраць трэба канкрэтныя тэксты і канкрэтных аўтараў. Таму спынюся толькі на адной асобе, якая мяне здзівіла…

Вока выхапіла “чайныя” вершы Кацярыны Масэ… Мне падаецца, што яны сапраўды класна атрымаліся. У першую чаргу, таму што ў іх няма знарочнай філасафічнасці, характэрнай для аўтаркі. Кацярына дазволіла метафізіцы распусціцца ў простых побытавых з’явах і раптам з’явілася і глыбіня і цікавая вобразнасць:

СВІТАЛЬНЫ НАРЫС

ціха прачнуцца затоеным раннем
за краем маўлення на водшыбе часу
дзень расцякаецца ў млечным тумане
сонечным маслам

аскомісты водар сапрэлае цемры
ядранай сілай поўніць паветра
дыханне сягае не знаючы меры
за межы сусвету

крылы ўзыходу трапечуць за спінай
адкрыты шляхі перамогі без бою
заснежаны сэрцабіцця верхавіны
светлым спакоем

разрэджаны мыслі і час не пярэчыць
плыні бясчасся у венах маўчання
так мімаходзь спасцігаецца вечнасць
за кубачкам чаю

 

ГАСПАДАР

адчуваць Тваю ласку ў найпростым убранні дня…
у кранальным паглядзе неба, жывой вадзе…
у шурпатым гліняным імбрычку – твая цеплыня,
ў ім шторанак дыміцца гарачы, духмяны дзень.

я прыходжу у свет – у Табой збудаваны дом –
піць гарбату, разгадваць узоры драўляных сцен,
прыбірацца ды праць, пекчы хлеб, запальваць святло –
і не ведаць нічога – а толькі браць напавер.

ў залацістых аладках світанкаў Твой Дух жыве.
я праточным святлом абмываю шторанак твар.
І няхай я ў доме Тваім ледзьве знаю Цябе…
шчасце – проста адчуць, што у дома ёсць Гаспадар.

“Паэзія як такая, на маю думку, метафізічная ў сваёй сутнасці, бо пачынаецца там, дзе спыняецца перад невымоўным “звычайная” мова, і прэтэндуе на тое, каб сягнуць за межы невымоўнага” – Кацярына Масэ.

Дзіўна пісаць заўвагі, калі сам не спрычыніўся да таго каб зрабіць выданне “мацнейшым” (ха – над сабой).

Тое, што не зачапіла, аналізаваць няма жадання. Сапраўды, многае – не маё. Калі параўнаць з падобным па фармаце рандомным нумарам часопіса “Паміж” (хто памятае?), то яны даволі блізкія па ўзроўню і напаўненню. Спадзяюся, што справа будзе працягвацца. А з’явіцца магчымасць – паўдзельнічаю.

З.Ы. Пасля адной з “ЛабаРАторый паэтычнай метафізікі” падыйшла да мяне жанчына і запыталася (агульны сэнс), навошта даваць слова маладым, калі яны слабейшыя за Дубянецкую і Бабкова… я так і не зразумеў, ці атрымалася мне ёй давесці, што падобныя сустрэчы задаюць зону росту для яе ўдзельнікаў, а “моцным” нязвыклы ракурс, свежую думку, можа ня так далікатна і аргументавана сфармуляваную, але…

З.З.Ы. Даслаць паэзію, эсэі, кароткую прозу, пераклады вершаў, рэцэнзіі для новага зборніка, а таксама водгукі  на “Круцель-траву” і прапановы можна сюды: matesha.den@gmail.com

Міхал Бараноўскі.


А во!🤩

Ніколі такога не было, але ж зноў, неспадзеўна, як цяпло ў Менскія кватэры, у нашыя мастацкія жыцьці ўваходзіць унікальны літаратурны зборнік 😃

Чаго чакаць і што шукаць на старонках выданьня?

Вядома, гэта найперш „̤̤П̤ᴀ̤϶̤ɜ̤і̤я”.🌻

13 аўтараў,  якіх, імаверна, найбольш яднае любоў да хараства нашае Мовы, што неўнікнёна трансфармуецца ў мастацкія вобразы-творы, у якіх ёсьць усё: чуцьці, роздумы, успаміны, мроі, філёзофскія развагі, і, вядома, усё-усё, што і здумаць няможна.

Калі Вы раптам і ня чулі якое імя, то цяпер той самы момант, каб адкрыць нешта новае ў сьвеце беларускай культуры. Пра кождага з аўтараў яшчэ напішу асобна.

„Кніжніцᴀ”.🌻

Некалі я прапанаваў пэўным вядомым мне аўтарам напісаць рэцэнзіі-водгукі ў свабоднай ад нейкіх правілаў форме, якія можна было б надрукаваць на старонках нашага выданьня. Зь 15 чалавек згадзіліся толькі чатыры, а напісалі толькі два аўтары, але якія! Тое, што хацелася: па-за шаблонам, простымі словамі. Так і зьявілася гэтая эксперыментальная рубрыка. Хацелася б, каб і Вы зьвярнулі ўвагу на гэтыя цікавыя тэксты і ў наступным зборніку іх ужо было 15. (Так, будзе й наступны зборнік, і, спадзяюся, не адзін)

„Эᴄ϶і”.🌻

Прастора, якую ствараюць паэты ці пазія, створаная пэўнай прасторай? Скуль паўстае Вялікае княства Аблокаў і хто мог бы быць яго жыхарамі?

Загадка Міхася Стральцова, метафізіка творчасьці Уладзіміра Жылкі й Хараство як апошняе Каханьне паэты, Невымоўнасьць красы й краса Невымоўнага ў паэзіі жыцьця праз радкі апавяданьня „Апокрыф” Максіма Багдановіча.

🥰

Аўтары: Ядзвіга Манкевіч, Галіна Свірына, Дзяніс Мацеша, Ігар Бабкоў, Дар’я Мацеша, Кацярына Масэ, Іван Булва, Вячаслаў Дукшт, Злата Клачок, Марыля Буйневіч, Дзяніс Шпіронак, Сымон Рыбін, Стах Лысы, Вераніка Галубоўская, Кася Валошына

🙋‍♂️

Купіць наш зборнік ужо цяпер можна ў Kniger.by, а хутка будзе й недзе яшчэ.

Таксама можна напісаць і мне ў прыват.

На сёньня свабоднымі застаюцца ўжо толькі 70-80 асобнікаў.

Кошт максімальна дэмакратычны.

Фармат а4!

Дзякуй!

Dzianis Macieša.


Зборнік «Круцель-трава» змяшчае творы сучасных аўтараў.

Паэты, філосафы, метафізікі, навукоўцы, музыкі ды іншыя творцы беларускай думкі – усіх нас яднае любоў да хараства мовы як сродку мастацкай камунікацыі і мыслення.

Адрасуецца аматарам і даследнікам сучаснай беларускай літаратуры.

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме