Кот Шпрот і вежавы гадзіннік. Ганна Янкута

Кот Шпрот і вежавы гадзіннік. Ганна ЯнкутаУ беларускай дзіцячай літаратуры з’явіўся сучасны пазнавальны персанаж, якога любяць дзеці. Так без перабольшання можна сказаць пра ката Шпрота, героя ўжо трох кніг Ганны Янкуты.

Сёлета Ганна парадавала маленькіх чытачоў і слухачоў трэцяй кнігай пра гэтага мінскага ката, які жыве з хлопчыкам Алесем і яго бацькам на завулку Калініна. Кніга выйшла ў аўдыяфармаце пад назвай “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік” у агучцы акцёра Мікалая Стонькі з музычным суправаджэннем і пазнавальнай вокладкай, якую зноў намалявала Лілія Давыдоўская. Яна ж ілюстравала дзве папярэднія кнігі пра Шпрота.

Ужо с самага пачатку аўтарка нагнятае атмасферу недахопу часу: героі сонныя, спазняюцца, толькі наступіў вечар, як гадзіннік паказвае, што хутка раніца. Ад гэтага пакутуюць як людзі, так і прывіды. Таксама Алесь заўважае, што з ягонай звязкі ключоў адзін знік. На знікненне ключоў скардзяцца і прывіды, якія ўжо гатовы ісці да Гадзіншчыка, каб разабрацца, што ж такое адбываецца з часам, бо ігнараваць гэта больш немагчыма.

А Гадзіншчык сядзіць сабе ў той самай вежы з гадзіннікам, што на выхадзе з метро Парк Чалюскінцаў. З навакольным светам ён асабліва не камунікуе, усё разбіраецца ў механізмах гадзіннікаў, штосьці там даследуе. І чуць нічога не хоча пра тое, што з часам нешта не так. Ён адказны за час, а значыць у яго ўсё ідзе паводле плану, нічога не можа зламацца.

Тут у кнізе пачынаюцца дарослыя алюзіі на наша жыццё. Бо дзяржава — гэта як гадзіннікавы механізм. Калі ён мае належны догляд, калі ўсе часткі ў ладзе, то і ўвесь механізм працуе добра, не спяшаецца, не спазняецца. Але як толькі чалавек, адказны за працу гадзінніка, самаўпэўнена сцвярджае, што ўсё з ім добра, і свядома ігнаруе існуючыя пытанні, вось тут і пачынаюцца праблемы.

У гэтай кнізе кату Шпроту і яго сябрам-прывідам зноў давядзецца сутыкнуцца з мноствам загадак. Магу назваць гэту кнігу ў пэўнай ступені грамадска-палітычнай. Нягледзячы на тое, што яна дзіцячая, праблемы тут уздымаюцца вельмі сур’ёзныя. Для нас цяпер нават актуальныя і вельмі балючыя.

У пятай главе хлопчык чуе на вуліцы нейкі шум і просіць тату пайсці паглядзець. Аказваецца, уздоўж вуліцы стаяць жанчыны з кветкамі, а кіроўцы, якія праязджаюць міма, вітаюць іх аўтамабільнымі гудкамі. Нагадаю, што падзеі ў кнізе адбываюцца на пачатку восені.

Як патлумачыць дзецям, што адбываецца ў вашым горадзе? Мне здаецца, Алесеў тата бліскуча справіўся з задачай, патлумачыўшы сыну, што ў людзей ёсць голас, і калі іх нешта не задавальняе ў родным горадзе, яны могуць гэтым голасам скарыстацца. Нават моўчкі стоячы з кветкамі.

Сцэна, убачаная Алесем у творы, пазней запускае цэлы ланцужок падзей, які дапамагае ў вырашэнні праблемы з Гадзіншчыкам, калі прывіды збіраюцца на пратэст супраць яго. Кніга мае добры фінал, як і амаль любая дзіцячая казачная гісторыя. Але ці можа так адбыцца ў рэальным жыцці? Хочацца трошкі памарыць.

Для дзетак кніга мае яшчэ і пазнавальны элемент, можна вывучаць з механізмы старажытных і сучасных гадзіннікаў, вучыцца вызначаць час. Можна нават разабраць стары гадзіннік і паглядзець, як там усё ўладкавана. Ці нават дадаткова паглядзець відэа на ютубе на гэтую тэму. Карацей, выходзіць далёка за межы кнігі. Да таго ж аўтарка згадвае разнастайныя віды гадзіннікаў у Гадзіншчыка ў кабінеце, можна ўсё пагугліць. Такім чынам кніга стане інтэрактыўнай, а ў сувязі з адсутнасцю папяровага варыянту можна ўвогуле стварыць свой, намаляваць сцэны з кнігі.

Дарэчы, у канцы аўдыякнігі вас чакае сюрпрыз — невялікі аўдыязапіс ад самой аўтаркі, дзе яна расказвае пра кнігу і асаблівасці яе стварэння.

Калі вы зацікавіліся кнігай “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”, то яе можна паслухаць бясплатна. Проста загугліце назву кнігі — і знойдзеце даступныя варыянты. Аўтарка падкрэслівае, што для яе важна, каб кніга распаўсюджвалася бясплатна, таму лайк, шэр, дзяліцеся паўсюль, уключайце дома.


xbohx

Пакінуць адказ