Князёўна Дарута. Людміла Хейдарава

Жанр твора пазначаны аўтарам як раман-фэнтэзі, але гэта, хутчэй, даніна часу. Людміла Хейдарава напісала сапраўдны гістарычны раман, варты справы сваіх папярэднікаў, стваральнікаў жанру беларускай гістарычнай прозы – Л. Дайнекі, Ул. Арлова, В. Іпатавай, К. Тарасава. Аднак найперш раман пра князёўну Даруту нагадаў мне раманы У. Караткевіча, творцы нацыянальнага гістарычнага міфа.

Сюжэт рамана Людмілы Хейдаравай пабудаваны ў лепшых традыцыях прозы Караткевіча: ён востры, імклівы, захапляльны. Падзеі разгортваюцца  вельмі хутка. Мы сустракаемся з сялянкай Дарутай улетку, калі яна яшчэ нічога не ведае пра сябе, а ўвосень развітваемся з князёўнай Дарутай, якая клопатам бацькі, князя Баляслава Свіслоцкага, збіраецца ехаць у Варшаву да каралеўскага двара.

Аповед пра пакручастыя сцежкі лёсу гераіні разгортваецца, як таго і патрабуе жанр, на фоне важных гістарычных падзей XVII стагоддзя, перасыпанага амаль няспыннымі войнамі з Масковіяй. Лёс зводзіць гераіню твора са шпіёнам, якога “рыхтавалі ва ўнутраных пакоях Крамля” для патаемнай місіі – захопу Польскай кароны ці хаця адной Літвы.

Як і яе бліскучы папярэднік Караткевіч, пісьменніца багата ўпрыгожыла свой твор уласнымі думкамі, што ўдала ўпісваюцца ў кантэкст рамана і балюча гучаць у кантэксце часу. “Што за звер жыве ў чалавеку? Ён прывык забіваць, каб выжыць, і не жадае разумець, што выжыванне здаровай людской супольнасці даўно забяспечваюць мірныя сейбіты, пастухі, рыбакі”. “Яны…меркавалі пра бясконцую навалу на тутэйшую зямлю, у часе якой гэтая зямля корміць і сваіх, і чужых, паглынае кроў і сваіх, і чужых, хавае ў сваім чэраве і сваіх, і чужых”. “Народ, які прагне быць самастойным, павінен не столькі валодаць зброяй, колькі мець мудрых палітыкаў”. Уважлівы чытач знойдзе на старонках кнігі сапраўдны россып глыбокіх думак.

Стылістыка рамана Людмілы Хейдаравай таксама нагадвае творчы почырк Уладзіміра Караткевіча. Чытаецца кніга лёгка, адарвацца ад чытання цяжка, пісьменніца валодае майстэрствам трымаць свайго чытача ў напрузе і жаданні хутчэй даведацца, што будзе далей. Чытач развітваецца з героямі рамана, калі падзеі толькі завязваюцца хітрым вузлом. І гэта дае надзею на новую сустрэчу з героямі.

Зоя Шклянік

 

 

Даўно хацеў прачытаць раман-фэнтэзі Людмілы Хейдаравай «Князёўна Дарута» і вось на днях з’явілася магчымасць разам з Дарутай павандраваць па знаёмым мясцінам. Падзеі адбываюцца ў месцы сутокі двух рэк – Бярэзіны і Свіслачы. Вельмі прыгожае, загадкавае ўзвышша, сам неаднаразова бываў там, рабіў сэлфі каля развалін старой гаспадарчай сядзібы, спрабаваў уявіць гісторыю гэтых муроў.

І вось, дзякуючы таленту Людмілы Хейдаравай, я дакладна даведаўся пра тое, што тут адбывалася ў 17 стагоддзі. Калі ў першай палове кнігі больш фэнтэзі, то другая частка насычана гістарычнымі падзеямі. Уразілі разважанні галоўных герояў пра становішча ў тагачаснай Беларусі, нейкія моманты пераклікаюцца з класічным раманам Караткевіча. Раю прачытаць як аматарам фэнтэзі, так і прыхільнікам сурʼёзных гістарычных твораў.

Sviataslau Haletski

Пакінуць адказ