Для літаратурнага флэшмобу ад @muzej.by — цудоўнае фэнтэзі Лілі Ільюшынай “Ключ дарог: пачатак”.
Гэту кнігу я прачытала яшчэ ў чэрвені, але дагэтуль не сабралася напісаць разгорнуты водгук. Вельмі не хачу спойлерыць, таму пазначу літаральна некалькі момантаў.
Жанр: янг-эдалт фэнтэзі. Мне ў мае інфантыльныя 28 дужа зайшло
Дзецям будзе цікава з 9-10 год. Прыкладна калі пачынаеца цікавасць да Гары Потэра, тады і “Ключ дарог” ужо будзе ок.
Сэцінг: сучасная ангельская глыбінка, у якую спакваля ўплятаецца ўсходнеславянская міфалогія.
Героі: пераважна малодшыя падлеткі і звязаныя з імі дарослыя.
Спадабалася: пераканаўчыя вобразы, месцамі — лёгкае адценне ангельскага абсурду, прадуманая магічная сістэма, кранальна абрысаваныя сямейныя стасункі, цікавы мікс культур, цудоўныя стыль і мова.
Не хапіла: больш выразна “ангельскай” інтанацыі, хіба што, і тое не ўпэўненая.
Кніжка — першая з цыклю, вельмі чакаю далейшыя! Прыемнае выданне: цвердая вокладка, досыць буйны шрыфт, якасная папера, добрая тыпаграфіка.
Джым Ф’юры жыве ў Смолвілі — глухім сонным мястэчку на паўночным усходзе Англіі, дзе ніколі не здаралася нічога значнага.
З маленства ен гуляе ў футбол і падае пэўныя надзеі. Але, пашкодзіўшы на гульні калена, Джым раптам застаецца без мары і будучыні, якую ўжо сабе азначыў.
З бацькам у яго не самыя цёплыя адносіны. Як і ўсякі 12-гадовы хлопец, ён не жадае ўсе жыцце правесці на ферме, ледзь зводячы канцы з канцамі.
Сяброў у яго няма, дарослым ён не дае веры, і пагутарыць аб усім, што адбываецца на сэрцы, яму рашуча няма з кім.
Захад ужо на добры падлеткавы раман, але – не.
Гэта – фэнтэзі.
Спачатку ў Джыма пачынаюць свярбець падэшвы ног.
У горад, у пошуках натхнення, прыязджае знакаміты навуковец Рэндал Морысан, спецыяліст па страчаным рэліквіям. З добрага – у Морысанаў ёсць сын, з якім Джым нарэшце пасябруе. З дрэннага – сын, здаецца, мае жахлівы дар.
З’яўляецца дзяўчынка ў лахманах, якая ўмее знікаць пасярод вуліцы і, здаецца, працуе на брыдкага містэра С.
І ўвесь горад пачынае зноў шукаць старажытны скарб.
Раптам аказваецца, што ў кнізе наогул нічога не тлумачыцца аўтарам.
Нешта праскоквае ў рэпліках герояў, нешта самастойна дадумваецца па сюжэце, але свет, які раптам перастае быць сумным светам сумнага Смолвіля, не падаецца на талерцы.
Ты знаходзішся роўна ў той жа разгубленасці, што і герой. Спачатку мяркуеш самае верагоднае, потым успамінаеш легенды, а потым сочыш за кожным сказам так пільна, як толькі можаш.
Часам сюжэт змяняецца ў межах аднаго абзаца. А нічога не прадвяшчала бяды. І ты вяртаешся перачытваць, злуючыся на сваю звычку хутка глынаць старонкі.
Сэнсаў закапана зашмат, і – трэба сачыць за рукамі аўтара. Уважліва сачыць за рукамі.
Хоп – і існуюць дарогі паміж мірамі, якія могуць прывесці куды заўгодна, іх Гаспадар і таямнічы Дом на Дарозе, у якім, згодна абрыўкам легенд, можна знайсці тое самае важнае, што аднойчы страціў на шляху.
Хоп – і вакол старажытныя ведзьмы, якія раней былі гаспадарамі нашага свету. Якія выжываюць ледзь-ледзь і не надта любяць чалавецтва, што выгнала іх з іх зямель.
І яшчэ шмат нечакана-усялякіх “хоп”.
Сямейная гісторыя Джыма, сам Джым, негераічны зусім герой (якога разглядаць і разглядаць), ангельскія легенды (і вядомы усім фальклор), пэўны момант кніжнай гісторыі (у якім усё сапсавана, небяспечна і незразумела) – усё гэта пераплятаецца разам. Трымае.
Дарогі, якія могуць прывесці куды заўгодна. А могуць і не прывесці. Дамой. Да шчасця. Да самога сабе. Да новай гісторыі.
Паспрабуйце.