Каменныя казкі. Аляксей Андрэеў

Каменныя казкі. Аляксей АндрэеўДзеля гэтай кнігі вырашыў завесці яшчэ адну рубрыку – Арт. Яно і дарэчы атрымалася, бо ёсць яшчэ адна кніга з водгукамі на сайце – гэта і тэксты, і мастацтва.

Шчыра прызнаюся, да “Каменных казак” я ішоў ад поўнага адмаўлення да замілавання. Першы раз пабачыўшы ў аднаго з сяброў Аляксея Андрэева перапост, дзе была выява нейкага чарцяняці з каменю, я кінуўся бараніць сваю родную беларускую міфалогію з апантанасцю дурнога сабакі, што гаўкае на птушак. Маўляў, ёсць у нас свой беларускі пантэон, ёсць больш менш упарадкаваная структура інфернальных істот, навошта пладзіць сутнасці? І так да добрага парадку далёка, а тут яшчэ цэлы мех каменных міфічных істот…

Мне мякка запярэчылі, баронячы аўтара работ, а пасля я сам спатыкнуўся, згадаўшы каменных старажытных ідалаў беларусаў.

Што казаць, крыўда за беларускую гісторыю ў мяне з 4 класа школы – пасля знаёмства са старажытнай Грэцыяй. Эх, там гэткія статуі рабілі. А мы? Камянёў мала? Разуменне прыйшло пазней – з тых валуноў, якія ледавік прыцягнуў да нас, і старажытныя грэцкія майстры з іх уменнямі атрымалі б заместа Афрадыты нашу беларускую каменную бабу.

Беларусы не апрацоўвалі камень. Бо камяні ў нас – базальт ды граніт, яшчэ крэмень. Няма мармуру, пясчаніка, гіпсу.

Аляксей Андрэеў абрабляе граніт. І стварае свой сусвет. Канешне, я зразумеў, што нічога страшнага з беларускай міфалогіяй з такой нагоды не стане. А беларускае мастацтва набудзе. І ўжо набыло.

Пра майстэрства разьбы па каменю, аб тым, чаму фігуркі такія, якія ёсць, ніжэй можна пачытаць грунтоўнае слова спадара Харэўскага. Я ж хачу сказаць колькі слоў пра тэксты.

Цытата з кнігі і сама гераіня:

Геня – птушка ганарлівая, дзейная, поўная здаровага аптымізму. Гэта значыць, рэдкая для Беларусі.

Кожны новы дзень у Гені новыя планы, кожны вечар – падвядзенне вынікаў і разбор палётаў. У гняздзе ў яе заўсёды парадак, з суседзямі – мір, сяброўства і чаяванні па нядзелях.

Злыя языкi пагаворваюць, што Геня не чытае навін, таму і радуецца жыццю, будуе планы на будучыню. Але гэта няпраўда. Геня пільна сочыць за тым, што адбываецца ў суседнім лесе. І ведае, як жывуць за акіянам яе далёкія сваякі, якіх наведвае кожную зіму.

Не, Геня жыве ў рэальным свеце, і памятае, што ён не ідэальны. Перажываючы непазбежныя трагедыі свайго і іншых жыццяў, яна, услед за царом Саламонам, паўтарае: «І гэта міне».

Дзіўна, але Геня ніколі не памылілася.

Вось такія – яскравыя, поўныя тонкай і дасціпнай іроніі тэксты, адначасова з прымешкам цёплай тугі, аздабляюць кожны выраб майстра. Хоць, яны, тэксты, самастойныя ў сваёй завершанасці, маглі б стаць выключнай асновай для работы мастака (калі б Андрэеў не быў сам мастаком). І птушкі (а іх нямала ў майстра), і цмокі, і яшчэ безліч розных нечуваных раней істот маюць не проста апісанне, але сваю гісторыю, дасканала ўпісаную ў кантэкст створанага міфічнага сусвету. Разам – атрымаўся цуд. Кніга, якую хочацца гартаць і разглядваць фотаздымкі работ, чытаць і перачытваць. Не утрымаюся, прывяду яшчэ апісанне аднае каменнае птушкі:

Птушка Ітанага такая старажытная, што часам сумняецца ў тым, што яна існуе. Можа быць, усё, што яна бачыць і адчувае — гэта толькі сон? І што будзе, калі яна прачнецца? І яна — гэта хто? Можа быць, і не птушка зусім?

Птушкай яе назвалі старажылы Валожыншчыны, якім пашчасціла бачыць яе ў зарасніках чароту на беразе Заходняй Бярэзіны. Было гэта вельмі даўно, ці не было зусім, але легенду пра Ітанагу перадаюць з пакалення ў пакаленне, і старыя яшчэ памятаюць пра птушку, у якой жыццё як сон… Ці сон як жыццё…

Сам паспрабаваў у дзяцінстве нешта высекчы на валуне малатком і зубілам, таму ведаю, які цвёрды граніт. І дзівячыся на работы майстра, міжволі задаешся пытаннем: колькі ж часу гэта каштавала? Але, галоўнае іншае: работа заверашна. Былі проста нейкія асобныя работы – паўстаў дзівосны свет.

Дадайце сюды фотаздымкі высокай мастацкай якасці, прафесійную дызайнерскую працу – мы маем густоўную кнігу. Якую і самому мець і чытаць, і добраму чалавеку падарыць.

Прыканцы хочацца сказаць нешта важкае, ды каб не было банальным. І вымушаны паўтарыць за некім даўнім: культуру, мастацтва і літаратуру ў тым ліку, рухаюць адзінкі талентаў, але не суполкі і не ўказы. Бо гэта якраз тое поле, дзе менавіта адзін – воін.

В. Г.


Вымаючы з каменя

Звычайны палявы камень ці рачны жвір ў ягоных руках ператвараюцца ў магічныя артэфакты. Яны добрыя тым, што ў іх укладзены перажыванні. Камень па прыродзе сваёй халодны, цвёрды і абыякавы. Акрамя таго, камень абсалютна непадуладны часу і таму вечны.

З гэтай халоднай вечнасці разьбяр, як дэміург, вымае нікому дагэтуль нябачаную сутнасць. І абыякавы камень раптам здабывае жыццё іншае, як некалі створаны Голем.

У творах Аляксея Андрэева можна пры жаданні адгадаць пластыку трапічнае Афрыкі, старажытнага Кітая ці матывы масак Меланезіі. Гэтыя супадзенні дыктуе сам матэрыял, што патрапіў у рукі творцы. Сімвалічная, дагістарычная выразнасць узнікае ў выніку адзінства натуральнае формы камянёў з майстэрствам іх апрацоўкі.

Форма адпаліраванае вадою галькі ідэальная сама па сабе. Але мала хто валодае талентам і цярпеннем нешта выразаць на ёй, надзяліць яе магічнымі рысамі: цвёрдыя базальты ці граніты, што выкарыстоўвае аўтар, патрабуюць асаблівага стаўлення, рашучасці і сілы. Некалі сіла такіх камянёў, адпаліраваных морам і падабраных на беразе, захапляла Пабла Пікасо, Жаана Міро і многіх іншых мастакоў, якія стваралі з яго свае, толькі ім зразумелыя кудмені. У гэтым таямнічым акце стварэння ёсць нешта выключна асабістае, не прызначанае для публічных прастораў і не падуладнае ні стылям, ні модзе. Падабраны мастаком у полі або на беразе ракі камень ператвараецца не проста ў талісман, а ў адушаўлёнае, што жыве ўласным жыццём, стварэнне, знітаванае са сваім творцам нябачнымі повязямі.

Аўтар можа ўгледзець у простым шэрым камені дзіўнага вожыка, падобнага на індзейскі татэм. І раптам гэты камень расплюшчвае вочы і глядзіць на нас, шчацініцца пекнымі іголкам і-пёрамі. А іншы камень ператвараецца ў апераную істоту — дзіўную пластычную хімеру, дасканалую ў сваёй каменнай прыродзе. Пэўна, менавіта так бачылі безуважных і абыякавых пасланнікаў нябёсаў нашы далёкія продкі.

Скульптуру стварае аб’ём, а малую скульптуру з выпадковага дзікага каменя — той аб’ём, што ўжо надала яму сама прырода. І толькі ў ім, у натуральным фармаце, разьбяр творыць, каб выявіць утоенае ў камені. Гэтак, амаль містычным чынам, нараджаюцца дзіўныя паўчалавечыя-паўкаменныя выявы, у якіх глядач вольны ўгледзець сувязь альбо з дагістарычным светаадчуваннем, альбо з драматычным катастрафізмам аўтарскага погляду ў будучыню.

У гэтым сэнсе ўласная дэманалогія Аляксея Андрэева больш нагадвае мастацтва карэнных народаў Амерыкі. Скульптуры з каменя, створаныя індзейцамі ў выглядзе звярыных ці чалавечых істот мелі знарочыста скажоную форму. Фантастычныя грымасы індзейскіх малых скульптур нямецкі класік мастацтвазнаўства Карл Верман у свой час растлумачыў схільнасцю «фантазіі гэтага народа да жудаснага». Падобныя асабістыя перажыванні ад сутыкнення з першабытным мастацтвам апісаў і Пабла Пікасо. Ён аднойчы наведаў Этнаграф ічны музей Тракадэра ў Парыжы, каб вывучыць шыкоўную калекцыю афрыканскіх масак. І раптам адчуў у музейных залах неверагодную моц, што зыходзіла ад артэфактаў, якія там захоўваюцца. «Я глядзеў на гэтыя фетышы, і мне раптам стала ясна, што я таксама супраць усіх. Я таксама адчуваю, што вакол невядомае і варожае», — казаў Пікасо пазней. Гэтае знаёмства з архаічнай свядомасцю далёкіх нязведаных краін зрабіла вырашальны зрух у творчасці самога мастака.

Мы знаходзім аналагі такіх фантасмагарычных змрочных фантазій ва ўсіх культурах, на розных этапах, як у матэрыяльнай, так і ў духоўнай спадчыне. У гэтых скажоных, пазбаўленых наўмыснай ідэалізацыі, гратэскавых рысах адгадваецца не імкненне да змрочнага, наадварот: іх візуалізацыя дапамагае пазбавіцца ад дэманічных насланняў у рэальнасці. Для шматлікіх творцаў афрыканскія і акіянійскія скульптуры могуць станавіцца фетышам, магічным прадметам, прызначаным для адважвання невядомых і небяспечных духаў з падсвядомасц і. Так і ў каменнай пластыцы Аляксея Андрэева ўтойваюцца дзіўныя, таямнічыя сілы, неспасціжныя і непадуладныя чалавеку. Варта толькі больш уважліва прыгледзецца, змяніць ракурс гледжання. Аднак дзіўныя істоты, створаныя ім, нараджаюць у нас зусім не жах, а непасрэдную шчырую цікаўнасць. Персанажы выглядаюць вельмі цэласна і арганічна. Гэтая цэласнасць агулам вылучае ўсю пластыку аўтара.

Андрэеў не спрабуе схаваць натуральныя фізічныя ўласцівасці матэрыялу. Як некалі і яго старажытныя папярэднікі на ўсіх кантынентах, ён абраў грубы камень з шурпатай паверхняй. Камень, які быў пад рукою. Які мог убачыць кожны. Аднак толькі мастак выразаў з яго сваіх фантастычных персанажаў. Іх кампазіцыі неверагодна простыя, што і выклікае захапленне. Ледзь вызначаныя постаці, часцяком абарваныя там, дзе сканчаецца камень, пластыка якіх вызначаецца самай структурай мінерала. Мабыць, у музейных залах першабытнага мастацтва старажытных плямёнаў або пасярод раскопак на руінах старажытных цывілізацый артэфакты, створаныя Аляксеем Андрэевым, былі б абсалютна натуральнымі. Маўклівыя сведкі пачатку часоў, калі не было перашкодаў паміж чалавекам і прыродаю, паміж светам жывога і нежывога. Калі нішто не памірала і не знікала бяз знаку.

Калі мы больш уважліва прыгледзімся да гэтых невялікіх скульптураў, мы ўбачым іронію і цеплыню аўтара, спачуванне сваім маленькім дэманам. Адчуем пяшчоту, з якой ён лашчыў іх, і, магчыма, пачуем патаемныя словы, якія ён шаптаў ім. Гэтыя істоты выклікаюць не жах, а сімпатыю і спагаду. Што праўда, спагаду хутчэй забабоную. Бо сам матэрыял, з якога яны створаны, незвычайны тым, што ў ім майстар адчувае сябе сааўтарам нечалавечых сіл прыроды, што былі ад пачатку часоў.

Гэтаксама забабонна ставіліся некалі людзі і да Голема, стварэнне якога прадугледжвала паўтор Боскага працэсу стварэння. Істота, зробленая як чалавек, але без душы. Нешта пакуль недасканалае, але якое ўжо тоіць у сабе зародак жыцця.

Таго жыцця, што стварае майстар, вызваляючы яго, вымаючы з безуважнага каменя.

Як гэта робіць Аляксей Андрэеў.

Сяргей Харэўскі

Пакінуць адказ