Каляндар на імгненне. Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў

Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў. Каляндар на імгненне.Кніга “На тонкай нітачцы” Алеся Дуброўскага-Сарочанкава, якую прачытаў пару гадоў таму, не выклікала ў мяне заўважных эмоцый. Яна падалася роўнай/класічнай і ў пэўнай меры халоднай. Прынамсі так згадваецца цяпер.

Таму за “Каляндар на імгненне” браўся з перасцярогай. І ўсё такі набыў – зачапіла некалькі радкоў у адным з вершаў і падалося, што гэтым разам нешта для сябе змагу адшукаць.

Не памыліўся. Звычайна я пакідаю ў бібліятэцы кнігу, калі ў ёй ёсць хаця б адзін упадабаны твор, тут іх знайшлося значна больш. Але ж і кніжка 140 старонак. І гэта пэўна самая вялікая мая заўвага да зборніка. Бо скараці яе змест да 50-60 старонак і яна ўспрымалася б зусім інакш. Напрыклад вылучыўшы тэмы пісьменніцтва і творчасці, якія на мой погляд атрымаліся найбольш удалымі:

***

Аўтар нічога сказаць не хацеў сваім творам,
аўтар хацеў проста слухаць шматмоўнае мора,
стаць тою хваляй, якая абмацвае бераг…
Проста абмераць жыццё дактылічным памерам,
проста знайсці сабе ўтульны і ўстойлівы космас,
той, што магчыма абмацаць і проста, і ўскосна
(пальцамі мовы), спасцігнуць яго будову,
параскідаць, як шкарпэткі, па вечнасці словы
І па-над морам бяздонным лятаць побач з Духам
Божым… І проста ўсё слухаць, і слухаць, і слухаць…

альбо

***

Майстэрства цяжкае – да слоў не дакранацца,
не пакідаць адбітак свой і пах.
Хай геній стылістычных імітацый
зазнае крах.
Нячутна праслізнуць між чорнымі радкамі,
як Адысееў хітры карабель…
Мастацтва не хапаць жыццё рукамі,
не пляміць бель.

Як чалавек, які таксама піша вершы, разумею наколькі дарагімі для аўтара могуць быць напісаныя ім радкі, але калі да аднаго і таго ж вобраза (нават удалага) звяртаешся ў некалькіх вершах, то ці варта іх усе пакідаць у кнізе?

“Вось акіяна глыб, вось далягляду даль…
бязмоўе бездані – услых перакладай”
“…свой боль перакласці на мову
таго, хто пачуе…”,

– класны радок, але калі пра гэты “пераклад” згадаецца яшчэ і яшчэ, уражанне з кожным разам блякне.

Тое ж і з “календаром”, які абыгрываецца 5-6 разоў… быццам жвачка разжаваная, хаця аўтар сам заклікае:

“Таму вучыся гадамі
шэптам у дрэў і траў…
Бо той, каго адгадаюць,
у гэтай гульні прайграў!”

Тое ж з аднатыпнымі перагукамі са Святым пісаннем, якія характэрны для ўсёй творчасці паэта. І я не кажу, што такое не можа быць цікавым – можа, калі напаўняецца дадатковым (напрыклад нязвыклым для аўтара постмадэрновым) драйвам:

***

…А ў чацвер у нас цуды звычайна паводле раскладу.
Трыста цэнтнераў манны (адгрузка з дзясятага склада).
Пах шыпшыны ўключыць пад акном у сівенькай бабулі.
Ратаваць ад ангіны кагосьці, кагосьці – ад кулі.
Ад бязвер’я – загад паступіў – ратаваць больш не трэба.
Толькі ад бессэнсоўнасці будняў і немасці неба.
І не ўсіх, а дванаццаць паэтаў (чацвёрты дадатак
у загадзе пад нумарам сем за ўчарашнюю дату).
…А ноўтбукаў дагэтуль у нас на аддзел не хапае,
так што зноўку – уласным пяром (не крыўдуй).
Абдымаю!

Ёсць перагукі з калегамі па творчасці. Бачна, што сп. Алесь у кантэксце класічнай і сучаснай беларускай літаратуры.

У зборніку шмат твораў, якія выглядаюць як практыкаванні ў рыторыцы, прычым на адны і тыя ж тэмы… хаця сам піша “цікава спаборнічаць толькі з палямі няўзоранымі”. Не ведаю, наколькі яны былі патрэбныя ў кнізе.

Ёсць вершы з радкамі, якія мелі патэнцыял разгарнуцца ў цікавейшыя тэксты “у падтэксце ў чэрвеня – верасень”, “ад жніўня застаецца толькі стыль”, “найбольш трывалае – пялёсткаў белы дым”, “як глеба вырошчваць умее траву, так сэнс гадаваць навучыліся словы”, “прыгажосць – матылёк паміж рам”, “па першых радках зразумела, ці трэба чытаць далей гэты люты”, “ты разумнейшы за мяне, мой верш”, але можа гэта мне толькі падаецца.

У зборніку прадстаўлены вершы напісаныя з мая 2024 па кастрычнік 2025. На некаторыя даты прыходзіцца па некалькі твораў. Даволі пладавіта.

Напісаны яны ў класічнай манеры, ёсць хіба пару эксперыментаў, як па мне вельмі сімпатычных – “А давайце праверым, дзе канчаецца верш…”

Карацей уражанні неадназначныя, але звярнуцца да кнігі раю.

Эпілогам няхай будзе:

“Прадмова”

каляндар на імгненне
купіў я ў падземнай кнігарні
друкаваў яго нехта
ў якойсьці паднебнай друкарні
маляваў яго нехта
ў якойсці надзорнай майстэрні
а паперу рабілі
ў сакрэтнай касмічнай паперні
кажа ён
калі сеяць
акучваць
праполваць
заворваць
сваё шчасце ў бязладдзі
бязвер’і
бясчассі
агорваць
там вучэбны расклад
для магістраў магічных навук
трыццаць тысяч урокаў
як слухаць маўклівасці гук
сто-пяцьсот семінараў
каб мову бязмежжа вучыць
ды забылі спецкурс
як жыццё гэта дзіўнае жыць
вось такі каляндар
на бягучую вечнасць
на міг
які ўзнік з небыцця
які ёсць
які быў
які знік

Міхал Бараноўскі.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме