Калядны стол. Некулінарная кніга. Зараслава Камінская

Калядны стол. Некулінарная кніга. Зараслава Камінская📌 Добра, калі вы маеце калядна-навагоднія традыцыі. Мае ж скураныя гадаваліся ў сем’ях, дзе фантазія не сягала далей за тазік аліўе і “Іронію лёсу”, таму цяпер мусяць ствараць свае традыцыі самастойна. Адна з іх – чытаць на святы што-небудзь з адпаведным настроем. Летась гэта быў “Калядны харал” Дыкенса, а сёлета – “Калядны стол” Зараславы Камінскай (тазік аліўе, дарэчы, таксама захамячылі – гэта святое).

📌 Прачытаўшы назву, можна засумнявацца: ці не збор рэцэптаў перад вамі? На гэты выпадак аўтарка зрабіла вельмі дарэчную дапіску “Некулінарная кніга”, што адпавядае рэчаіснасці. Ежа тут сапраўды ёсць, прычым смачна апісаная: калі хтосьці кусае варэнік, чытач можа адчуць на сабе пырскі. Таму перад сном лепей не слухаць (ёсць рызыка зладзіць начны набег на лядоўню – ведаю пэўна, бо скураная так і рабіла).

📌 Кніга, аднак, не столькі пра ежу, колькі пра ўспаміны, часам цёплыя, а часам вусцішныя (на выявах). Прычым падчас чытання міжвольна згадваецца нешта сваё. Пераканаўся, што той жа эфект і ў іншых – варта пачаць абмеркаванне кнігі, як успаміны ліюцца ў кожнага, бы з цэбра. Можна прабавіць цэлы вечар, згадваючы утульныя сямейныя традыцыі ды прысмакі.

📌 Адзінага сюжэта ў “Каляднага стала” няма: выданне ўяўляе сабой зборнік невялікіх аповедаў, якія можна чытаць па парадку або проста як заманецца. Не магу не адзначыць і псіхалагічнасць: спакваля тэкст выклікае роздумы, якія выходзяць далёка за межы калядна-харчовай тэматыкі. Недарма кніга ўзяла прэмію Цёткі і 3-е месца прэміі Гедройца.

📌 Як на мяне, зборніку не хапіла выразнай канцоўкі. Аднак што калі ў гэтым і ёсць план, бо працяг пішам мы самі?

🏆 АДЗНАКА: 8 🌰 з 10.

Пакуль што лепшая калядная кніга, якую я чытаў.

Кніжны Хома


Сапраўды калядная кніга! Сагравае. Цёплая, лёгкая, спакойная, сямейная. Зараслава Камінская нарыхтавала добры стол — на ім кожнаму знойдзецца смачнае, цікавае.

Пад вокладкай невялікія апавяданні — замалёўкі з жыцця, успаміны, расказы пра сямейныя традыцыі.

Мяне ўразіў аповед пра лекаванне над парай бульбы. І мокрыя валасы, і гарачыня, і цемра пад коўдрай — усё і я некалі перажывала. З нейкіх самых глыбінь памяці раптам усплыла. Але цяпер ты ведаеш: гэта не пра пару ад бульбы, гэта пра неймаверную любоў да цябе маленечкай.

Цеплынёй адгукнуліся расказы пра тое, як боршч гатуюць, як бабуля булкі пякла на Вялікдзень, як варэнікі вучыла ляпіць. На душы цёпла ад гэтых апавяданняў.

Ёсць і горкія ўспаміны пра складаныя часы. Дзякуй Богу, яны прайшлі. Пакінулі важныя ўрокі і запаветы: памятай, што парой бывае цяжка жыць.

Але ж галоўны матыў — сям’я, цеплыня, утульнасць, клопат.

Прыемная кніга. Такія нам, беларусам, таксама патрэбныя: простыя, зразумелыя, пра нас, пра тыя нітачкі, што цягнуцца да нас сучасных ад нашых бабуль і дзядуль. Пакуль мы за гэтыя ніткі трымаемся, за гэтую нябачную сувязь, мы маем надзею знайсці выйсце з цёмнага заблытанага лабірынта.

volia_pisha

Пакінуць адказ