😉Ну і такі ўсіх вітаем на нашым чарговым аглядзе, якога вы не прасілі)
Сёння будзем дзяліцца, суб’ектыўнымі ўражаннямі ад чарговага беларускага літаратурнага дэбюту аўтарства Кацярыны Гліністай пад назвай…якую вы і так ужо пабачылі перад тым, як пачаць чытаць гэтыя радкі. І, як усе мы разумеем, дзеля чаго тут сабраліся – дык не цягнем за хвост ката (тым больш, што ён зусім не кот), а пераходзім да справы.
Усім – падрыхтавацца, глыбока ўдыхнуць і…
І першае, што мы пасля пераходу робім – гэта выбачаемся перад кнігай за перадузята-зняважлівае стаўленне напачатку. Пасля даволі пасрэднага “Нячыстага Мінску”, з улікам усіх акалічнасцяў, чаканні ад твора былі… Ну як бы так сказаць… “Прачытаем, каб іншых папярэдзіць. Прымем на сябе удар”, так сказаць. Але, знянацку, удар прыляцеў зусім з іншага боку, іншага кшталту і за сваю перадузятасць нам цяпер шчыра сорамна)
Пачнём з таго, што твор вельмі прыемна чытаецца. Словам аўтарка валодае і валодае добра. Усё на сваім месцы: прыгожыя апісанні “без вады”, роўна настолькі, каб стварыць карцінку перад вачыма, але пакінуць прастор для фантазіі; нармальна, па-людску напісаныя дыялогі; цікавыя трапныя фразачкі і слоўцы; час ад часу – нейкія выслоўі ды фразеалагізмы. Як вам, напрыклад “кантаваныя пацеркі”, “шуфлік”? А “Ні хлеба спячы, ні піва 14 зварыць”? А апісанне колеру вачэй як “колеру старога, заветранага валуна, што парос мохам” – ну ці ж не жыр?) А рэпліка аднаго з персанажаў “Не злуй кікімар – не будзе праблем” наогул выклікае ўхмылку і ўразаецца ў памяць) Як і чэхаўскае ружжо ў выглядзе чыйгось надпісу на нейкай гарадской сцяне “Хто ты ёсць, калі ніхто не бачыць?”.
Нечым заднім адчуваецца, што месца дзеяння абранае не рандомна. А то, як часам бывае, падстаў любую іншую назву – нічога не зменіцца. Тут Мінск мала што не асобным персанажам выступае. Хаця, чаму мала што не? Якраз – выступае. Жыве, дыхае, у пэўным сэнсе прымае рашэнні і робіць выбары. Хто знаёмы з сусветам Сайлент Хіла – можа злавіць колькі паралеляў. І гэта – крута.
Горад, які існуе ў двух вымярэннях, які жыве ў двух вымярэннях, істотна адрозных адно ад аднаго і пры гэтым з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам падзей. І калі першае вымярэнне – знаёмае кожнаму, хто хоць часам наведвае беларускую сталіцу, другое – свет міжчасоўя, чараўніцтва, патубаковых істот, таемных сцежак і звышздольнасцяў тых, хто імі валодае. І, што асабліва цешыць – ён прапісаны, прадуманы, мае ўнутраную логіку і законы існавання. А мы такое любім, мы такое цэнім)
І яшчэ – на чыста інтуітыўным узроўні прасочваецца, што чалавек, які пісаў гэтую кнігу, сам вельмі, вельмі, вельмі любіць Мінск. Па-шчыраму. І гэтая закаханасць у горад, магчыма, і стала асновай + “Калыханкі”. Не падманвайцеся, дарэчы, назвай. Калі даведаецеся, да чаго тут калыханка, моцна здзівіцеся) Мілымі “люлі-люлі” над калыскай немаўляці тут і не пахне.
Як вы хіба ўжо здагадаліся, перад намі гарадское падлеткавае фэнтэзі, замяшанае на беларускім фальклоры, міфах і легенда Вельмі добра напісанае і вельмі цэласнае. Усе героі і персанажы, падзеі і лакацыі выдатна паміж сабой спалучаюцца і цудоўна прапісаныя. Унутраная логіка прысутнічае ва ўсім. Атмасфера – на месцы. Дынаміка і саспенс на месцы. Пазнавальныя імёны і назвы – таксама на месцы і, што цешыць асабліва, да месца. Таму чытаць цікава і прыемна будзе аматарам жанру любога ўзросту.
Ну і праўда, цяжка прыгадаць хоць які твор, дзе Усяслаў Чарадзей, Менеск, Сымон-Музыка, неўры, усялякія ужываюцца разам з прыдуманымі гарадавікамі, абярэжнікамі і чортам-лысым-з-горкі-дзе-ракі-свісталі)
Кніжка невялікая. Не набярэцца і 250 старонак. Але адчування кароткасці – не ўзнікае, ды й дынаміка ў яе насамрэч вельмі добрая, забуксаваць і засумаваць тэкст не дазваляе. Пазбаўленая вады і графаманскіх разліваў літар і слоў, стужка сюжэта вядзе нас ад кропкі да кропкі, перакідвае ад героя да героя, і увесь час “трымае” да самага фіналу. Які, Дарэчы, проста выдатна зроблены, хоць і адносна прадказальны. Вось сур’ёзна, ніякай недасказанасці, ніякай скамячанасці, ніякіх абарванасцяў ключавых сюжэтных ліній, якія прывялі ў нікуды. І ніякіх “а цяпер чакай, пакуль я напішу працяг”. Наадварот. Нам не толькі раскажуць, чым для каго гісторыя скончылася, дык яшчэ і гэткае пасляслоўе арганізуюць. Каб ужо яшчэ і ў рамачку карціну)
Агулам – маем вельмі класную і класна напісаную фантастычную гісторыю з халернай тучай адсылак да ўсяго, што мы любім, якая лёгка чытаецца, напісаная добрай мовай, мае ахфігіцельную дынаміку і цудоўна выконвае функцыю інтэлектуальнай забавы. Гэта не філасофская праца і не манаграфія па міфалогіі. Гэта – лёгкая забаўляльная літаратура для аматараў гарадскога фэнтэзі ў сэцінгу славянскай міфалогіі з прымесамі усякага-рознага.
Якасная.
Канешне, прыдрацца пры жаданні таксама знойдзецца да чаго. Некаторыя тэмы можна было 6 (напэўна) раскрыць пашырэй; ёсць пытанні да прапісанасці сюжэтных арак некаторых персанажаў і абгрунтаванасці іх прысутнасці ў менавіта той форме і ролі, у якой яны прадстаўленыя; павароты сюжэтныя – прадказальныя (хоць і пара нечаканчыкаў сустрэнецца). Але, сур’ёзна – гэта прыдзіркі.
Працяг, дарэчы, лёгка можна пісаць. А можна – не пісаць. А можна – не працяг, а перадгісторыю. Раптам у кагось з вас, чытачы, з’явіцца жаданне напісаць сваю гісторыю ў гэтым сусвеце. Бо свет гэты ўспрымаецца жывым і застаецца гэткім незалежна ад тых персанажаў, чыю гісторыю нам расказала пані Кацярына. І колькі гісторый у ягоных рамках можна расказаць – ды колькі заўгодна.
Ну і пра само выданне. Яно… Нармальнае. Нічога звышнатуральнага, але ў руках трымаць прыемна. Цвёрдая вокладка, добрая паліграфія, добры друк, нармальная вёрстка. Усё, як зазвычай ў “Папуры”. Прыстойнае выданне свайго сегмента. Нідзе не халтурылі, ні на чым не эканомілі. Яшчэ і кошт болей чым адэкватны, верагодна, за кошт няхілага для беларускамоўнай літаратуры накладу ў 4к+ асобнікаў. (Ага, нарэшце нармальныя кніжкі па-беларуску ў нармальнай колькасці).
Неяк так. Маем спадзеў, пабачым яшчэ добрых кніг ад Кацярыны Гліністай і спадзяёмся пабачыць іх на сваіх паліцах. Таксама – і на тое, што не дарма пішам Гэтыя тэксты, а лепшы доказ таму – вашыя рэакцыі ў каментах, лайкі-падабайкі і, канешне, вашыя завітванні ў кнігарні па “Калыханку для Мінска”.

