Казкі сівой даўніны. Кацярына Хадасевіч-Лісавая

Казкі сівой даўніны. Кацярына Хадасевіч-ЛісаваяІмя Кацярыны Хадасевіч-Лісавой у дзіцячай беларускай літаратуры  нельга не заўважыць. Не буду падлічваць колькасць выдадзеных кніг – іх многа. І яны карыстаюцца попытам, маюць тыражы куды большыя за тысячу. “Звязда” як выдавецтва займела сабе выбітнога аўтара, таленавітага, актыўнага і крэатыўнага. Кніга, пра якую пойдзе размова, я ўзяў проста для прыкладу. Льга б было ўзяць і іншую, тым больш заманліва – серыю пра іншапланетнага хлопчыка (ці хто ён там).

Зараз мне хочацца павесці гутарку не проста пра кнігу і яе аўтара, але пра аўтара і яе дзейнасць, як новую з’яву ў сферы дзіцячай літаратуры. Няхай мне пасля нехта зробіць закід, маўляў, а вось там тое даўно, мяне гэта не кранае, бо мы кажам пра нас тут і цяпер.

Такім чынам, пункт 1: аўтар як Нехта

На кніжках Кацярыны недзе на вокладцы зверху-знізу стаіць адмысловы значок: яна сама ў крузе з ноўтам і кнігамі і надпіс зверху: “Казкі кніжнай феі”. Канешне і безумоўна, ёй пашанцавала: яна прыгожая, мілая, усмешлівая, артыстычная. Кожная яе сустрэча – то не сустрэча з дарослай аўтаркай, але спатканне з феяй – яна стварае асаблівы вобраз ці не на кожную новую сустрэчу (самастойна ці з дапамогай стыліста – тое няхай за кадрам). Мне даводзілася бачыць і “ў жывую”, і па фотаздымках моманты такіх падзей. Канешне, дзеці ў захапленні. Наша аўтарка ўмее весці сябе з дзецьмі так, каб ім было цікава, яна – настаўніца малодшых класаў, каму як ні ёй, ведаць дзяцей, іх жаданні і хаценні. Зноў жа, быццам пашанцавала. Але з другога боку, прызнаем: Кацярына па максімуме скарыстала тыя магчымасці, якія падарыў ёй лёс, і стварыла з сябе, настаўніцы, сапраўдную кніжную фею і перастварыла стасункі “аўтар-юны чытач” з занудных размоў у цікавае шоў.

Пры ўсім, будзем помніць пра тое, што, як у тым балеце, лёгкасць і нязмушанасць даюцца доўгай працай і нямалымі высілкамі.

Павінен прызнацца ў двух рэчах. Першая: некалі за круглым сталом я выказаўся супраць таго, каб аўтар быў і швец, і на дудзе грэц. Ягоная справа – пісаць, а не ладзіць усе гэтыя шоў з пераапрананнем. І недзе на донцы душы такім маё меркаванне і застаецца. Але другое: я адчуваю, што маё стаўленне – памылковае. У час, калі беларуская мова для дзетак ідзе ў школах як амаль што замежная, не да асабістых упадабанняў. Тут усе сродкі добрыя, каб хоць адно дзіця з класу завабіць беларускай кніжкай.

Прыканцы да гэтага пункту: кніга “Кропля ў космасе” Аляксандра Ждановіча выйшла з падобным значком на вокладцы і слоганам “Той самы Маляваныч”. І гэта, як па мне, цудоўна, бо мае перспектыву, апраўдана і проста цікава для дзяцей.

Пункт 2: не толькі чытанне

Чытаю тэкст, сустракаю слова, якое набрана іншым колерам. Першая думка: канешне, ляп нейкі. Але вось яшчэ адно такое, вось усяго адна літара… Разгадка ў канцы кнігі: дзецям прапануецца адшукаць усе такія словы і скласці з іх прымаўку. Пасля – здымак з кнігай у інсце, прыведзеная прымаўка і атрыманне умоўнага падарунка – каляровай карткі. Цікава? Безумоўна.

Яшчэ адна неспадзяванка як для мяне – усярэдзіне на развароце – “Вандрульня”. Гэта калі кідаеш кубік з лічбамі і пакрысе перасоўваешся па намаляванай дарожцы з усімі яе пасткамі, масткамі і гэтак далей. Добра? Добра. Выкажу адно пару заўваг: для такой гульні льга б было і кубік з фішкамі прыкласці да кнігі. Другое: малюнак мала расквечаны, многа шэрага колеру, тыя ж масткі і карасі льга б было зрабіць больш яркімі. Трэцяе: само слова вандрульня. Мне не падабаецца. Лепш – вандроўня, тым больш, такое слова ўжо існуе.

Дадам, што практычна ўсе кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой ідуць як з рознымі заданнямі, так і з гульнямі.  Тут згадваецца адразу кніга Аксаны Спрынчан “Народны каляндар школьніка” – не менш, а нават больш інтэрактыўны. Відавочна, што такая практыка мае пад сабой трывалую базу і вартая для пераймання.

Пункт 3: тэкст

“Казкі сівой даўніны” – аўтарскія легенды. Здольнасць да прыдумвання аўтаркі тут раскрываецца ва ўсёй прыгажосці, як кажуць. Чытэльная мова, лёгкая, не загрувашчаная, але і з элементамі метафар, іншых тропаў, якія раскрываюць для юнага чытача моўнае багацце. Цікавыя сюжэты, нават і для дарослага. Што праўда, дзве першыя легенды надта драматычныя, шмат і трагізму. І любімых намі ў дзіцячых кнігах відавочных перамог дабра над злом няма, як няма і заклікаў чысціць на ноч зубы. Неяк абышлося без павучанняў і дыдактыкі ў лоб. Усё ж, як па мне, смярцей занадта для дзіцячай кнігі, з другога боку, тут льга і паспрачацца. Легенды пра раку Вілію і з’яўлення азёр Беларусі асабіста мне падаліся вельмі рамантычнымі, апошняя – дык і прыгожай. Вельмі дарэчы і цікава уплецена традыцыя сватання, гэткі гістарычны момант.

Не абыдзецца мой водгук без прыдзірак: належнага дбання рэдактара ў кнізе я не пабачыў. На жаль, сустракаюцца прыкрыя памылкі. Тут ужо наўпрост хочацца звярнуцца да аўтараў:  прасачыце за праўкамі да апошняга моманту, каб, прыкладам, не было замены слова жаночага роду на мужчынскага, а дзеяслоў і прыметнік не паправіліся.

Мая асабістая заўвага да аўтаркі: варта б больш думаць над імёнамі персанажаў. Свая багатая фантазія – гэта добра, але ж вельмі хочацца каб імёны і назвы гучалі максімальна па-беларуску…

Замест падсумавання: за апошнія 10 гадоў дзіцячая кніга ў нас перамясцілася па колькасці аўтараў і выдадзеных асобнікаў на першае месца. Тых самых дзіцячых аўтараў развялося, як апалонікаў. Але ж відавочна іншае: тут закон дыялектыкі – пераход колькасці ў якасць – не спрацуе. Канешне, цягам часу спадзе пена, застануцца сапраўды добрыя аўтары і добрыя кнігі. Цяпер бы хоць за адным сачыць – за элементарнай пісьменнасцю, за чысцінёй мовы.

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ