Нядаўна прачытаў, што зараз ледзь не кожны крытычны допіс пра кнігу ці гурт заканчваецца прапановай набыць асобнік, альбо квіток на канцэрт.
Мне падалося, што з гэтага можна і пачаць. Таму, калі ў Вас няма ў хатняй бібліятэцы ніводнай кнігі Алеся Сцяпанавіча, то набывайце смела, дакладна не пашкадуеце.
Па сутнасці гэта 7 кніжак, змешчаных пад адной вокладкай – Вершы. Паэмы. Пункціры. Версэты. Вершаказы. Квантэмы. Зномы.
У анатацыі мы можам прачытаць, што ў томіку выбранага прадстаўлены творы, якія аўтар сам вылучыў для сваёй анталогіі. Гэта не зусім так… Першапачаткова “аўтарскі” рукапіс змяшчаў 1200 старонак, па выніку атрымалася 600, то “выбаршчыкамі” ўсё-такі варта лічыць Ганну Кісліцыну і Галіну Разанаву. Таму не здзіўляйцеся, калі не адшукаеце ў кнізе колькі любімых вершаў, змясціць у адным томе было немагчыма.
Распачынаецца кніга ўзорнай прадмовай спадарыні Ганны – сапраўдны майстар-клас “як правесці чалавека ў складаны свет паэтыкі Алеся Разанава”. Атрымаўся глыбокі і ёмкі расповед пра асноўныя этапы творчасці, знакавыя кнігі, пошукі і знаходкі… і ўсё зразумелай мовай, без залішняй тэорыі, але і без маслітаўскіх спрашчэнняў. Калі ў каго ёсць патрэба разабрацца ў гэтым пытанні грунтоўней – адсылаю да манаграфіі Ганны Кісліцынай “Алесь Разанаў. Праблема мастацкай свядомасці”, а таксама кніг Анатоля Івашчанкі “Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй” і Івана Штэйнера “Уводзіны ў невымоўнае: філасофія паэзіі Алеся Разанава”.
Першы раздзел называецца правакатыўна – ВЕРШЫ.
І, збольшага, адпавядае зместу зборніка “Адраджэнне” (1970). Не бяруся сцвярджаць, што ў гэтых творах мне бачыцца прадвесне “кананічнага” Алеся Сцяпанавіча, але яны вітальныя, шырокія, максімалістычныя. Вершы, у якіх абавязкова б з’явіўся свой чытач і з кожным новым зборнічкам іх колькасць расла б. У гэтым можна не сумнявацца:
* * *
Ноч гасіць у вокнах агні…
і дыхае ветрам і лёдам.
Нібыта ў рацэ акуні,
Ва мне
касякі мелодый.
А я,
непапраўны рыбак,
з няпэўнай надзеяй на ўдачу
хаджу на нямых берагах,
чакаю, маўчу і рыбачу.(1966)
Але на тое ён і Разанаў, што заставацца ва ўтульнай літаратурнай будзённасці не жадаў:
…я маю права
ўсё закрэсліць
і потым
нанава пачаць.
і сапраўды крэсліў і пачынаў занава, не жадаючы паўтарацца і, тым больш, хадзіць па чужых шляхах.
Абмінуўшы ўвагай першыя ПАЭМЫ,
укладальнікі змясцілі ў адпаведным раздзеле больш познюю паэму-трыпціх “Гліна. Камень. Жалеза” (1994-2000). Памятаю, як упершыню знаёміўся з ёй падчас навучання ў “Беларускім калегіюме” і сваю разгубленасць на занятку. Зараз, пэўна, я папляскаў бы сябе маладога па плячы і сказаў, што гэта нармальна. Ці ты хацеў каб табе ўсё падавалі разжаваным? Можа, калі паварушыць крыху глуздамі, то адкрыеш для сябе нешта новае?
Калі б ізноў мне прыйшлося адказваць Валянціну Акудовічу на семінары па чытанню тэкстаў пра гэты трыпціх, то звярнуў бы ўвагу на герменеўтычны характар твора. Спробу з розных бакоў з дапамогай слова пранікнуць у сярэдзіну – сутнасць гліны, каменя і жалеза… Вытлумачыць іх. Разархіваваць… выцягнуць на паверхню колькі магчыма сэнсаў і скарыстаць знойдзенае для больш экалагічнага ўзаемадзеяння з быццём. У нашай прасторы.
У гэтым плане ідэя ўзяцца за “Гліну” была сапраўднай удачай, бо яна, як прагаворвалася на згаданым семінары выдатна рыфмавалася з “ліючайся формай” Ігната Абдзіраловіча, адной з лепшых метафар Беларусі.
Хораша, што Алесь Разанаў спыніўся на трыпціху, хораша, што не абмежаваўся “Глінай”. Уменне спыніцца і правесці рысу пад пэўным этапам я б вылучыў, як характэрнае.
58 (апошняя частка “Гліны”)
Калі дакранаюся да яе,
Яна
Нешта інакшае ўжо,
Чым гліна.
Усё,
Што збылося, –
Знікла.
І што не збылося –
Знікла.
Няма ні жывых,
Ні мёртвых,
Ні пераможаных,
Ні пераможцаў.
І толькі страла
У нерухомай пространі гліны
Ляціць
З пачатку ў канец.(1994)
ПУНКЦІРЫ – мая любімая частка.
Паэтычна-філасоўскія абразкі. Беларускае прывітанне ўсходняй паэзіі. “Сціслыя, як формулы, і красамоўныя, як малюнкі” (А.Р.) І няхай вас не падманвае падманлівая простасць формы. Тут адзін крок да банальнасці й глупства. Сам рабіў гэты крок неаднойчы.
Пункцірамі я найчасцей дзяліўся на сваіх старонках у сеціве, на мерапрыемствах у музеі, таму выбраць нешта новаўпадабанае цяжка, але можна:
Які пахмурлівы небакрай!..
Адтуль
вясна надыходзіць.
*
На небе туман,
на зямлі слата:
н а ш а надвор’е?
*
Лодка ў рацэ:
палова – ў адлюстраванні,
палова – ў люстэрку самім.*
І гэта не тое,
і тое не гэта:
з вядра
выкідвае смецце варона.
*
Скокнула з кладкі жабоцька:
дадому
дае дарогу.
*
Убачыў на ходніку грош,
дакінуў другі:
ў набытак.
*
Сонца цярушыцца,
свеціцца дождж –
змяшала
найменні восень.
*
Юная маці:
у немаўляці
вучыцца быць, кім ёсць.
ВЕРСЭТЫ – прамовы ў сне, альбо моўныя сненні на яве, вершы-замовы…
Пэўна самы медытатыўны раздзел у кнізе. Пісаць пра яго вельмі складана, як і чытаць, бо праглынуць масівам, не атрымаецца. Чытач рухаецца ўслед за аўтарам і на пэўны момант застаецца ўнутры твора, губляецца ў бясчассі. Хутка 26 красавіка… то няхай ілюстрацыяй будзе такі версэт:
ЛУЖЫНЫ
Зьбiраюцца парушэньнi.
Мяшаюцца поры года.
Як дым, па наўкольлi паўзе трывога.
У лужынах млее вада — а людзi ня вераць
вадзе,
у лужынах грае сонца — а людзi ня вераць
сонцу,
у лужынах плёхкаюцца аблокi — а людзi
ня вераць аблокам.
Яны пазiраюць, куды ўжо зайсьцi
немагчыма, — удалечыню.
Там, па дарозе, па лузе, ад лужы да лужы,
пасьля дажджу, бягуць басаногай
чародкаю дзецi, сьмяюцца, нагамi
намацваюць неба, вясёлку, плыты аблок i
не баяцца нiчога.
Гэта было да таго, як выпаў аднаго разу
шкляны дождж,
гэта было да таго, як павыступалi з зямлi
нажы ды iголкi,
гэта было да таго, як сьвет стаў раптам
дарослым.(1986)
і вось такі…
Мяжа
З левага боку — поле і з правага —
поле, а проста — мяжа:
на ёй божыя слёзкі, на ёй сівец,
і бацька, панурыўшы галаву, стаіць на
мяжы з касою.
Даўно ўжо стаіць — заржавела яго каса
счарнела касільна,
праз скошаную траву прарасла маладая…
I чуць ён не чуе, як б’е капытамі зямлю
і гучна іржэ на двары буланы,
і бачыць не бачыць, як ззяе на небе
адразу два месяцы — ветах і маладзік.
Лаканічным увасабленнем герменеўтычнай (вытлумачальнай) паэзіі Алеся Разанава сталі ВЕРШАКАЗЫ.
Але ў іх аўтар не абмяжоўваецца разглядам функцыянальнага начыння таго ці іншага слова і звязанай з ім вобразнасці (як тое збольшага было ў паэме “Гліна. Камень. Жалеза”), а выкарыстоўвае актыўна фанетычныя сугуччы цэнтральнага, стрыжнявога панятку.
Аўтар прыцягвае на дапамогу падобнае па гучанні і, часам, праз нечаканыя супадзенні робіць парадаксальныя адкрыцці.
Яшчэ адной асаблівасцю вершаказаў можна было б назваць трансмоўнасць – выкарыстанне словаў іншых народаў, у асноўным славянскіх.
ПАСТКА
Пастка — частка прасторы, аднак такая частка, якая, месцячыся ў прасторы, змяняе структуру самой прасторы: у яе лёгка ўвайсці, але з яе цяжка выйсці, у яе проста ўпасці, але няпроста выпасці.
Калі ўсе падаюцца спаць, пастка не спіць, яна ўстойлівая ў сваім пастаянстве, яна на пасту, яна посціць, і суткі мінаюць за суткамі, пакуль штось не стукнецца ў ёй, не ляснецца, не пасунецца — і яна не замкнецца.
Пастка ставіцца не ў пустцы, куды заходзяць адно толькі самотныя пілігрымы, і не на пляцы, дзе ўсе ходзяць статкам, а на сутыку пусткі і пляца, дзе песціцца сад спакусы і дзе распяраз-ваюцца, скідаючы свае паскі, пачуцці. Але таму, хто спатыкаецца на гэтым сутыку, прызначае спатканне помста, і таго, хто каштуе спакусу, кусае пастка.
Пастка, аднак, зусім не зацікаўленая ў тым, каб некага захопліваць у сваю пашчу, каб некага скоўваць пакутай, яна перш за ўсё пастух, які пасвіць чалавека на яго жыццёвым шляху, не даючы яму заблудзіцца ў свеце і змарнаваць у нясталых стасунках са светам сваю каставасць, сваю выключнасць, сваю «сакратавасць» і «паскальнасць».
Той, хто, трапіўшы ў пастку, знаходзіць з яе запасное («спасное») выйсце, па сваім стане і статусе ўжо іншы, чым быў дагэтуль, і іншая па сваім стане і статусе пастка: не супастат, якога клянуць усе небаракі, а сама іпастась чалавечага існавання.
Але пра гэта даведваецца толькі вынік, толькі канец, толькі пастскрыптум.
Самы кароткі раздзел кнігі – КВАНТЭМЫ.
Назва гэтага паэтычнага жанру цалкам апраўданая, бо па сутнасці Алесь Разанаў прадстаўляе на суд чытача эсэнцыю верша, паэтычны спірт 99,9%, ну альбо горкі шакалад, адпаведнай працэнтоўкі. Калі з верша адпампавана ўсё паветра:
*
зыначваю нажы
у промнях вочы
не помняць ночы
нанава жывы
*
няма калі
спазняюцца сляды
усюды выклік
пазнаюць малюнкі
*
ломяцца мыліцы
хмары ў памылцы
малюе
полымя храм
*
у вокліку грак
рака
ўвалоквае ўпотайкі
наваколле
Неаднойчы бачыў, як да Алеся Разанава падыходзілі філолагі абмеркаваць менавіта квантэмы, вылучаючы іх у творчасці паэта асабліва. Гурманства яно такое. Варта ўзгадаць смак спірытуса, ну альбо добра горкага шакаладу, калі са спірытусам вам перасекчыся не пашчасціла. Чытаюцца квантэмы – адпаведна.
А завяршаецца кніга ЗНОМАМІ…
афарыстычнымі выказваннямі, развагамі, лірычнай прозай, думкамі пра жыццё і паэзію. Чытаць зномы – гэта, як прымасціцца ў куточку і слухаць разумнага чалавека. Радавацца, што апынуўся з ім у адной кампаніі.
Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова.

