2005 год. У польскім мястэчку Цукроўка дзеюцца дзіўныя рэчы. Па раніцах на снезе знаходзяць сляды чалавечых ступняў і звярыных лап, а па начах з дахаў розных дамоў хтосьці спявае на невядомай мове. Цягнецца ўсё гэта даволі доўга, да самага лета. Па акрузе разгульваюць трое сяброў падлеткаў – неназваная дзяўчына-апавядальніца па прозвішчы Сарэцкая і двое яе сяброў Ганс і Міша. У адной са сваіх прагулак яны заўважаюць, што таямнічая постаць, якая бадзяецца па горадзе гэта Магда, дачка мясцовага старшыні. І пасля гэтага пачынаюць распаўзацца чуткі.
Адначасова з гэтым бацька апавядальніцы збірае прадвесці надыходзячага канца свету, адным з такіх прадвесцяў становіцца смерць Папы Рымскага Яна Паўла II (той самы, які «из наших, из поляков, из славян»). Аповед увесь час скача ад цяперашніх падзей да мінулага (мінулага як сям’і апавядальніцы, так і ўсяго гарадка). У мінулым таксама хапае таямніц, гэта і знікненне заплакаўшага абразу Марыі, празванага ў мястэчку Станаваеннай, і паходы статуі Марыі Зморніцкай якая з’явілася замест зніклага абразу. І гэта не ўсе таямніцы задзейнічаныя ў кнізе.
Сям’я апавядальніцы скаладаецца з трох пакаленняў. З старэйшага – бабка, заўзятая камуністка, прадстаўленая як таварышка Сарэцкая, яна, так бы мовіць «адказвае» ў кнізе за польскаю гісторыю часоў ваеннага становішча і зусім крыху з часоў Другой сусветнай вайны. Бацька і маці гераіні засталі часы «Салідарнасці», далучэння да Еўразвязу, уступлення ў НАТА, пераходу ў Шэнгенскую зону. А сама апавядальніца з малодшага пакалення, і што яе чакае – невядома.
Каб зразумець усе гістарычныя алюзіі мне дакладна не хапіла знаёмства з масавай польскай культурай.
Кніга атрымалася добрая. Часамі смешная, напрыклад эпізод пра курэй якім чытаюць Біблію, а пачатак другой часткі прымусіў і пасмяяца
Калі я ўстала зранку, бабкі ўжо не было, а другі паверх выглядаў апусцелым.
– Бабуля пакінула нас назаўжды, – растлумачыў мне бацька. – Памерла, – дадаў ён праз хвіліну маўчання.
…Таму можаце сабе ўявіць маё здзіўленне, калі бабка праз тры дні патэлефанавала нам з таго свету, а я падняла слухаўку.
– Як табе там, бабуля? – нясмела спытала я. Я не ведала, пра што прынята размаўляць з памерлымі.
… Толькі праз некалькі дзён мама, злосная на бацьку, растлумачыла мне, што бабка званіла не з таго свету, а з Масачусэтса.
Увогуле інтрыга закручаная так, што не зразумела які тут жанр, ці то дэтэктыў, ці то містыка. Забойства, сямейныя тайны, дырэктар музею які магчыма жыве з часоў паўстання Каліноўскага, дзяўчына-самнамбула, таямнічы Кабельшчык. Але развязка тлумачыць усё вельмі выразна і нават дзесьці з гумарам.