Што ж, вам трэба ведаць пра мяне два факты. 1️⃣ Я не люблю фэнтезі. 2️⃣ Я даўно не чытала кнігу, якая так моцна трымала мяне да апошняга радка. Чытала ўвесь вольны час і не адчувала эмацыйнай стомы.
⠀📕 “Зграя” Андрэя Андрыеўскага — гарадское фэнтэзі, падзеі адбываюцца ў Мінску 💜 і ў паралельным сусвеце, што населены зграямі ваўкоў.
⠀Мне тут хапіла ўсяго: і экшэну, і рэалізму, і псіхалагізму, і трывогі, і спачуванняў. Добры рэцэпт быў у аўтара! Мне даспадобы!
⠀Калі хочацца трохі паказытаць нервы або проста пачытаць што захапляльнае — бярыце.
⠀Фінал — шок.
⠀🌟 9/10
⠀У той электроннай версіі, што была ў мяне, шмат памылак. Гэта, на жаль, трохі абурае. Але лепш пачытаць харошую кнігу з памылкамі, чым зусім не даведацца пра яе.
Пазначка 12+, але я не раю чытаць у такім узросце: ёсць жорсткія сцэны.
Выдатная кніга пра паралельныя сусветы, надзею, адчай, адвагу. Падзеі адбываюцца ў Менску, а таксама ў сусвеце ваўкоў. Класічна разгортваецца сюжэт, але напружанне ад кульмінацыі проста зашкальвае. Напісана ладна, добра, героям — іх словам і пачуццям — верыш. Нечаканы фінал яшчэ больш абвастрае ўражанні ад кнігі.
Раю нават не-аматарам жанру, бо кніга не адпускае, хвалюе і адкрывае ў чытачы што новае.
Пасля двух старонак чытання першае жаданне – знайсці аўтара і біць па руках і мяккім месцы. Бо тэкст не вычытаны. І тут вось што зразумеў: пэўна ж, не ўсе тыя, хто карыстае беларускую мову, ведаюць, што для Ворда можна знайсці беларускі слоўнік! І тады ён будзе правяраць арфаграфію, і тэкст будзе ўратаваны хоць бы ад такіх памылак, кшталту:
думка пра дзяoxsye з кавярні
Ну і далей, канешне, хапае таго, ад чаго даводзіцца крывіцца.
Прызнаюся, крывіўся я не надта доўга. Далей проста шкадаваў. І вось па якой прычыне.
Згадаў, дзе я чуў назву твора раней і прозвішча аўтара. Конкурс “Шуфлядка”. Той год, калі ў абойме фіналістаў апынуліся і мае Вольнеры, другая кніга. “Зграя” Андрыеўскага прайграла, мо і з-за мяне. Калі б выйграла – тэкст бы трапіў да добрага рэдактара, разам бы яны давялі да ладу… Бо нямала ў тэксце месцаў, якія льга і трэба шліфаваць, крышачку мяняць. Папрацаваць з мовай.
Бо ёсць жа што даводзіць! Шкада, не магу ўскрыкнуць: “Запомніце гэта імя!”, бо ж будзе плагіят, таму скажу ціхенька: аўтар – здольны. Таленавіты.
Не назваў бы тэкст фэнтэзі – настолькі тут прапрацавана ідэя, якая грунтуецца на пэўных фізічных законах. І хоць тое грунтаванне на ўзроўні дагадак і інтуіцыі, ніякага тлумачэння мы не дачакаемся, тым не менш, перад намі фантастыка. Тут падумалася: а чаму нам так хочацца заўсёды бачыць тлумачэнне? Помніце, першы фантастычны твор, у якім ніц не было зразумела – Стругацкія, “Краіна барвовых хмар”? Яно ж, урэшце, так і павінна быць: нельга вось так, сходу, зразумець чужую цывілізацыю. Таму што – іншае.
Андрыеўскі стварае не проста новы свет, але піша аб паралельных сусветах. З магчымым пранікненнем з аднаго ў адзін (сучасная тэорыя струн руліць!). Карацей, заблытана. Але створаныя іншыя сусветы… Яны прыгожыя. Яны цікавыя.
Да ўсяго, аўтар можа пісаць і ствараць. Таму іншасць – жывая. Хай вельмі неверагодная, але –сапраўдная. Гэта першы плюс на вагі.
Другі – дынаміка тэксту. Ну, проста не дае спыніцца, далібог. Вельмі дакладна, на нейкім сваім інтуітыўным узроўні, аўтар мяняе ракурс апавядальніка з сусвету на сусвет, з дзеі на дзею. Атрымліваецца – захапляльна. Не надакучвае чытаць.
Што прываблівае асабліва: аўтар не пачынае “філасофстваваць”, ён не ўводзіць у гісторыю новых герояў толькі каб пашырыць дзею і больш заблытаць ці дадаць тэксту. А гэтага іншым разам і баішся, бо ж сусветы, зграі – вельмі розныя, складаныя, тут насамрэч ёсць дзе разгарнуцца, тут прастора для інтрыг, тайн, нечаканасцей. Не, Андрыеўскі трымаецца галоўнай лініі і не загрувашчвае сваю гісторыю рознымі адгалінаваннямі, тут усё толькі тое, што насамрэч рухае сюжэт. Таму яна, гісторыя, атрымалася максімальна канцэнтраванай, цэльнай. (Хоць, лёгка можна напісаць тры кнігі на аснове адной, праўда)
Трэці плюс – абсалютна новая канцэпцыя пабудовы сюжэту. Тут не непасрэдны ўдзел героя ў падзеях, а нешта ўскоснае і не надта выразнае, але менавіта гэты момант і цікавіць найбольш. Няма ў наяўнасці супер-пупер ваяра, які з нашага сусвету трапляе ў сусвет разумных ваўкоў і вучыць іх майстэрству вайны і “адным махам дзесяцёх забівахам”. Тут дастаткова слабы і няўпэўнены ў сабе малады чалавек, які сніць – і гэты сон якраз і мае значэнне. Бо ён, герой, – Апавядальнік. Але не просты.
Чацвёртае. Цывілізацыя ваўкоў вельмі ўражвае. Канешне, тут ёсць нейкая, можа, і наіўная паралель з пабудовай чалавечага свету, але тыя ўласцівасці зроблены такімі праставатымі на першы погляд адмыслова. Грамадская пабудова розных зграй вельмі пераканаўчая, героі-ваўкі маюць свае характары, іх дзеянні псіхалагічна абгрунтаваныя і вывераныя.
…Аўтар прайграў у конкурсе “Шуфлядкі”. І не было яму каму падказаць, і сам ён не ведаў: а што далей з тэкстам? Ну, вось жа – завярнулі назад… І ён размяшчае яго, як ёсць, не адрэдагаваны, без позірку карэктара, на пэўны рэсурс. “Можа, хто пачытае…” Але ж пачыталі. І ацанілі.
Харошы тэкст. На жаль, ягоны памер – усяго ля шасці аўтарскіх лістоў – малаваты для адной кнігі, але… можна ж напісаць яшчэ адну гісторыю – і тады кніга будзе выдатнай. А што аўтар можа, тое несумненна. То трэба яго спаймаць, злёгку пабіць ды прымусіць ствараць.
В. Г.