Нядаўна выйшла 5-я частка, якраз прачытаў першую (2013-2014 год), то нейкімі думкамі падзялюся. Думаю, што напісанае ніжэй будзе датычыцца і іншых кніг дзённікавага праекта.
Як чытач, я рассмакаваў гэты жанр нядаўна. Так, былі “Лісткі календара” Максіма Танка, але мне чамусьці яны падаваліся нейкім выключэннем. У пэўнай ступені гэта так і было, бо ў савецкі час беларускіх кніг-дзённікаў амаль не выходзіла.
Але цяпер, пасля таго як пазнаёміўся з кнігамі і ўрыўкавымі дзённікамі Івана Шамякіна, Янкі Скрыгана, Кузьмы Чорнага, Адама Станкевіча, Вячаслава Адамчыка, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна пагляд крыху змяніўся.
Так. У першую чаргу цікавіла фактура. У побытавых замалёўках ажывалі знакамітыя гістарычныя і літаратурныя персанажы, пад цікавымі ракурсамі падаваліся вядомыя падзеі, раскрываліся ўнутраныя механізмы пэўных з’яў, захапляла псіхалагічнасць і шчырасць некаторых выказванняў.
Але было яшчэ нешта. Частка дзённікаў давала заглянуць у майстэрню творцы. Прастора дзе аўтар трэніруецца, набівае руку, падтрымлівае сябе ў форме.
Гэтыя характарыстыкі маюць дачыненне і да кнігі “Заўтра была адліга”.
Перад намі хроніка – сямейная і літаратурная. Асабістую трагедыю аўтара, запісамі пра якую прасякнуты 2013 год, я падрабязна разбіраць не буду, але вельмі адметна, што серыя пачалася менавіта з гэтага года і тэрапеўтычная функцыя дзённікавых запісаў, тут праявілася напоўніцу.
Падзеі “рамана” не вельмі аддалены ў часе, то многія дзеючыя асобы і апісаныя сітуацыі чытачу знаёмыя. А гэта магчымасць глянуць чужымі вачыма на вядомыя з’явы, далучыцца да размовы, альбо згадаць, якое-небудзь літаратурнае мерапрыемства, якое самі наведвалі.
31.01.2014
Выступаў у Музеі Максіма Багдановіча на адкрыцці мастацка-дакументальнай выставы “Праглядзіце гэты томік…”, прысвечанай 100-годдзю выхаду ў свет кнігі “Вянок”. Дзелячыся ўражаннем ад экспанатаў, я сказаў: “Спыніўшыся каля дзвярэй з шыльдай “Беларуская газета “Наша Ніва”, мне захацелася іх адчыніць, бо раптам уявілася, што за імі сапраўды рэдакцыя газеты, за імі пачатак дваццатага стагоддзя, за імі нашая Вільня і Максім Багдановіч”. Адразу ж музейны фатограф кінуў рэпліку: “За гэтымі дзвярыма нашая бухгалтэрыя”.
21.03.2013
У выдавецтва прыходзіў Адам Глобус. Прынёс аздабленне да бацькавай кнігі “Песня”, якую будзем выдаваць у серыі “Проза ХХ стагоддзя”. Узгадаўшы мае Пугачы, Глобус сказаў: “Чаму я, Віця, ні разу не быў у тваіх Пугачах? Звазі мяне ў Пугачы! У Барселоне быў 19 разоў, а ў Пугачах ні разу!”
ці звазіў… не ведаю.
Проза жыцця і паэтычнае светасузіранне на старонках кнігі Віктара Шніпа ўжываюцца мірна. Побач з побытавай замалёўкай вы прачытаеце россып параўнанняў. Часам больш удалых, часам менш. І гэта хораша ілюструе згаданую вышэй майстэрню.
Шпакі чорныя, а песні ў іх светлыя.
Буслянка з буслом, як цэнтр вясны.
Захад чырвоны, быццам царкоўнае віно.
Дзень быў доўгім, як дарога праз незнаёмы лес…
Каля мурашніка спелыя суніцы, як чырвоныя ліхтары на мурашынай вуліцы…
але
Каля дарогі на палях месцамі сонечныя батарэі, як надмагільныя пліты…
Ён высмоктваў з пальца стрэмку, каб ёю запарушыць вока камп’ютару…
У вёсцы было ціха, як у бульбе.
Растаяў снег і на клумбе жоўтыя і белыя недапалкі, як абляцелыя пялёсткі кветак смерці.
Вялікая частка запісаў прысвечана рэдактарскай працы і наведвальнікам выдавецтва. Гэтыя раздзелы думаю было б цікава пачытаць аўтарам – зірнуць на сябе вачыма літаратурнага работніка:
16.03.2013.
Вясна. Жабы яшчэ не прачнуліся, а графаманы адзін за адным ужо ходзяць па рэдакцыях…
і прыносяць усякае…
06.02.2013
Другі месяц у выдавецтве чытаем рукапісы, у якіх шмат сэксу. Мы не супраць сэксу, але ж… Апошні хіт з прачытанага: “Ён зняў з яе трусікі ў кветачкі, а яна тут жа ўхапілася за яго свабодны мікрафон”.
19.06.2013
Усё чытаю і чытаю чужыя рукапісы. Добрыя творы, як родныя, радуюць душу, а кепскія толькі раздражняюць, як галодныя бяздомныя сабакі, якім мне няма чаго даць…
У “дзённікавым рамане” шмат лірычнасці і апісанняў, але хапае месца і гумару і самаіроніі.
21.09.2023.
Я з Людай, сястра Валя з мужам і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы. Выбіралі бульбу. Увесну пасадзілі два мяхі. Сёння выбралі два. Бульба не прапала.
29.04.2023.
“Мне ўжо не быць прыгожым!” – уздыхнуў сусед Дзіма, гледзячы на шпака, што сядзеў на шпакоўні.
Хроніка сямейных падзей прадстаўлена ўперамешку з апісаннямі прыроды і афарызмамі аўтара, да якіх тыя ж пытанні, што і да шматлікіх параўнанняў:
Хварэць – гэта таксама жыць.
але
Поўня – гэта святло ў канцы тунэлю…
Не абышлося без паэзіі, якая прадстаўлена вялікім блокам унутры кнігі і паасобнымі запісамі па тэксце. Спыняцца на іх не буду, бо паэзія Віктара Анатольевіча, гэта тэма для асобнай гаворкі. Прывяду толькі адзін верш з кнігі:
Настрой такі, што ўсё няміла,
І шэры горад, як магіла,
Дзе мы, як прывіды, жывём.
І жоўты снег, і белы вецер,
І сонны, як хвароба, вечар
Душу апальваюць агнём.
Агонь жа не стушыць вадою,
Ён быццам крыж па-над царквою,
Якая ў памяці стаіць.
І я іду дамоў з работы,
І ўслед смяюцца ідыёты,
І сіл няма, каб іх любіць.
Хораша задавалі арытмію агульнай плыні запісаў занатаваныя інтэрв’ю (гісторыі сваякоў) і падарожныя нататкі. Магчыма, нейкія моманты прадстаўленыя ў кнізе пададуцца занадта дробнымі і нявартымі ўвагі, але я б гэта аднёс да працягу станоўчых якасцей кнігі – гэтай самай пазнавальнасці і надзённасці. Магчыма надрукуй аўтар свой дзённік гадоў праз дваццаць, выбарка была б крыху іншая і нешта за непатрэбай адвалілася б само.
Кніга спадабалася, таму смела магу яе рэкамендаваць усім аматарам жанру.