ВОПЫТ ЗапавольваннЯ,
АЛЬБО палімпсесты Алеся Аркуша
«…Аднойчы ён мне сказаў: разумееш, нічога нельга зьмяніць. Што павінна быць — адбудзецца…»
Алесь Аркуш, «Запавольванне»
Алесь Аркуш — творца, без якога нельга ўявіць панараму сучаснага айчыннага літаратурнага працэсу. Сапраўдны пасіянарый беларускай культуры і літаратурнага андэграўнду, ён уяўляецца гэткім Сізіфам, які раз за разам ускочвае ўгору камяні, уздымае пласты і ніколі не страчвае свайго заўсёднага аптымізму. Яскрава заявіўшы пра сябе яшчэ ў другой палове 80-х як паэт, ён пазней гэтак жа паспяхова заняўся арганізатарскай дзейнасцю, стварыўшы Таварыства Вольных Літаратараў і выдавецкую суполку «Полацкае ляда», заснаваўшы часопісы «Ксэракс Беларускі» і «Калосьсе», выпусціўшы дзясяткі арыгінальных кніг адметных аўтараў, пры гэтым ладзячы на сваёй другой радзіме — Полаччыне — яркія ды запамінальныя літаратурныя імпрэзы. А літаратурная прэмія «Гліняны Вялес»! Вакол яго заўсёды гуртаваліся і працягваюць гуртавацца неардынарныя, «нефарматныя» творцы — літаратары, музыкі і мастакі.
Не кідаючы пісаць вершы, Алесь Аркуш шчыльна займаецца эсэістыкай, а пасля і прозай. Пачынаючы з канца дзевяностых адзін за адным выходзяць зборнікі эсэістыкі «Выпрабаваньне развоем», «Аскепкі вялікага малюнку», «Брызгалаўка», а затым і раманы — «Палімпсэст», «Мясцовы час», «Захоп Беларусі марсіянамі», «Сядзіба», «Спадчына».
Калі акрэсліваць асноўныя рысы ягонага літаратурнага стылю, то найбольш трапна будзе ўжыць азначэнне «некананічнасць». Дзякуючы гэтай галоўнай прыкмеце творчасць Аркуша пазнавальная адразу, яе не зблытаеш ні з якой іншай. Так, сапраўды, у ягонай прозе амаль адсутнічае традыцыйны лінейны аповед, дзеянне большасці ягоных твораў адначасова адбываецца ў розных месцах і ў розных часавых пластах. Галоўны герой пераважна заўсёды — сам аўтар, ніякі не «alter ego», а менавіта беларускі пісьменнік Алесь Аркуш, класічны інтэлектуал-рэфлексант, які вандруе полацкімі лёхамі, сустракаецца з таямнічымі персанажамі, што прадказваюць яму будучыню, а таксама тусуецца з гэткімі ж як сам, сябрамі-літаратарамі і дзеячамі культуры.
Вельмі часта ў ягоных творах дзённікавыя запісы чаргуюцца з эпісталярнымі, гістарычнымі і псеўдагістарычнымі ўстаўкамі, алюзіямі, цытатамі і дакументамі. Менавіта нелінейнасць аповеда дазваляе аўтару камунікаваць з чытачом на значна больш «прасунутым» узроўні, чым гэта магчыма ў рамках больш традыцыйнай прозы. Дзякуючы такой пабудове тэксту чытач вучыцца мысліць самастойна, злучаючы паміж сабой асобныя эпізоды, сцэны і мікратэксты. Тым больш што адна з галоўных тэм, якія абірае Аркуш у сваіх творах — а менавіта нематэрыяльная спадчынная памяць беларусаў — сама па сабе складаецца з мноства фрагментаў, паміж якімі часам зеўраюць недаследаваныя лакуны. Чым гэта не метафара увогуле беларускай гісторыі і культуры — няпоўнай, разарванай і траўмаванай?
Не здраджвае свайму «фірмоваму стылю» пісьменнік і ў апошнім па часе напісання і выдання рамане, які ён паспеў ужо ахарактарызаваць у сацыяльных сетках як «галоўны твор свайго жыцця».
Такім чынам, «Запавольванне». Чытача сапраўды можа збянтэжыць падзагаловак: «эзатэрычны раман». Але прадмова супакойвае:
Шаноўны чытач! Крый Божа, каб цябе ўвяло ў зман слова “эзатэрычны”.. Ты не сустрэнеш на старонках гэтай незвычайнай кнігі таемных вучэньняў, містыцызму, адмысловых духоўных практык. Няхай гэтым займаюцца разнастайныя пасьлядоўнікі Рэрыха, Блавацкай, Гурждыева ці Кастанэды. Эзатэрыка тэксту, у які ты неўзабаве паглыбісься — іншага парадку. Гэта найперш мэтафорыка спасьціжэньня страчанага часу, і ў гэтым сэнсе яго аўтара з большым правам можна ахрысьціць пасьлядоўнікам вялікага францускага мадэрніста Пруста.
Дзякуючы гэтаму мы ад пачатку разумеем, што эзатэрыка твора — не сакральна-рытуальная, а ўнутрана-псіхалагічная і філасофская, скіраваная на спасціжэнне ідэнтычнасці і ўнутранага свету чалавека.
Мы звыклі, што сучасная проза павінна быць дынамічнай, напоўненай падзеямі, канфліктамі, разнастайнымі перыпетыямі. Аднак як ужо згадвалася, стыль пісьменніка — не лінейны, і ў «Запавольванні» таксама няма выразнай завязкі і развязкі. Гэта хутчэй няспынная плынь разваг, успамінаў, унутраных маналогаў і назіранняў. Аўтар вандруе ў часе і прасторы: перад намі ў самай рознай паслядоўнасці паўстаюць ягоныя дзяцінства, юнацтва і дарослае жыццё. Гэтаксама і з геаграфіяй твора: тут і Беларусь, і далёкая Манголія, і Парыж, і Літва, і Польшча. Раман патрабуе удумлівага, павольнага чытання — так робіцца магчымым спасціжэнне ягонай унутранай магіі.
Як на мой погляд, асноўны сюжэт і звышідэя гэтага твора — менавіта супраціў чалавечай крохкасці. Герой увесьчасна пераадольвае знешнія і ўнутраныя перашкоды. Маленькі чатырохгадовы хлопчык ў Тасонцэнгэле (Манголія) разам з маці пераходзіць мост праз раку Ідэр. Рака небяспечная, імклівая. Здараецца выпадковасць, якая магла стаць трагічнай — хлопчык спатыкаецца і ляціць у прагал на мосце. Цудам павісае над прорвай, трымаючыся маленькімі ручкамі.
Сваім дзіцячым розумам я не ўсьведамляў, што значыць быць на краі жыцьця. На самым-самым краі. Але нейкае іншае, невядомае пакуль што мне пачуцьцё, пра гэта ведала добра.
Праз дзесяцігоддзі пісьменнік вяртаецца да гэтага выпадку, дэталёва, з матэматычнай дакладнасцю аналізуе яго, спрабуе зноў паглыбіцца ў той памежны стан, ступіць на той «мост», які аддзяляе быццё ад небыцця. Не, аўтар залішне не драматызуе здарэнне, сцэна на мосце выпісана нібыта бесстаронна, аднак чытач разумее, што той выпадак быў вырашальным для будучыні.
Менавіта таму, чым больш ты ўчытваешся ў твор, тым больш пачынаеш разумець сімволіку, закладзеную ў яго. І мост, і дарога, і арол, і загадкавы вобраз мангола — усё гэта неабходныя часткі інверсійнай кампазіцыі твора, што імкнецца вытлумачыць эксклюзіўны аўтарскі спосаб супраціву ўсясветнай энтрапіі. І гэты спосаб — запавольванне. «Разумееш, запавольваньне — гэта надзейны сродак усяму гэтаму супрацьстаяць», — кажа галоўнаму герою таямнічы суразмоўца. І ў гэтай фразе — уся логіка кнігі. Мы жывём у эпоху, дзе ўсё збудавана на хуткасці. Чым хутчэй, тым лепш. Чым больш ты паспееш зрабіць за пэўны прамежак часу, тым «круцейшым» будзеш, узрастуць твой дабрабыт і статус у грамадстве. Аднак якім коштам дасягаецца гэтая «статуснасць»? Ты губляеш сваю самасць, страчваеш разуменне прычын і наступстваў, і ў выніку усё менш застаецца шанцаў не патануць у імклівай рацэ сучаснасці.
Таму «крамольная» ідэя Аркуша адначасова евангельская і будысцкая: запаволься, не супраціўляйся ўсеагульнаму распаду і невытлумачальнаму злу, назірай і медытуй, і тады пераможаш.
Чалавечая памяць працуе такім чынам, што найбольш важнае для яе не абавязкова тое, што ўпісваецца ў звыклую логіку. Дробязі, раптоўныя згадкі з маленства і юнацтва — вось яны, тыя «залацінкі», з якіх складваецца сапраўдны духоўны скарб, які ўрэшце рэшт і застаецца напрыканцы жыцця.
Аналізуючы назву свайго твора, аўтар прыходзіць да высновы, што ў нашым свеце большасць з таго, што здараецца, непадуладнае чалавеку:
Я пачаў спачатку разглядаць гэтае слова з марфалягічнага пункту гледзішча. І што мне тут чуецца? Па-за воляй. Гэта значыць тое, што не асэнсавана і не кадыфікавана тваёй уласнай воляй. Гэта штосьці як першакрыніца, як нешта, што ня мае яшчэ азначэньня і яму яшчэ не абраныя якасьці.
Гэта як у творы «Сто год адзіноты» Гарсія Маркеса, калі свет быў яшчэ настолькі малады, што многім рэчам не ставала найменняў, і ў іх даводзілася наўпрост торкаць пальцам. Аркуш так і робіць: каб зразумець мінуўшчыну, ён штораз вяртаецца ў падсвядомае, выкалупвае з мроіва ўспамінаў самае элементарнае і простае, каб з яго дапамогай дапяць да сутнасці падзей сённяшніх.
Кніга «Запавольваннне» каштоўная тым, што яна дае дзейсны рэцэпт захавання сябе ў свеце, які паступова і непазбежна разбураецца, скочваецца ў анархію і хаос. Гэткім падыходам Алесь Аркуш нібыта ўступае ў літаратурны дыялог з венгерцам Ласла Краснахаркаі, які ў сваім рамане «Меланхолія супраціву» — па-сутнасці, сапраўдным філасофскім трактаце пра імкненне матэрыі да распаду — канстатуе, што нават сусветная энтрапія няздольная знішчыць чалавечае ў чалавеку. Такая самая думка працінае і «Запавольванне».
А яшчэ гэта твор пра ірацыянальнае ў кожным з нас. Пра невытлумачальнае і непадуладнае звыкламу разуменню, што існуе на першабытным, інтуітыўным узроўні. Чаго варты толькі эпізод-трылер, калі галоўнага героя ўначы пераследуе незнаёмец па дарозе на чыгуначны вакзал у Жодзіна? У выніку — збянтэжанасць і няўцямнасць: ці быў увогуле пераслед, ці гэта толькі нястрымная фантазія гэтак намалявала небяспеку? Аднак метафара тут нашмат глыбейшая, а менавіта: асэнсаванне непазбежнасці наканаванага: «Когда судьба по следу шла за нами, как сумасшедший с бритвою в руке» (Арсеній Таркоўскі).
І тут жа аўтар падыходзіць да адной са сваіх галоўных разваг:
Ці магчыма перамагаць словам і думкамі ў эпоху штучнага інтэлекту і генэтычнай інжынэрыі? О, якое пытаньне на роздум! Што чалавек можа вымысьліць такога, чаго не прыдумае штучны інтэлект? У пытаньнях тэхналагічнасьці і ведаў наўрад ці паспаборнічаеш. Але ёсьць яшчэ прастора прыватнага. Ёсьць яшчэ нестандарнае мысьленьне. Ёсць яшчэ ірацыянальны дыскурс.
І такая выснова падаецца вельмі важнай у кантэксце сённяшніх спрэчак адносна ролі і магчымасцей штучнага інтэлекту ў мастацкай сферы.
Татальная чалавечая самота — яшчэ адна з асноўных тэм твора. «Чалавек нараджаецца, жыве і нікому ён не патрэбны. Акрамя маці і бацькі, ну і калі пашанцуе — каханай, якая, зноў жа калі пашанцуе, стане жонкай і тады будзеш ёй патрэбны дакладна. Яшчэ можаш быць патрэбны сваім дзецям, і гэта зноў-такі, калі пашанцуе». Герой самотны ў Беларусі, у Парыжы, ва ўласных успамінах, у дыялогах. Нават сябры — тыя, што калісьці былі часткай яго свету, — паступова знікаюць, нібыта хтосьці выдаляе іх са «сцэнару». Спробы сустрэцца з сябрам юнацтва Дзімычам заканчваюцца нічым. І ў гэтым — дзіўная, амаль містычная сімволіка.
Усё знікае, распадаецца, сплывае ў невараць. І адзіны спосаб усяму гэтаму супрацьстаяць — гэта запаволіцца, спыніцца, азірнуцца вакол, угледзецца ў сябе ўчорашняга і сённяшняга, і тады на вельмі тонкім і дакладным узроўні спрацуе задума самага галоўнага Аўтара. Магчыма, адкрыецца тое, што мае быць заўтра. Бо Кніга Жыцця ствараецца тут і зараз, і кожны з нас можа ўпісаць у яе сваю непаўторную старонку.
Янка Лайкоў

