Пісаць водгук на кнігу казак раптам выявілася вельмі няпростай справай. Таму выкладу свае думкі, так мовіць, тэзісна.
Гэта была першая ў маім практычным чытанні кніга, якую б я мог прачытаць за вечар, але чытаў тыдзень. Бо на другой казцы зразумеў, што для мяне ў цяперашні час – гэта добры тэрапеўтычны сродак. Кожная казачная гісторыя – як пігулка вечарам пасля безнадзейнага дня. У анатацыі гаворыцца, што казкі – пра дабрыню і міласэрнасць, але я успрыняў тыя словы як, прабачце, дзяжурныя словы ў анатацыі. Канешне ж, народныя казкі пра дабрыню. Але тут выявілася, што святло казак гэтай кнігі насамрэч існуе. І яно дзейснае, можа таму, што нечаканае…
Канешне, кніга – для дзяцей. І аднесена на сайце яна ў гэтую катэгорыю. Але тым дарослым, хто цікавіцца казкамі, вывучае і даследуе іх, яны будуць шыкоўным падарункам. Гэтыя казкі не паспела ачасаць і аграніць вусная творчасць, у іх шмат дэталей і апісанняў, якія набліжаюць іх да бытавых гісторый з чароўнымі элементамі. У казках жа мы маем толькі сутнасць – дзеянне і ўсё, што скіравана на дзеянне. Такім чынам, гэтыя гісторыі можна разглядаць як прамежкавы этап фарміравання ўласна казак.
Тое міласэрнае святло казак, пра якое я згадваў, выяўляецца ў самых нечаканых месцах. Мы помнім і разумеем законы казачных гісторый, у якіх дабро перамагае зло, дзе зло абавязкова бывае пакарана. І вось у адной гісторыі сутыкаемся з неверагодным для казачнай логікі (спойлер): чалавек захацеў украсці золата, гаспадар яго злавіў на гарачым. Да гэтага яшчэ і пабіў цэпам. Што мы чакаем у такі момант? Ну, праклёнаў там, ці злодзей пайшоў у карчму напіўся ды замёрз па дарозе дадому. Гісторыя ж Яна Супрона мае нечаканы фінал: злодзей павініўся, гаспадар яму дараваў, яны памірыліся і сталіся надалей добрымі сябрамі.
Вось у чым міласэрнасць казак – у гатоўнасці верыць і дараваць. І нават смерць злой ведзьмы быццам і заканамерная, але адбылася яна выпадкова (а можа, і не адбылася дарэшты), і людзі, якія ў першую чаргу маглі б прагнуць пакарання, не вінаватыя ў трагедыі. Яны ўвогуле свае беды не звязвалі са злым чараўніцтвам і дакладна не хацелі забіваць.
Часам проста неверагодная наіўнасць у паводзінах і рашэннях. У чалавека жыта радзіла залатымі зярнятамі. І прарастала ў глебе і новы ўраджай давала. Які б быў фінал у звычайнай казцы? Ну, стаў бы жыць заможна, мо б палац збудаваў, з каралеўнай ажаніўся ці яшчэ нешта нейкае як багаты чалавек зрабіў. А наш герой… далей росціць хлеб ды дапамагае суседзям.
Пра мову два словы. Яна і простая для дзіцячага ўспрымання, і багатая адначасова. Скажу так: прыемная на смак, гісторыі маюць казачную пабудову. Вось толькі фінал практычна ўсіх гісторый, паўтаруся, здзіўляе і кранае.
Гэтым гісторыям пашанцавала, што іх запісаў чалавек вучоны: аўтар – навуковец ды яшчэ гісторык. І ён паставіўся, гэта бачна, выключна адказна да кожнай дробязі. З крытычнага боку гледжання, нейкія элементы, занадта наіўныя ці нязначныя, льга было б і апусціць, нешта нейкае прычасаць. Прынамсі, аўтарская казка так бы і будавалася, калі б пісалася па матывах гэтых гісторый. Але тут маем, скажам так, аўтахтонную гісторыю, часам – з яўнымі гістарычнымі элементамі.
Пра малюнкі. Яны аўтарскія. І шчыра кажу, першыя мяне не ўразілі, нават трошкі засмуцілі. Ну, быццам не зусім беларускія. Але тут вінаватая наша (у дадзеным выпадку – выключна мая) стэрэатыпнасць успрымання беларуса і беларускі ў казачных малюнках. Да ўсяго, у аўтара героі – не толькі сяляне, але і гараджане. Трэцяя-чацвёртая гісторыя пераканалі мяне ў слушнасці аўтарскага бачання: твары герояў без ценю хітраватасці.
Ёсць сюжэты, якія вядомыя па ўсім свеце. Помніце Папялушку? Вось, і тут ёсць такая. І пачынаецца, і развіваецца гісторыя амаль адзін у адзін з вядомай нам казкай. Але, па-першае, абыходзімся без хроснай і чаравічкаў. Па-другое, маем зусім іншы фінал (тут захаваю інтрыгу). Па-трэцяе… ну, вядома ж, міласэрнасць і тут высоўвае сваю дзюбачку: пра адмоўных герояў сказана з жалем, і пакараныя яны… Як пакараныя – самі пачытаеце)
Яшчэ дадам. Нейкія гісторыі па канцэнтрацыі і часу дзеяння маглі б стаць асновай для стварэння гэткай паўнавартаснай аповесці, далібог. Як, прыкладам, гісторыя, малюнак з якой і красуе на вокладцы: пра пекара, двух ягоных сыноў і чараўніка.
І апошняе.
Часам зазіраючы ў кнігарні, дзіўлюся сёння там літаральна базарным развалам кніжак для дзяцей. Як выбраць і не памыліцца? Як не натрапіць на элементарна непісьменныя, безгустоўныя выданні, якія якраз і правяць баль на паліцах?
І як не даць згубіцца сапраўды добрым кнігам, куды укладзена не проста праца выдавецтва і аўтара, але і шчырая, сапраўдная народная мудрасць, а не “абавязковы выхаваўчы элемент”?
В. Г.