Зай і яблынька. Генадзь Бураўкін

Зай і яблынька. Генадзь Бураўкін📙 Ужо двойчы прачытала Івонцы кнігу “Зай і яблынька” Генадзя Бураўкіна з новай серыі “Ветрачок” ад @tsymberau.publisher.

📚 Кніжак у серыі ўжо сем, і я доўга выбірала, на якіх спыніцца ў першую чаргу, каб можна была чытаць проста цяпер. І з гэтай – не прагадала! Гісторыі пра жывёлаў Івонка слухае ахвотна, а тут яшчэ і такія ілюстрацыі, якія з ёй спрацоўваюць: вялікія, не перагружаныя дэталямі і – на кожнай старонцы!

🧶 Гісторыя даволі шматслоўная. Па сучасных стандартах, напэўна, можна было б і карацей, паменей лірыкі, але чытаецца добра. Месцамі – пранізліва. І неяк адразу хочацца верыць у добрае ў людзях (ну, альбо ў зайцах🐰☺️). Мова нескладаная, успрымаецца лёгка.

❄️ Гісторыя зімовая, і будзе добра чытацца як у перадкалядны час, так і да самай вясны. Прыходзіць зіма, і Зай знаходзіцца ў пошуках ежы. Яму голадна, а птушкі раптам расказваюць, што недалёка ад лесу ёсць яблыневы сад, дзе да таго ж яшчэ засталіся яблыкі. Зай яго знаходзіць, але дрэвы ўхутаныя яловымі лапкамі, да іх не падступіцца. Толькі адна маладая яблынька стаіць як ёсць. Зай ужо збіраецца яе абгрызці, але тая просіць не крыўдзіць яе, і заяц урэшце згаджаецца. За гэта старая яблыня частуе яго салодкім яблыкам.

✨ Гісторыя цёплая, добрая, у ёй багата прыроды, лесу. І яна гэткая медытатыўная, пад яе добра ўкладваць дзяцей спаць: тэкст дастаткова даўгі, каб стомленае дзіця паспела заснуць 😁 А вось бадзёраму дзіцяці тут можа не хапіць экшна. Аднак гэта ўсё залежыць ад тэмперамента.

🎨 Ілюстрацыі, паўтаруся, мне вельмі спадабаліся: і сам зай у розных шубках і ракурсах, птушкі, дрэвы – цешылі маё вока. Дзякуй за гэта мастачцы Валерыі Вілкінай.

kniznyja_razmovy.

 

Пакінуць адказ