Напачатку некалькі адхіленняў.
Першае. А вы ведалі, што кніга гэтага аўтара, першая ў серыі падарожжаў, атрымала ў адным годзе не адну, а ажно тры прэміі? Так, кніга “Быў у пана верабейка гаварушчы” ўганаравалася прэміямі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча, Ежы Гедройця. А помніце тэзу пра тое, што пасля прэміравання Гедройцам пра аўтара быццам забываюць? Так недзе атрымалася з другой кнігай Бартосіка – “Клініка кітайскага дантыста“. Незаўважна амаль прайшла для чытачоў і крытыкі. І вось – трэцяя кніга, намінат на ПГ-24…
Другое адхіленне. Кажуць, у свеце значна знізіліся продажы электронных чыталак. Пляскаю ў ладкі. Не ведаю, як і хто прыдумаў фармат для чытання .epub, але чытанне такіх файлаў, мабыць жа (бо сам не спрабаваў) нагадвае сэкс з гумавай жанчынай. Быццам і зручна, і выстаўляй любы рэжым, і працэс ідзе, і інфа засвойваецца, але ж… Кніга, яшчэ ад Скарыны, гэта ў першую чаргу – літара, старонка, афармленне. Гэта – штучны выраб! Карацей, я пачынаў чытаць трэцюю кнігу ў тым самы “зручным” фармаце, пасля адчаяўся і шукаў хоць версію ў .PDF. І божачка, якое ж задавальненне атрымаў, як адкрыў старонкі… Таму – любіце і шануйце працу выдаўцоў.
Трэцяе. Хочаш ці не, але ж усякая наступная за першай кніга адной серыі будзе параўноўвацца, як і другая-трэцяя жонка з першай. Таму выбачайце, параўнанні будуць.
З гэтага і пачнём. Дык вось, у параўнанні з першай кнігай, мне цяпер не хапіла, скажам так, адасобленасці аўтара. Яго тут шмат – аўтара, шмат ягоных разваг, ён не хавае сваю сімпатыю ці антыпатыю да падзей і людзей, ён робіць ацэнкі і высновы… Калі першая кніга была менавіта хронікай падарожжаў, дзе гучала жывая мова ўспамінаў, дзе былі самыя розныя, часам неверагодныя гісторыі з мінімальным аўтарскім умяшаннем, то пра гэтую так не скажаш.
“Забіць упалмінзага” мае ці не дэтэктыўную форму пабудовы, ёсць рухавік дзеяння. І разам з тым, раздзелы кнігі ў большасці сваёй па канцэнтрацыі асабістых адчуванняў і разваг аўтара, якія тут ліюцца свабодна і нязмушана, – амаль што эсэ на дакументальнай аснове.
У гэтай кнізе гэтаксама шмат успамінаў жывых сведак, гучыць мова герояў. Але, ці мне так падаецца, яна, мова, тут розніцца сваёй чысцінёй, успаміны некаторых герояў выдаюць на трошкі прычасаныя і адрэдагаваныя.
Гэтым разам не аўтар шукаў тэму – тэма знайшла аўтара. І таму пачатак насамрэч выглядае дэтэктывам. Тэма надзвычай балючая, не такая простая, як некаму можа падасца – паваенны час у Беларусі. Карацей, як любяць у нас казаць: “Не ўсё так адназначна”. Упэўнены, што не кожны чытач пагодзіцца з высновамі аўтара і падзеліць ягоныя сімпатыі. Але калі ў аўтара ё магчымасць не толькі прыводзіць сваё меркаванне, але і адстойваць слушнасць сваё думкі, то чытач пазбаўлены гэтага, і таму пэўны дыскамфорт можа атрымаць. Хоць, давайце гэта ўлічым, Зміцер Бартосік дае слова кожнаму свайму герою і не “затыкае рот” тым, хто мае варыяцыйную думку.
Безумоўная каштоўнасць кнігі – запісаныя ўспаміны. У іх – невымоўны боль, трагедыя, у іх жа – часам россыпам крышталікі народнай мудрасці, трапнасць і вобразнасць. І тут жа – сапраўднасць успрымання рэчаіснасці людзьмі, яка розніцца ў многім, але супадае ў адным: людзі былі пакрыўджаны несправядлівасцю, людзі прагнулі справядлівасці…
Другая каштоўнасць кнігі, вядома ж, – дакументальныя матэрыялы. Якія апынуліся ў руках аўтара дзякуючы ці то цуду, ці то наўмысна, калі, магчыма, які службовец рассыпаў тэчкі з сакрэтнымі дакументамі ды не стаў падбіраць усе: “Сказаў свае чароўныя словы „Ну и хер с ним“. Сам шукаючы сёння хоць якую паперку пра былое сваіх продкаў, разумею, якая каштоўнасць для сямейнікаў пабачыць тыя дакументы, калі, зразумела, нехта з нашчадкаў выжыў…
Расказваючы пра тую ці іншую справу, аўтар у гэтай кнізе імкнецца яшчэ і максімальна поўна паказаць атмасферу таго часу, скарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, у тым ліку старонкі тагачасных газет, гістарычныя факты. З аднаго боку, удзячная і карпатлівая праца, але ў некаторых выпадках тэкст выглядае шматслоўным і бывае, што губляецца асноўная думка-дзея за колькасцю фактаў і спадарожных людзей-імёнаў. Асабістая для мяне падрабязная дэталізацыя абставінаў недзе была залішняй.
Ужо адзначыў, што разам гэтая кніга успрымаецца мной як амаль што зборнік эсэ. І папраўдзе, шмат якія развагі аўтара клаліся на сэрца.
То ў звычайным савецкім сэрванце мільгане вытанчаны крышталёвы кілішак, то на сьцяне вясковага дома прыцягне ўвагу фотапартрэт былой гаспадыні сядзібы ў сукенцы — хоць на парыскі бульвар апранай, то на панадворку прагляне вялізнае чыгуннае кола колішняй сячкарні, настолькі сваёй прыгажосьцю чужароднае сёньняшняму часу, быццам дэталь іншаплянэтнага карабля, які пацярпеў крушэньне ад сутыкненьня з калгасным трактарам.
…Паслясмак – не самы прыемны. Гэта не тое чытво, якое “прынясе вам некалькі гадзін задавальнення ва ўтульным фатэлі”. Ды і наўрад ці атрымаецца пачытаць за некалькі гадзін, бо прыняцце нават і чужога, даўняга болю ў такой дозе рэдка хто вытрымае…
В. Г.