Жэтон на метро. Андрэй Федарэнка

«Няхілы закос». Андрэй Федарэнка напісаў вытанчаную пародыю на дэтэктыў

Псіхалагізм, нагнятанне атмасферы і разам з тым выразны тролінг — усё гэта ёсць у новым творы прызнанага майстра.

У асяродку айчыннай інтэлігенцыі даўно, нароўні з мемам «лупіце на трасянцы» ды чаканнем, што бамжы й самадайкі загавораць па-беларуску, жыве негалосная сацыяльная замова на г. зв. лёгкае чытво — фэнтэзі, жаночы раман, але перадусім — на дэтэктыў. Маўляў, тады, народзе, звернешся да нашае літаратуры, калі ў ёй будуць закручаныя сюжэты, захапляльныя прыгоды, карацей, вось гэтае вось усё, каторае так любіць люд паспаліты. Караткевіч жа змог!..

Калі зірнуць на існую сітуацыю, можна смела канстатаваць, што белетрыстыка цяпер не ў трэндзе, рэй вядуць нон-фікшары — «нобелеўка» Алексіевіч, «гедройць» Бартосіка. У Горвата, касманаўта, які прызямліўся ў Прудку, — проза (прынамсі, нашумелае «Радзіва…») таксама, мякка кажучы, не сюжэтная. Дый іншых пераможцаў галоўнай празаічнай прэміі — Арлова, Сіна, Шчура, Бабкова, Казько… — цяжка назваць стваральнікамі масліту (нават пры ўмове, што існаваў бы «масавы» беларускамоўны чытач). Калі гаварыць пра дэтэктывы, дык сярод нешматлікіх нядаўніх раманаў, дзе ёсць элементы гэтага жанру, вартымі увагі падаюцца хіба што «Ноч цмока» Валера Гапеева ды «Рыбін горад» Наталкі Бабінай.

Няўжо Федарэнка напісаў дэтэктыў? — запытае ўзрушаны культурны дзяяч. Так. Прынамсі — няхілы закос пад яго.

«Жэтон на метро» мае ўсе неабходныя складовыя для дыхтоўнага дэтэктыва: закручаны разгалінаваны сюжэт, выдатны дынамізм апавядання плюс фірмовае федарэнкаўскае майстэрства пабудовы дыялогу. Наратыў разгортваецца нелінейна, з паглыбленнем у гісторыі кожнага з ключавых персанажаў. Гэта тонкая густая густоўная проза, у якой шмат алюзіяў ды паўтаноў. Словам, аматар спадара Федарэнкі будзе ў захапленні. Чаго не скажаш пра аматара дэтэктываў.

Прычына поспеху Федарэнкі

У цэнтры рамана — гісторыя паэта Віктара Рака, які патрапляе ў складанае вязьмо быццам бы ніяк не звязаных паміж сабой падзей, і гэтае вязьмо пачынае сціскацца да аднаго забойства, якое адбылося шмат гадоў таму. А патрапляе паэт Рак у гэты вір прыгодаў праз свайго былога выкладчыка, які прыносіць яму на рэдагаванне рукапіс гістарычнага твора, які піша нехта Літаў — дужа заможны чалавек, «сам рускі, родам з Расіі, пабыў паўсюль, аб’ездзіў усю Еўропу, але нідзе не было лепш», чым у Беларусі…

Да ўсяго, на Рака раптоўна «звальваецца» колішняе каханне маладосці, што гадуе дарослую дачку ў далёкім палескім мястэчку. Жанчына просіць Рака пра дапамогу з паступленнем дачкі ў ВНУ. Дачка гэтая, Люда, але ўсе яе клічуць скарочна — Лю (як тут не згадаць аповесць Федарэнкі, названую імем галоўнай гераіні — «Ксю», з яго нядаўняй кнігі), як заўважае Літаў, які па сваіх бізнэс-справах патрапляе ў гэтае мястэчка, мае дзівоснае падабенства з яго жонкай у маладосці. Да таго ж, Лю валодае адным незвычайным дарам…

Каб пазбегнуць спойлераў, не будзем далей раскрываць усе цікавосткі ды перыпетыі. Заўважым толькі, што фактычна ніводная гісторыя ў гэтым інтрыгоўна закручаным аповедзе не даведзеная да свайго лагічнага фіналу. У сухой рэшце, аўтар дзейнічае па прынцыпе: няма персанажа — няма праблемы. Большасць завязаных вузлоў так і застаюцца неразвязанымі. Да прыкладу, палову твора Літаў будуе і абсталёўвае на сваім катэджным участку нейкі таемны бункер. Ідзе перманентнае нагнятанне атмасферы, чытач пакутуе ад здагадак, што ж за страшны / падступны / злавесны план выношвае гэты рускі. І што ў выніку? Ды нічога. Ніякага тлумачэння, нашто было той бункер будаваць — ні Літава, ні бункера, ні разгадкі. Канцы ў ваду…

Чытач, наладжаны ад пачатку на класічны дэтэктыў, відаць, пачуецца, як бы гэта мякчэй выразіцца, — пачуецца ашуканым.

Наагул, пытанне адрасату «Жэтона на метро» няпростае. За што мы любім, да прыкладу, дэтэктывы Караткевіча? Той жа культавы «Чорны замак…»? Пэўна, у вялікай ступені за тое, што аўтар, працуючы паводле класічнай схемы, вядзе чытача ад загадкі да загадкі, прапануючы разам з героем-шукальнікам, а тое і раней за яго, счытаць усе намёкі й падказкі, разблытаць ніты й развязаць вузлы ў пошуку злачынцаў. У ідэальным дэтэктыве чытач і следчы працуюць як бы ў адзінай звязцы. Паводле першага аўтарскага правіла прадстаўніка «залатога веку дэтэктыва» С.С. Ван Дайна, «трэба забяспечыць чытачу роўныя з сышчыкам умовы разблытвання таямніцаў, для чаго ясна і дакладна паведаміць пра ўсе выкрываўчыя сляды». Паводле Барыса Акуніна, дэтэктыўшчыка №1 у сучаснай расійскай літаратуры, адносіны паміж аўтарам і чытачом нагадваюць заляцанні мужчыны да жанчыны: мужчына (аўтар) павінен увесь час інтрыгаваць, абнечаканьваць і, вядома ж, не паўтарацца…

Якое стаўленне да чытача ў Федарэнкі? Цяжка сказаць. Падобна, што даволі індыферэнтнае. Прынамсі, гэтых акунінскіх гульняў у коткі-мышкі ён унікае, рэдка з’яўляецца на публіцы, не любіць шумных прэзентацыяў ды аўтограф-сесій. Але відавочна, што Федарэнка насамрэч любіць сваіх герояў. Усіх, нават не вельмі станоўчых. Магчыма, гэта адна з прычынаў яго поспеху.

Канфармізм ці валенрадызм?

Галоўны герой Андрэя Федарэнкі падкрэслена апалітычны: «…усе гэтыя нейкія некуды выбары, нейкія рэферэндумы пра нейкае пажыццёвае кіраванне — усё было да моташнасці нецікавае». У ягоныя развагі аўтар уводзіць будысцкі роздум пра найвышэйшыя матэрыі: «Дзіўна, што нас палохае будучая смерць, але не палохае мінулая. Нас жа не было раней, да нараджэння, мы ўжо як мінімум адзін раз былі мёртвыя. Колькі часу? Столькі, колькі нас не будзе — вечнасць. Цэлую вечнасць мы былі мёртвыя. Значыць, мы ўжо адзін раз прайшлі бясконцасць і ўваскрэслі з яе. Я не вельмі перажываў, калі мяне не было, я нават не магу сказаць, колькі мяне не было, і гэта наўрад ці ад таго, што чалавечы розум не ў сілах ахапіць бясконцасць; хутчэй ад таго, што бясконцасць — круглая».

І далей: «Мне ўвогуле здаецца, што ад свайго стварэння на зямлі жывуць адныя і тыя ж людзі, якія толькі мяняюць целы, як змяіныя скуркі, ды яшчэ ў іх сціраецца памяць пра ранейшыя жыцці. Цела нараджаецца, расце, як грыб з зямлі, дасягае субстанцыі жыцця, параўноўваецца з ёю, старэе, знікае, зноў нараджаецца і зноў дарастае да гэтай субстанцыі, а яна так і застаецца непарушнай, непадуладнай часу і прасторы…»

Вядома ж, у пэўным сэнсе, паэт Віктар Рак з «Жэтона…» — гэта альтэр-эга аўтара, які па жыцці як бы таксама па-над усялякай «палітычнай валтузнёй». Ён адзін з нямногіх беларускіх літаратараў, чые творы выходзяць адначасова і ў дзяржаўных-холдынгаўскіх, і ў незалежных выдавецтвах. Дарэчы, тэма калабарацыі-валенрадызму галоўная ў самым праграмным федарэнкаўскім творы — аповесці «Нічые», прысвечанай фактычна рэабілітацыі аднаго з камандзіраў Слуцкага збройнага чыну, «здрадніка» паводле версіі афіцыйнай гістарыяграфіі, які ў кардынальны момант паўстання перайшоў на бок «саветаў», — Паўла Чайкі.

У жанры высокай пародыі

Чым жа цікавы «Жэтон на метро»? Перадусім — поглядам аднаго з найяскравейшых айчынных аўтараў на сёння. Чымсьці ж гэты час яму цікавы, калі ён узяўся ўвасобіць яго ў раманнай форме. Ці ў творы паўстае менавіта канец другога дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя? Адказ не відавочны. Нейкай выразнай прывязкі да часу няма. Ну так, героі карыстаюцца айфонамі-смартфонамі. Дзесьці далёкім фонам-водгаласам праходзіць тэма расейска-ўкраінскай вайны. Хутчэй, тут мае месца пазачасавы падыход (кшталту, каб і праз дзесяцігоддзе тое чыталася); дзесьці — у апісанні местачковых рэаліяў — скразяць застылыя дзевяностыя…

Безумоўна, гэты твор — падзея для нашай літаратуры. Нягледзячы на правальнасць e межах дэтэктыўнага жанру, Федарэнка выявіўся ў гэтым рамане напоўніцу. Шмат у чым «Жэтон…» — спосаб патроліць і крытыка, і чытача. Пэўна, задзяўбло аўтару, што бачаць у ім «няспешлага і ўдумлівага» празаіка, «якому ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць» і г.д. і да т.п. (цытаты ўзятыя з Вікіпедыі), не заўважаючы правакацыйнай гарэзлівасці.

Паводле крытыка Леаніда Галубовіча, «раман «Жэтон на метро» ёсць прыхаванай і па-майстэрску выштукаванай пародыяй на сучасны канвеер штампаваных дэтэктываў». Дадамо — высокай пародыяй.

Па прачытанні «Жэтона…» ўзнікае непераадольнае жаданне… перачытаць раман наноў. Ці ж не гэта ёсць прыкметай вышэйшага мастацкага пілатажу ў эпоху твітара, інстаграма ды татальнае алергіі на лонг-рыд?

Антось Косміч


 

Андрэя Федарэнку ў беларускай літаратуры заўсёды адзначаюць, як выдатнага стыліста. Гэта адзін з нашых найлепшых сучасных празаікаў, а таксама адзін з маіх любімых беларускіх аўтараў. Гэтым разам ён вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці аўтара дэтэктываў, і ў яго гэта бліскуча атрымалася.
Я, і многія прыхільнікі творчасці Андрэя Федарэнкі, ужо даўно чакалі ад любімага аўтара выхаду паўнавартаснага рамана. Бо ў 2018 годзе быў апошні зборнік кароткай прозы, дагэтуль яшчэ некалькі, а хацелася б чаго-небудзь цэльнага, маштабнага. Вось нарэшце ў часопісе «Дзеяслоў» з’явіўся гэты раман, а праз некаторы час выйшаў асобнай кнігай у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
На першай жа старонцы аўтар паказвае нам, у рэчышчы якога жанру будуць разварочвацца далейшыя падзеі: «амаль усе крымінальныя гісторыі пачынаюцца з пратакольнай даты».
Галоўным героем пісьменнік зрабіў даволі блізкую сабе паводле роду заняткаў асобу. Віктар Рак хаваецца пад творчым псеўданімам і працуе ў літаратурнай сферы: вядомы ў першую чаргу, як паэт, вершы якога нават у школе праходзяць. А таксама ён працуе ў рэдакцыі. Жыццё гэтага амаль 50-гадовага мужчыны было адносна спакойным і размераным. Творчасць, праца. Нікога з родных у жывых не засталося, сям’і няма. Жыве сабе спакойна на сваім шостым паверсе. Плануе заняцца прозай.
Але ўсё змяняецца ў цёплы ліпеньскі вечар пасля званка стацыянарнага тэлефона. Віктар адзначае, што хатні тэлефон у яго звязаны выключна са стратамі, бо званком на яго паэту паведамлялі пра смерці бацькоў і сваякоў. Але, здавалася б, ужо няма каму роднаму паміраць, і ўсё роўна Віктар нічога добрага ад званка не чакае.
Званок Віктару быў ад Лены Міхайлоўскай, яго захаплення маладосці. 18 гадоў таму ён выступаў як паэт у паліграфічным каледжы, дзе і сустрэў гэтую маладую і сімпатычную студэнтку-завочніцу. Вядома ж, сур’ёзных адносін у іх не было, так, караценькія рамантычныя адносіны. Але пасля іх застаўся цэлы верш «Чаромхавы чад». Лена пачала расказваць Віктару, як склалася яе жыццё: замуж збіраецца, дачка амаль паўналетняя. Вось наконт дачкі яна і тэлефануе, каб пры дапамозе вядомага паэта ўладкаваць яе на журфак.
Вось з гэтага раптоўнага званка і пачынаецца ўся гісторыя, галоўны герой якой, Віктар, будзе даволі ненадзейным апавядальнікам.
У той жа дзень, калі адбыўся гэты званок, у кватэру да Віктара нечакана і без запрашэння завальваецца Стары Анатоль Самусенка, былы выкладчык літаратуры. Прыходзіць не з пустымі рукамі, а з прапановай працы. І гэтая прапанова яшчэ больш раскручвае той механізм, які быў запушчаны званком Міхайлоўскай. Пасля гэтага спакойнае жыццё паэта напаўняецца мноствам нечаканых і дзіўных персанажаў, а сюжэт раскручваецца ўсё больш і больш.
Гэтая кніга ўпэўніла мяне, што калі пісьменнік таленавіты, то для яго не складзе цяжкасцяў звярнуцца да любога літаратурнага жанру. Аказалася, што Федарэнка яшчэ і майстар саспенсу, які ён нагнятае на працягу ўсёй кнігі. Уласна дэтэктывам твор становіцца не з самага пачатку, а крыху далей, калі з’яўляецца канкрэтны персанаж-дэтэктыў. Ён вядзе расследаванне і тут усё згодна з канонамі жанру.
А да гэтага моманту Федарэнка не дае чытачам адпачыць і расслабіцца, як гэта звычайна бывае пры чытанні просценькіх дэтэктываў. Федарэнка дынамічнымі падзеямі рамана прымушае нас напружвацца і заставацца ў трывожным чаканні. Гэта сапраўдны трылер, дзе ты не ведаеш, што адбудзецца ў наступную хвіліну.
Яшчэ раз паўтаруся, што гэта вельмі нечаканы твор ад Федарэнкі. Але і тут застаецца вельмі пазнавальным яго фірмовы стыль: Федарэнка верны сабе ў вытанчаных апісаннях прыроды, у вялікай колькасці разваг пра чалавека і пісьменніцтва, пра лёс Беларусі, беларускай мовы і літаратуры. Іх ён укладвае ў вусны розных персанажаў, але мы разумеем, што праз іх гаворыць сам аўтар.
Напрыклад шмат разважае пра беларускую літаратуру стары выкладчык Самусенка, і выказвае адну думку, з якой немагчыма ў наш час не пагадзіцца:

У нас другое стагоддзе адна і тая ж памылка. Мы думаем, што мова — панацэя. Верым, што калі ўсе загавораць па-беларуску, дык аўтаматычна стануць разумнымі, смелымі і добрымі.

І далей кажа тое ж самае, што я часта чую ад знаёмых, якія чытаюць некаторыя творы сучаснай беларускай літаратуры:

Я людына вжэ стара і, можа быць, сучасную літаратуру не разумею, але здаецца мне, што яна ўсё больш робіцца пісьменніцкай — не ў пераносным, а ў прамым сэнсе: пісьменнікі пішуць для пісьменнікаў.

А я яшчэ і дадам, што не толькі для пісьменнікаў, але і пра пісьменнікаў.
З мінусаў кнігі: яна вельмі хутка заканчваецца. Паводле ўсяго майго папярэдняга апісання можа падавацца, што гэта такі аб’ёмненькі раман. Але не, у кнізе ўсяго 175 старонак. І яе можна прачытаць нават залпам.
Яшчэ адзін мінус, на гэты раз сапраўдны мінус, гэта праблемы з карэктурай. Карэктар у прынцыпе не пазначаны, але ёсць некалькі рэдактараў, якія прапусцілі нешта мнагавата даволі прыкрых памылак, як проста памылак друку, так і сур’ёзных арфаграфічных.
Але кнігу гэта ні ў якім выпадку не робіць горш. Таму вельмі яе раю. Даўнім прыхільнікам творчасці гэтага аўтара будзе прыемна паглядзець на яго з нечаканага боку, а тыя, хто з Федарэнкам яшчэ не знаёмы, лёгка могуць пачаць знаёмства менавіта з гэтага твора. Здаецца, «Жэтон на метро» іх не напужае.

xbohx


Не памятаю, калі дакладна мне прыйшла ў галаву думка напісаць водгук на раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Можа, яшчэ на прэзентацыі сотага нумара «Дзеяслова», хаця выхад кніжкі планаваўся толькі праз паўгода. Мне здавалася, гэта ўдалая магчымасць паспрабаваць сябе ў аналізе не першых кніг пачаткоўцаў, а складзеных літаратурных твораў з адпрацаваным стылем… Вось толькі я не ўлічыла, што чытанне невялікага, па сутнасці, рамана расцягнецца аж на чатыры месяцы – у несвядомым жаданні дачакацца «лепшых умоў і зручнага часу». Умовы так і не насталі, а кніга, адкрытая ў красавіку, дачытана сённяшняй раніцай. Ганьба для мяне, зневажанне для твора. Я цяпер не тое што не магу – не маю права разводзіць тут нейкі аналіз сюжэту. Хіба што стылю, і то з ваганнямі… Да таго ж за апошнія паўгода я і сама напісала такі аб’ём тэксту, што менш за ўсё мне хочацца канструяваць нейкую разумна-афіцыйную рэцэнзію. Не, рэцэнзіі не будзе, я прыйшла паразмаўляць. І пішу гэты тэкст без падрыхтоўкі, без плана – як думкі ідуць.

Чаму я намеціла сабе гэтую кнігу? Ну, проста пяць прачытаных зборнікаў, блізкіх табе псіхалагічна, – гэта нагода ўзяць раман не гледзячы. Не ведаючы ні зместу, ні анатацыі, тым больш не чытаючы крытычных водгукаў. Ён выйшаў, гэтага дастаткова. І ў ім нешта знойдзецца, як знайшлося раней у кожнай кнізе.

Але я пачынаю, здаецца, не з таго. Пачынаць трэба з самага пачатку? Быў у нас на трэцім курсе такі прадмет – рэдагаванне дзіцячай літаратуры. І аднойчы было зададзена прачытаць кнігу на выбар з серыі «Пераходны ўзрост». Я лёгка магла спыніцца на «Гімназіі № 13», але ў мяне прадказальна спрацаваў умоўны рэфлекс на вайсковасць – і ў бібліятэку я пайшла па аповесць «Афганская шкатулка». Якраз-такі Андрэя Федарэнкі. Дадавала інтрыгі тое, што за некалькі гадоў да таго, не ведаючы пра існаванне аўтара, я прымудрылася даць такое ж прозвішча аднаму са сваіх персанажыкаў. Натуральна, трэ было зазірнуць у кнігу хоць для прыліку, каб развеяць невядомасць. Я зазірнула. І вырашыла застацца.

Выдатна памятаю тое адчуванне: «А што, беларускія творы могуць быць настолькі займальнымі, каб не адліпаць ад іх у тралейбусе і ныраць у кнігу на перапынках між парамі?» Хаця ўласна пераходны ўзрост я на той момант ужо перасягнула. Я потым спрабавала разабрацца, чаму так. Чаму можна адкрыць у аўтара любую аповесць, любое апавяданне, ды хоць эсэ, і там нешта будзе. Дакладна. А недзе год таму калега пазычыла ў мяне зборнік «Ціша», які я набыла ў прамым сэнсе за два рублі з капейкамі. Вяртаючы кнігу, яна ў роздуме сказала, что па дыяганалі яе не прачытаеш, такі насычаны тэкст. Трэба ўчытвацца. Прапусціш радок – усё прапусціш.

Самой мне больш звыкла ацэньваць творы з пункту гледжання таго, як выпісаны персанажы. А яны вось менавіта выпісаны – выразна, дэталёва. Праз знешнасць, характар, адзенне, звычкі, голас, любімыя слоўцы… Рэальныя людзі з рэальным жыццём. Гэта асабліва адчуваецца якраз у «Жэтоне на метро», дзе для кожнага вылучана свая частка, у якой можна паглядзець на сітуацыю яго вачыма. Прытым персанажы ўведзены настолькі ашчадна, што нават байкер-наркаман, нават прадавец сала фігуруюць не проста так. Сачы пільна, і яны рана ці позна ўсплывуць па сюжэце. Лішніх няма.

Цікавы момант: нягледзячы на сумбурнае чытанне, дэталькі герояў я не забыла. Героі і пасля каласальных прамежкаў у часе засталіся самі сабой, затрымаліся ў галаве разам са сваімі мэтамі і клопатамі. Больш за тое: іх клопат – твой клопат. І кожны герой – гэта ты. Можа быць, сакрэт тут у стварэнні эмацыйнай блізкасці з імі… Адкрываеш кнігу – і адчыняецца акенца ў тую рэальнасць. Глядзі і слухай. Фільма не трэба, кніга сама па сабе фільм. Голас Літава нават гучыць у вушах, настолькі добра ўяўляюцца асаблівасці яго вымаўлення.

Ацэньваць, наколькі лагічна ўвязаны падзеі, складана. Для гэтага трэба чытаць залпам і ВЕЛЬМІ ўважліва. А лепей – два разы. Крышачку падобная сітуацыя атрымалася ў мяне з кнігай «Час Вогненнага Птушкалова» (калі выбіраць з тых кніг, на якія я пісала водгукі): уся гісторыя перакульваецца дагары нагамі, і трэба спешна згадаць асноўныя факты, адфільтраваць іх. Што ў цяперашняй сістэме каардынат праўда, а што – няпраўда? Што здарылася насамрэч, а што было зменена Віктарам Ракам, калі ён ператвараў падзеі ў аповесць? Ці згадваліся нейкія яўныя зачэпкі, якія выдаюць ісціну? Выстраіць усё так, каб падмануць чытача, – гэта ўзровень. А каб не адзін раз падмануць, а двойчы, тройчы? Надбудоўваць новыя сэнсы, якія паглыбляюць гісторыю, не парушаючы яе? Было б занадта проста скончыць твор на ўзроўні «злачынства, злодзей і следчы». Не будзь чатырох апошніх старонак, засталося б смутнае сумненне ў развязцы. Чыста чытацкае: штосьці не так, недзе тут фальш… Але гэтыя старонкі ёсць. І падчас іх чытання мне чамусьці захацелася заўсміхацца, а ў рэшце рэшт і рассмяяцца з нейкай палёгкай…

А можна мне трохі паскардзіцца? Першае, што я зрабіла, адкрыўшы кнігу, – узяла аловак і выправіла абдрукоўку ў анатацыі. Выдавецкі промах ці аўтарскі – не так важна… Але ён крыўдны. Таму што тытул з адваротам – гэта святое. Больш звыкла, калі яго вычытваюць «пад палец» па складах, і не адзін чалавек, а некалькі (каб надзейней). На наступнай старонцы, дзе пачынаецца частка першая, ізноў збянтэжанасць: тут таксама фігуруе назва кнігі, яшчэ і з прыпіскай «Раман». Але ж у кнізе больш ніякіх твораў няма. Ні раманаў, ні аповесцей. А для назвы і жанру ёсць тытул, ёсць канцавая старонка… Усё роўна што зноў запісаць над тэкстам прозвішча аўтара, быццам яго не было на пераплёце. Момант спрэчны, але ўсё ж…

Спрабую падсумаваць і вагаюся між двума пытаннямі, якія звычайна падахвочваюць чытаць кнігу да канца: «Як гэта зроблена?» і «Што ж будзе далей?». Апошняе прыемней, бо яно пра зацікаўленасць сюжэтам, а не пра структуру. Але ў гэтым выпадку, мабыць, перамагае якраз арыгінальная пабудова… Наўрад ці я бясконца адкладвала б кнігу ў бок, калі б шчымліва хацелася разгадаць таямніцу інтрыг Літава. Іншая справа – разбірацца ў характарах дзеючых асоб і ў тых часцінках, з якіх складзены іх вобразы. Спрабаваць прадказаць, у якім моманце зноў з’явіцца той ці іншы «выпадковы» персанаж, і радавацца супадзенням. А яшчэ – сачыць за тым, як вырастаюць усё новыя паверхі ў гэтага будынка, і дзівіцца, што ўсё можна інтэрпрэтаваць менавіта так. Пытанне «Што ж будзе далей?» запальваецца ў апошніх частках, пад самую развязку – і вось тады не адпускае, бо расклад змяняецца ледзь не на кожнай старонцы. Шкада, што не выйшла ў мяне скразнога прачытання…

Трэба ж, усё-ткі атрымалася нейкая рэцэнзія. Значыць, час пайсці і пашукаць чужыя) Што ж, чакаем новых кніг – якія, спадзяюся, будуць.

Дар’я Значонак

Пакінуць адказ