Калі б у мяне спыталі, з чаго пачынаць, я б пэўна ж параіў: не з кнігі апавяданняў. Бо сам меў горкі вопыт, калі кніга кароткай прозы “Я размалюю для цябе неба” разыходзілася ў выдавецтве пакутліва доўга. Што б ні казалі пра каштоўнасць апавядання, але сённяшні чытач хоча мець кнігу як цэльную гісторыю. Дый менавіта такая раскрые здольнасці аўтара ва ўсім дыяпазоне…
І ўсё ж мяне дзівіць тое маўчанне, якое суправаджае пакуль першую кнігу Аляксея Правалоцкага. Здаецца, кніга павінна “гучаць” – пераможца чытацкага галасавання, выйшла ў вядомым выдавецтве. Хіба, мае сэнс улічыць такі фактар як электроннае выданне, бо ж нейкі вопыт назірання падказвае, што агульнае стаўленне чытача да таго, што не на паперы, мае досыць прыкметную розніцу ад стаўлення да “паўнавартаснага” выдання.
Гэта той самы другі фактар.
Ну і трэці – сама кніга, канешне.
Пачну з непрыемнага для аўтара, хай ужо выбачае.
Сама назва – прэтэнзійная занадта. Яно, вядома, жыццё можна і ў тры словы ўмясціць: “Пісаў. Піў. Памёр”, ды ці варта? У кожным выпадку, назва абяцае раскрыць тое самае жыццё. Чыё? Калі меркаваць па першых двух апавяданнях – аўтара. Толькі вось таго самага раскрыцця не назіраецца. Першыя два апавяданні – не пра жыццё, а пра невытлумачальнае ў жыцці. Таемнае і таямнічае, якое так ці іначай уплывае на героя.
Моцнае расчараванне (асабіста для мяне) – раптоўная, нечаканая змена ракурса. Калі тры першыя апавяданні – дзеі з героем, больш за тое, у двух першых аповед ідзе ад імя героя, то далей герой – эпізадычны, ён недзе там згадваецца, яго пазнаеш, ды больш дзякуючы таму, што пра гэта напісана ў анонсе: ага, вось наш мастак, ён тут…
Такім чынам, назва кнігі, яе пабудова, упарадкаванасць выклікаюць няўцямнасць. Далібог, каб сядзеў недзе збоку і бачыў, як аўтар складае кнігу, улез бы са сваімі заўвагамі і прапановамі)
Цяпер прыемнае (спадзяюся) для аўтара.
Мова – вельмі добрая, густая, насычаная, нават недзе – на мяжы перасычанасці. Аўтар не абмяжоўваецца адным-двума сказамі, ствараючы атмасферу – ён бы той мастак раз-пораз адыходзіць ад палатна, азірае, вяратецца і дадае штрых за штрыхам, згушчае, акцэнтуе, робіць выразней адно і затуманьвае яшчэ больш туманнае. Таму атмасфера іншым разам амаль задушлівая. Ад таго запар два-тры апавяданні не прачытаць, бо створаны на старонках настрой свядомасць лёгка ўбірае ў сябе і пасля імкнецца аналізаваць, асэнсаваць і пераасэнсаваць. Яна занятая і не дае “уплысці” ў раку наступнага тэксту. У некаторых апавяданнях унутраны стан герояў паказаны з такой выпукласцю, насычанасцю і яркасцю, што ўзнікае адчуванне разгляду не проста аголеных людзей, а людзей з абадранай скурай.
Пры ўсім, аўтар умее пісаць метафарычна, вобразна, проста прыгожа
а аблокі (звычайна іх не было — ён старанна выбіраў дзень) рухаліся так павольна, што патроху ўрасталі ў неба.
Аляксей Правалоцкі расказвае пра невытлумачальнае, таямнічае і – гэта ягоная выключная адметнасць – ніяк не імкнецца ўсё раскрыць, патлумачыць. Ні мне, як чытачу, ні сваім героям. Яны прымаюць тое таемнае і дзіўнае як праяву жыцця, як належнае і нават абавязковае ў іхнім жыцці. Па шчырасці, не прыпамінаю падобнага стаўлення ў нашых аўтараў. Гэта таксама, як і створаная атмасфера тэкстаў, пакідае ў свядомасці свой след, карцінка доўга не адпускае, у душы барукаюцца два жаданні: адно – паспрабаваць дамысліць, разгадаць недагаворанае, другое – пакінуць усё як ёсць, прыняць і… жыць далей. Як тое робяць героі.
Недагаворанасць, пэўная незавершанасць створаных карцін – бы і насамрэч палатно пад вуаллю. Іншым разам – туманны малюнак, а недзе і абстракцыянісцкі накід ліній, фігур, плям… Сюжэт больш угадваецца, чым прачытваецца.
Пры тым недахопе, пра які я казаў напачатку – змена фокуса, жыццё героя-мастака усё ж прасочваецца, пэндзлік выхоплівае яго на вялікім палатне часам дробнай фігуркай, у тэксце недзе – адным выпадковым эпізодам. Што мне не спадабалася (гэта асабістае), дык тая сентыментальная сімпатыя аўтара да героя, нават жаль і шкадаванне. Усё ж пісаць пра сябе, любімага, у трэцяй асобе – справа вельмі рызыкоўная (кажу без падначвання і сарказму).
Раблю для сябе кароткую выснову: кніга адметная, аўтар здольны, мае свой асабісты стыль і свой напрамак. Прыемна, што кніга трапіла ў доўгі спіс ПГ-25. І вельмі чакаю, што яна будзе ў фінальнай шасцёрцы (ці сямёрцы).
Ну і папярэджу на ўсякі выпадак: няпростае чытанне. З гэтай кнігай не чакайце лёгкасці і прыемных хвілін ціхім вечарам у крэсле. Вір чужых чалавечых пачуццяў не мае дна.
В. Г.