Д’ябал з сёмага класа. Карнэль Макушыньскі (Людміла Дрык)

Д’ябал з сёмага класа Карнэль Макушыньскі (Людміла Дрык)Хочацца пачаць з цытатаў. Маленькая заўвага: гэты сёмы клас – клас гімназіі, і тут сямікласнікам па 17 гадоў.

Шчырая праўда ва ўсе часы:

У класе заўсёды знойдзецца больш кандыдатаў у кепскія паэты, чым у выбітныя матэматыкі

Чаму такое было, стане ясна з кнігі:

Самы вялікі тупіца ў класе, які разумнасцю не намнога перавышаў дубовую шафу, быў першакласным гісторыкам.

Нельга не ўсміхнуцца:

“Пан” Качаноўскі ішоў да сваёй парты такім павольным і лянівым крокам, як быццам там меў купіць уласную труну, а ў дадатак яшчэ і ў крэдыт.

Шчырая праўда пра гімназістаў:

Сёмы клас паапускаў галовы або іх кепскія імітацыі ў знак таго, што не можа спадзявацца на прабачэнне.

Прадказанне лёсу гімназіста ад настаўніка:

Калі цябе не павесяць за лішак спрыту, можаш аказацца карысным чалавекам.

І самакрытыка:

Я гісторык, брат матэматык… Няшчасная сям’я!… Мы жывём доўга, хоць сабе і дарэмна.

А гэта мясцовы імпэт і экспрэсія:

— Вы ўсё зможаце! — выгукнула панна Ванда такім гарачым тонам, што ў яго тэмпературы можна было б зварыць яйкі ўсмятку.

І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ можна цытаваць. Бо на кожнай старонцы літаральна сустрэнецца яскравы досціп. Давайце пазнаёмімся з гэтым польскім пісьменнікам, адным з самых папулярных у тыя часы, бліжэй. А дакладней, з ягоным творам. Мажліва, вас уразіць, як уразіла мяне: гэта кніга для падлеткаў выйшла… ў 1937 годзе (і падзеі пра той жа год).

Напачатку мяне гэта спыняла не адзін дзень. Вось параіў чалавек пачытаць, а ты такі гугліш… такім чынам ведаеш: Польшча, 1937 год. Падлеткі. Ну, от якое задавальненне можна атрымаць ад чытання перакладу?

Атрымаў! На першых старонках сядзеў, пыльным мехам стукнуты: а што, ТАК ТАДЫ можна было пісаць? З гумарам, з іроніяй, цікава, смачна  – можна было? Не вытрымаў, захацеў параўнаць (хай даруюць мне людзі). Што ж пісалі нашы пісьменнікі, пра якія прыгоды? Янка Маўр – «Палескія рабінзоны», 1930 г., Міхась Лынькоў – «Міколка-паравоз», 1936 г., Кузьма Чорны – «Насцечка», 1940 г. Чыталі, ведаеце… Канешне, прыгоды польскіх падлеткаў цалкам і беспаваротна прайграюць перад героямі нашых пісьменнікаў, бо ніякай патрыятычнасцю не вылучаюцца, пра свет вакол не клапоцяцца, бандытаў не ловяць (ад іх хаваюцца). Карацей, поруч з нашымі “паравозамі” і побач ставіць нельга гэтых інфантыльных палякаў. Што яны могуць? Ну, сябраваць там, цаніць дапамогу, паважаць людзей вакол. Шляхта, адно слова. Пра гераічнае мінулае сваіх бацькоў і дзядоў ні слоўца. Пра рэвалюцыю маўчок.  Ну недапушчальна цалкам апалітычны твор! У такі час…

Але твор с любоўю да радзімы. Са збяднелай шляхтай, з закінутымі сядзібамі, з галечай вяскоўцаў:

 Гусоўскія былі добрасумленнай шляхтай, але нават той барадач у даспехах мусіў часта грызці ўласную бараду замест марцыпанаў; а бабкі на партрэтах зусім не сцякаюць паважнай тлустасцю, а жыва прыпамінаюць постаццю рыцарскія дзіды.

І  з цудоўнымі малюнкамі роднай прыроды. З прыгожым і яркім апісаннем, з сонечнымі метафарамі:

ў глыбокай місцы залаціўся на стале мёд, залатая кроў лета…

З сапраўдным болем дарослых за лёс роднага дому. З сумленнымі, вернымі сваёй клятве і веры людзьмі, такімі ж бескарыслівымі, як і бязхітраснымі. Не магу не апавесці пра адзін эпізод. Там да беднага ксяндза прыводзяць хворага француза. Ксёндз што і мае, дык малако і трохі хлеба. Француз праз колькі дзён ачуньвае і таемна знікае, пакінуўшы ксяндзу 100 злотых.  Той не ведае, як і дзе размяняць грошы, каб патрошкі раздаць бедным, урэшце справа вырашаецца, і ён кажа герою:

— Святое дзіцятка! — сказаў ён Адасю. — Калі ты сустрэнеш другога такога француза, дык прынось яго да мяне.

Дзе падлеткі – там каханне. І вось, чытаючы пра закаханасць хлопца з першага позірку, я зразумеў, чаму пісьменніка называлі сонечным.  Столькі высакароднасці, дабрыні і цёплага гумару і адначасова непадробнасці ў ягоным тэксце, што здзіўляешся гэтаму святлу. Там пра пачуцці добры кавалак, я ж хачу прывесці колькі сказаў. Звярніце ўвагу на рэакцыю бацькоў прыканцы:

Панна цудоўна бачыла, што Адась ужо згінуў і калі яшчэ дыхае, дык толькі па звычцы. Яна зрабіла заклапочаную міну, якая мусіла азначаць, нібы ёй невымоўна прыкра, што яна сее такое знішчэнне і што гэты сімпатычны малады чалавек трапіў у зону паражэння. Міна павінна была азначаць: “Ах, такі ўжо мой няшчасны лёс! На каго зірну, той памірае!” Адась, праўда, яшчэ варушыў вачыма і вуснамі, нават злёгку махаў рукой, але ніхто б не здзівіўся, калі б ён запытаў, як прайсці да крамы дамавін. Ён сам сабе дзівіўся, бо быў нязмерна спрактыкаваны ў сардэчных справах. Тры гады таму, таксама летам, ён настолькі згубіў сваю разумную галаву, што на левым плячы, бліжэй да сэрца, выразаў сабе сцізорыкам ініцыялы З. Г. (Зося Гурска — хай яна будзе праклятая!). На выгляд ціхая і сціплая, яна ўжо праз чатыры дні аказалася дэманам, які губіць чалавечыя сэрцы. Шкада было пакут! Тата-лекар адлупцаваў яго з той дзіўнай прычыны, што перад крывавай аперацыяй ён не прадэзінфікаваў сцізорык, хаця як лекарскі сын мусіў гэта зрабіць, маці ўчыніла яму судны дзень за скрываўлены рукаў кашулі.

Гэта прыгоды, асноўная частка якіх пабудавана на класічнай схеме пошукаў разгадкі. Што прыемна ўражвае: чытач тут роўны герою, не дурнейшы за яго, таму яго не чакаюць аглушальныя адкрыцці. І герой не дурнейшы за чытача, і мяне не ахоплівала пачуццё прыкрасці, маўляў, што там за дурні, калі такіх падказак не бачаць. І хоць разгадка відавочная ад пачатку і фінал амаль прадказальны (канешне, усё будзе добра!), тым не менш, цэлы стос загадак і прыгод між імі трымаюць чытацкую ўвагу. Проста цікава.

Асобна спынюся на фінале – ён нечаканы ў плане маральных аспектаў. І пакінуты аўтарам адкрытым. Што, на мой погляд, вельмі добра.

Чытач атрымае задавальненне ад садзейнічання з героямі. А вось нашым пісьменнікам, якія пішуць ці збіраюцца пісаць для падлеткаў, вельмі б раіў пачытаць у якасці набыцця новага досведу. Так для падлеткаў у нас ніхто не пісаў – без звыклай звярынай сур’ёзнасці, шчыра і па сапраўднаму сонечна.

Абраны жартаўліва-іранічны стыль дазваляе аўтару рабіць процьму спасылак на вядомых як польскіх, так і сусветных асоб, тут шмат вядомых лацінскіх выразаў, што разам дадае твору інтэлектуальнасці і даверу да аўтара. Па шчырасці, калі пачытаць адно зноскі ў тэксце, дык будзе недарэмна – проста процьма дадатковай цікавай інфармацыі.

В.Г.

 

Пакінуць адказ