Дырэктар. Мікола Адам

Дырэктар. Мікола Адам

Гэта наўрад ці хутка ў цяперашніх умовах выйдзе кнігай ці неяк іначай. Таму – вось так, размяшчаем са згоды аўтара ў Бібліятэцы электронных твораў. Тэкст вось тут. За вокладку прашу надта не крытыкаваць, гэта проста карцінка. Але – уласна пра тэкст.

Цікавае і незвычайнае спалучэнне – мудрасці і цынізму. Гэты стары дырэктар, які ад пачатку выклікае адно агіду, урэшце раскрываецца як чалавек, які спасцігнуў галоўную ісціну.

Што ці хто ўрэшце кіруе намі? Бог на тым самым сінім небе, ці нейкі вычварны заклён, накладзены на асобна ўзятую вёску, якая жыве сваімі ўласнымі законамі? І тая самая ісціна хаваецца ў цвярозым розуме погляду на гэтае кіраванне, якое нельга пераадолець нічым і ніколі…

Гэты твор Міколы Адама здзівіў мяне. Па-першае, я не пазнаў  сам тэкст – тут іншы стыль напісання і іншы падыход да раскрыцця тэмы, выкарыстанне рэтраспекцыі, раскрыццё абсягу праз нібыта лакатар: вось прамень паўзе на экране – і пакрысе асвятляе невядомае раней… Тут даволі доўгія сказы, але словы і выразы ўдала звітыя ў нітку аповеду. Ёсць дзе і ўсміхнуцца:

Ён выглядаў такім вартым жалю, такім верабейчыкам у вазку, за якім узвышалася непахіснай скалой Эма Леапольдаўна, што дзяўчыне захацелася ўзяць яго на ручкі і пашкадаваць, пагладзіць па галоўцы, бы кацяня, і гладзіць, пакуль не замуркае, а потым звярнуць шыю і ўрачыста закапаць на заднім двары.

Але не быў бы то Мікола Адам, каб абышоўся без свайго звычнага ужыўлення ў тэкст вядомым асоб і кінафільмаў з рэжысёрамі-акторамі). Але прабачаю яму гэтую звычку.

Па-другое, дзіўны сусвет. Незвычайны для мяне, наколькі я ведаю аўтара. Як і ёсць у анатацыі, паўтаруся, сусвет, створаны пісьменнікам, быццам чужы і цалкам прыдуманы: вось вам серпанціны дарог прама ў вёсцы, вось вам смяротнае пакаранне за любую, даказаную правіну, і больш за тое – пакаранне на гільяціне. Але ж вось яна, радзімая – бульба калгасная і школа, якая гэтую бульбу ездзіць збіраць, і дырэктар на кузаве аўтамабіля прымае поўныя кошыкі…

Аўтару ўдаліся персанажы. Сама трошкі гратэскныя, сабраныя з яскравых асаблівасцей, максімальна супрацьлеглыя ў самым пачатку, яны, тым не менш, цягам дзеі, пачынаюць быць падобнымі адзін да аднаго. Вось дачка дырэктара, якая пакутуе на псіхічнае захворванне, непрыгожая і даўгалыгая, вось сакратарка – былая эскортніца, вось удава забітага ёй жа самой мужа з адрэзаным языком, нямая прыгажуня. І неяк у фінале яны робяцца падобнымі адна да адной – сваім жаночым няшчасцем, невыноснасцю быцця.

Наш герой, не меншы цынік ад пачатку, чым стары дырэктар, хоць тут малады цынізм абумоўлены  эгаізмам і пэўнай доляй мізантропіі. У нейкі адзін момант нам падаецца, што нешта сапраўднае ўсё ж засталося ў ім, ён варты нечага, ён паспрабуе і здолее – але тут умешваецца ўжо сам Лёс (ці то невядомы закон мястэчка). І ўрэшце здаюцца ўсе…

Не буду надта многа пісаць, і так дастаткова наспойлерыў. Адзначу яшчэ хіба неардынарнасць хадоў герояў (пабудовы сюжэту), немагчымасць угадвання наступнай сцэны. Зрэшты, у гратэску ці фантасмагорыі немагчыма нічога прадказаць…

В. Г.

Пакінуць адказ