Душа жывога. Жанна Міус

Напачатку тут будзе рэцэнзія ЛіМа. Пасля яе – мае думкі і разважанні, мае “заўвагі па палях” гэтай кнігі. Не аспрэчваю напісанае да мяне, тут пра іншае…

В. Г.


Зборнік «Душа жывога» прасякнуты вялікай любоўю да жывёл і птушак. Хочацца адразу падзякаваць мастаку Кірылу Задворнаму за менавіта такую перадачу настрою кнігі на вокладцы. Наўрад ці можна было б зрабіць яе лепшай.

Адкрывае кнігу аднайменная аповесць «Душа жывога». Марыя з дзяцінства цягнецца да коней: малюе, глядзіць фільмы пра вершнікаў, бачыць сны пра Канька-Гарбунка. Пэўна, невыпадкова назвала адну з найпрыгажэйшых цёмна-гнядых кабылак Машкай і ставіцца да яе як да істоты, якую варта паважаць, нават называе Машкай Орлікаўнай — на адзін манер з чалавекам. Прозвішча сям’і гераіні таксама шмат гаворыць — Каняшкіны. Такім чынам Жанна Міус з першых старонак рыхтуе чытача да паглыблення ў чароўны свет коней.

Маленькая Маша навучылася ездзіць верхам. Аўтар распавядае пра гэта крыху саркастычна (так цяпер размаўляюць сучасныя падлеткі): «Няма ў вёсцы ні высозных арэляў, ні замудрана палохаючых каруселяў. Толькі п’яных клоўнаў хапае і цырку — з свайго, вясковага побыту. А конь чым не атракцыён? Калі Павел Фёдаравіч вядзе зацуглянага Варанка на папас, а шчаслівая Машка, задраўшы хуліганскі абрабацінены нос, верхам аглядае наваколле — карцінка атрымліваецца найвыдатная. Аднагодкі — здзіўляюцца, малыя — зайздросцяць і захапляюцца, дарослыя — любуюцца. Залатое на чорным!».

У творы ёсць месца і казцы, якая ажывае ў сне. Маша ляціць па начным зорным небе верхам на чарадзейнай Канеі — гэта кабыліца з цікавай легенды пра коней.

Гераіня аповесці прайшла праз выпрабаванне, пераканаўшыся ў сіле сваёй любові да коней. Пасля школы дзяўчына паступіла на ветурача і прысвяціла сваё жыццё выратаванню старых, хворых, з паламанымі нагамі жывёл. Прытулак назвалі «Канея» — у гонар чароўнай кабыліцы, якая, на думку Жанны Міус, усяго толькі маленькая часцінка Сусветнай Душы жывога. Гэта і ёсць лейтматыў аповесці.

Зусім у іншай манеры напісана аповесць «Тыдзень шэрага колеру». Яна хутчэй прыйдзецца даспадобы аматарам жартаў. Дыялогі мужа і жонкі настолькі іранічныя і жывыя, што ім сапраўды верыш! Дзея адбываецца ў пакоі № 13 студэнцкага інтэрната, і гэта ўжо інтрыгуе. Без прадстаўнікоў жывёльнага свету не абыдзецца, ды яны — не самыя доўгачаканыя госці… Але не хочацца дзяліцца сакрэтамі, бо «таямніца больш вабіць, калі яна за зачыненымі дзвярыма».

Варта адзначыць пачуццё гумару аўтара, бо гэта, здаецца, — адзін з ключыкаў, каб адамкнуць сэрца самага патрабавальнага маладога чытача. Асабліва спадабаўся выраз «кажуць, няшчасце памяншаецца ў памеры пры кожным пераказе аб ім». Гераіня твора Алена так маляўніча апісвала свае начныя прыгоды, калі раптам ажыла яе грандшафа, што захацелася там папрысутнічаць. Нават муж Барыс параіў жонцы паспрабаваць сябе ў літаратуры і стварыць трылер — настолькі яго каханая ўмее нагнаць жаху сваімі расповедамі. А жонку муж называе Алена Прыўкрасная, бо, на яго думку, яна «прыўкрашвае» свае ўспаміны. А ці так гэта, можа даведацца кожны чытач.

Вельмі спадабалася апавяданне «Яблычны спас» — гэта такая настальгія па школьных гадах, малой радзіме, любімых з дзяцінства момантах… Галоўная гераіня Жэня наведала сваю вёску (а цяпер аграгарадок) Рыгораўка, дзе даўно не была, каб набраць яблыкаў да свята. Ёй захацелася схадзіць у царкву на Яблычны спас з духмяна-сакавітымі дарамі прыроды (і Бога) з роднага з дзяцінства старога калгаснага саду.

А там наляцелі ўспаміны і адбылася сустрэча з яе першым каханнем… Апавяданне ўздымае шмат сур’ёзных тэм: тое, што сёння вёска ўжо не тая (нібыта гарадок цяпер), што цяпер — век экранаў, калі людзі быццам бы гавораць з усім светам, а насамрэч — вельмі адзінокія. Аўтару ўдалося стварыць цудоўны вобраз старога саду, быццам ён — персанаж твора. Жанна Міус яго адушаўляе: «Стары сад слухаў цярпліва, уважліва, зусім як ідэальны бацька з яе мар. Пасля варушлівымі галінамі праводзіў пяшчотна па плячах і твары і шаптаў, раняючы мёртвыя лісцікі, з глыбокім, прачуленым уздыхам: „Ціш-ш-шэй, дачуш-ш-шка… ціш-ш-шэй… усё не так страш-ш-шна… пакуты мінуць, ш-шчасце прыйдзе… пачакай крыш-ш-шачку…“» Жэні пашчасціла атрымаць у падарунак ад некалі дарагога ёй чалавека яблык з маладога саду. І гэта дае надзею: яе малая радзіма яшчэ будзе жыць, хоць тут шмат чаго памянялася… Гэты вялізны спелы бліскучы яблык яе любімага сорту «Ранет» — сімвал адраджэння вёскі, няхай і ў новым статусе аграгарадка.

Фінал кожны хутчэй за ўсё зразумее па-свойму. Будзе пра што падумаць.

Хацелася б, каб гэтае апавяданне было ўключана ў спіс для пазакласнага чытання ў школе, бо яно прымушае зірнуць на старыя рэчы па-іншаму і зразумець, што ёсць тое, дарагое, што заўсёды павінна быць у нашым жыцці, як той яблык з роднага саду.

У зборніку таксама ёсць цікавыя апавяданні пра розных прадстаўнікоў жывёльнага свету (кацяня, сабаку, вожыка і г. д.), так званых «цудаў у пёрах». Хочацца падзякаваць аўтару за тое, што сваёй творчасцю яна зрабіла важны ўнёсак у душу кожнага, хто возьме ў рукі гэтую кнігу. Адчуваецца, што Жанна Міус сама ставіцца да братоў нашых меншых з цеплынёй, вялікай пашанай і любоўю — інакш такія шчырыя гісторыі не створыш. А яны сапраўды выклікаюць эмоцыі і прымушаюць задумацца пра лёс жывёл, якія нам давяраюць свае жыцці.

Ірына ПРЫМАК


Няпроста было напісаць гэта і няпроста вырашыць публікаваць. Тут ніжэй не столькі водгук, і не столькі пра кнігу аднаго аўтара, але пра з’яву, як сістэму. Пра тое, дзе апынуліся літаратары ўвогуле. І як ім расці, у які бок? Прачытаў кнігу і, па шчырасці казаць, забалела. І раптам думка: а хіба можа быць іначай? Вось цяпер, калі інстытут крытыкі ў нас фактычна не існуе, ці можа быць іначай? Хто і калі, дзе і як падкажа аўтару? Вось такі водгук, хваласпеўны і рэкламны – ён хіба нешта можа на нешта паўплываць, акрамя як на самаацэнку аўтара?

Мне чаму крыўдна… Згадваю сябе, згадваю тых, хто чытаў мае творы ў рэдакцыях. Вось Алесь Наварыч – дзесяць хвілін размовы, пальцам паказаныя месцы, заўвагі па тэме агулам, канкрэтыка і крытыка, якая больш не крытыка, а кароткі ёмкі ўрок. Вось Анатоль Казлоў – і ягоныя кароткія, удумлівыя заўвагі, выказаныя шчыра і ў твар. Раіса Баравікова – выходзім з ёй на вуліцу, сам-насам, і раптоўна ветлівая і ўсмешлівая яна робіцца старэйшай настаўніцай і ганіць не мой твор, а маю ідэю як ёсць – ганіць з доказамі, паслядоўна, хоць яна хвалюецца, нервуецца, і я адчуваю, як ёй насамрэч важна, каб я зразумеў сваю памылку. У чым была мая памылка? Ды ў жаданні як мага больш паказаць той самай рэалістычнасці – з усім яе смуродам і гніллю.

Ці кажуць нешта сваім аўтарам загадчыкі аддзелаў прозы пра іх творы, апроч ухвальнага? Ці спрабуюць рэдактары кніг засцерагчы аўтараў ад розных ляпаў, ці падказваюць, ці раюць?

Чытаючы гэту кнігу, мушу адказаць: не. І каб жа адна была такая, дарэчы. Колькі ўжо даводзілася чытаць – і пасля змоўчваць. Але тут крыўдна удвая, бо аўтарка – адна з нямногіх, хто мае безумоўны густ, адчувае мову, трымае сюжэт. Жанна Міус безумоўна валодае талентам цікавага апавядальніка. Пранікнёныя радкі, а яшчэ – даверлівая, шчымлівая часам інтанацыя. І разам – жартаўлівасць, лёгкая іронія над героямі і абставінамі. Нязмушаная, лёгкая мова, шчодра аздобленая пацеркамі метафар, дзе сустракаюцца і аўтарскія знаходкі, і народныя, амаль забытыя.

Вось так пачынаецца аповесць:

На зыходзе палаючага лістотнай агоніяй кастрычніка 1978 года, нядзельным засмужаным ранкам у сям’і паважаных у вёсцы людзей — калгаснага заатэхніка Івана Паўлавіча Каняшкіна і яго жонкі Канстанцыі Феліксаўны, урача мясцовай амбулаторыі, нарадзілася трэцяя дачка. Падзея мела выключнае значэнне, бо дзяўчынка, пасля запланаваных папярэдне сястрычак — Ізабэлы і Сняжаны, шчыра кажучы, павінна была спраўдзіцца доўгачаканым — Паўлам…

Усё быццам прыгожа, усё да ладу. “Лістотная агонія кастрычніка” – паэтычна, яскрава.

Але – навошта раптам нам дадзены год? Далей ён не мае ніякага сэнсу, дзеля чаго дакладная дата?

Абзац трохі перагружаны ў канцы. І трохі насцярожвае вось гэты прыём – гаворачае прозвішча. І разам з інтанацыяй думаеш: гэта твор для падлеткаў.

Але раптам:

— Ну хочаш, адмысловы «ювелір» зробіць табе яшчэ адну за­латую дачушку? Як ты там звонка хацела? Ангеліначку! Толькі во­кам міргні… Заказ аформі…

— Я аформлю… толькі зараз адстань. Мне нельга… — хутка і ледзь разборліва прагучала ў адказ.

Упс – дарослае…

Тым больш калі ніжэй вось такое:

Як добра, калі ў хаце пахне мужчынам. Я б са сваімі хлапцамі не ўправілася…» — часта думала аб палкоўніку (з закаханым сумам у вачах) маладзейшая за яго на сямнаццаць гадоў нявестка. Шчуплая, невысокая жанчынка з шэранькім, невыразным тварам вясковай прасцячкі мыла ў начоўках старыя, выцвілыя вайсковыя кашулі і штаны Яўгена Дзянісавіча і марыла, што аднойчы ён «насмеліцца» — падыдзе да яе ззаду і сашчэпіць рукі на грудзях ў моцных абдымках. Ух-х! Тады яна развернецца напоўніцу. Ва ўсіх сэнсах… Ну не можа ж ён бясконца трываць? Побач спадніца мітусіцца перад вачыма — і маладое цела, даўно не лашчанае, прагне дотыку. Які мужчына не скарыстаўся б абставінамі… А палкоўнік глядзеў на нявестку выключна як на малодшую сястру. Хіба з сястрою можна ў адзін ложак?

Цалкам абзац прывёў. Тут, дарэчы, нявестка не проста нявестка – удава.

Карацей, сур’ёзны тэкст, хоць наш расказчык быццам  і гулліва апавядае. Для дарослых, разумееш ужо.

Аж раптам – “ажывае” маладая жаробка і пачынае размаўляць з кабылай-маці. І гэта хоць ты асобнай кніжачкай выдавай – тую прыдуманую легенду. І менавіта для дзяцей кніжачку, з малюнкамі, трохі сумную, але жывую і пра жывое. Навошта гэта тут? Як і трызненне хворай дзяўчынкі – яны не могуць быць успрынятыя дарослым чытачом, ды яшчэ менавіта вось у такім казачна-дзіцячым “выкананні”.

Цяпер асобна пра рэдактуру. Маем сказ, прыгожы быццам.

А пакуль тут інкогніта прахаджваецца Верасень і вільготна-туманнымі ранкамі аглядвае свае будучыя ўладанні праз павуціннае вясёлкавае сіта…

Чаму і навошта тут слова “інкогніта”? Дый завяршэнне сказа выклікае пытанні: што за сіта такое? Павуцінне – белае, серабрыстае, сівое… Адкуль тут вясёлка?

Паліна, вяртлявая і рухава-вавёрыстая, як большасць журналістак, мітусліва махнула адначасна тварам і рукой у няпэўным кірунку

Таксама вобразна – “рухава-вавёрыстая”, хай будзе такі аўтарскі наватвор. Ды толькі, як можна махнуць тварам???

Вось ніжэй той самы прыклад, калі лёгкая іронія тэксту аўтаркі незаўважна набывае цалкам сабе дзіцячую інтанацыю:

Аўтамабіль радасна імчаў Жэньку па знаёмым шляху, зрэдку па-дзіцячы гулліва падскокваў на ўхабах і ямках-вышчарбінах — такі нечаканчык яму спрыгодзіўся: ге-гей!

Грувасцілася прыкрае радабоддзе рудога пасохлага галля ад соцень знішчаных дрэў.

Вось смачнае слоўца – радабоддзе. Дзякуй за яго. Але радабоддзе – то расліны, кусты, якія растуць рэдка. Але не рэдкія кучы пасохлага голля…

Наконт таго, каб апавяданне “Яблычны Спас” дадаць у праграму чытання для школьнікаў… У мяне вялікія сумненні. Ніжэй – прыклад… ужо не ведаю чаго. Жартачкі дзяўчат. Чатырнаццацігадовых.

…Верасень адлічыў учора Жэньцы поўныя чатырнаццаць.
— Старасць на падыходзе! — кпліва рассмяялася хітравокая аднакласніца Галка Гулак, якая сем год дзяліла з ёю адну парту. — Віншую! Размочвай хлеб і лезь на печку!
— Так ужо і на печку! — несапраўдна пакрыўдзілася Жэнька. — Я яшчэ дзеда сабе падыходзячага не знайшла. Адной на печцы неяк няўлежна, ведаеш…

Добра, што ёсць “няўлежна”, ды чаму несапраўдна пакрыўдзілася? Удавана ж ці прытворна…

Але пра іншае: гэта напраўду жарты дзяўчатак-падлеткаў? Тут не ў кожнай яшчэ пачаліся месячныя, а яны – пра нейкіх дзядоў і печ?

І што за “падыходзячы дзед”? У беларускай мове ёсць прыслоўе:  падыходзячы. Але няма прыметніка такога, няма дзеепрыметніка. Ёсць прыдатны, зручны, дарэчны, адпаведны, здатны…

— Ага! Можаце браць ваш чырвоны нататнік і запісваць сёння за мною ўсе сафізмы… і эўфемізмы!

Гэта кажа дзесяцікласнік вясковай школы 90-х гадоў. Верыць у такую эрудыцыю і начытанасць вяскоўцаў? Хай ён сабе і нешта там пра філасофію чытае, будзе мо і ведаць пра сафізм. Але пра эўфемізм – маю вельмі вялікія сумненні. Тым больш, што вышэй ні сафізмаў, ні эўфемізмаў не назіралася зусім. Вышэй было во гэта:

— Гэй, крапіва, расступіся! Не збочыш — дам ботам па пысе! Гэй, лопухі віславухія! Цяжкім кулаком дам па вуху вам!

Ці так ужо трэба чытачам ведаць пра вось такі вульгарны жарт тых гадоў:

— Што з яго возьмеш, акрамя аналізаў! Ды і тыя — няякасныя… — абураліся між сабой адказныя збіральшчыкі.

Аўтар артыкула пра кнігу Жанны Міус піша пра нейкую нібыта надзею, якую павінен сімвалізаваць падораны яблык. Не, прабачце, тут не пра надзею гаворка, тут пра жах:

— Што, усё настолькі запушчана? Хвалюешся за мае нервы? Мяне пасля саду нічым настолькі не ўразіш.
— Ты думаеш?
— Ну а што яшчэ? Бур’янамі ў цэнтры малых вёсак ужо, думаю, нікога не здзівіш.
— То малых, Жэнь. А тут — нібыта гарадок… Раней людзі ўласнай бульбай выхваляліся, жытамі ды пшаніцамі, а зараз на былых участках лебяда ды палын спаборнічаюць, хто вышэй у неба шугане… Людзі не жадаюць працаваць. Гаспадарак былых — з каровамі, свіннямі, індыкамі, гусямі — няма… Пяць кароў на вёску! Што гэта?

“Людзі не жадаюць працаваць” – асобна вынесу. Гэта пра сённяшнюю вёску. Ёсць там яшчэ пра старшыню, каторы ў камп’ютарныя гульні гуляецца, зачыніўшыся ў кабінеце. І каторы сад высек, каб не выконваць план па здачы яблыкаў…

Сумна і крыўдна. Што ніхто не падказаў аўтару ўсіх гэтых рэчаў. І яшчэ не менш за колькі дзясяткаў падобных. Бо ж ёсць во такія прыгожыя радкі, густоўныя і поўныя пачуцця і сэнсу:

Восеньскі вечар па-майстэрску дырыжыруе павевамі халоднага, пранізлівага ветру. Паўзмрок гусцее, кіселіцца, і ў яго ссыпаюцца з ціхім, жаласлівым шоргатам пажухлыя яблыневыя лісты.

І во такія, сярод мноства іншых

У Гаспадыні — халодны, шкляны, нібы лужына ў замаразак, твар. Муж не кахае, не пестуе, не шкадуе. Цягні ярмо, што вол, ды ўсё адно — прыдзіркі, злосныя кпіны: тое не дагледзела, гэта не дарабіла — уся як ёсць вінаватая. Яна і перасоўваецца худым вінаватым ценем па двары, малагаваркая, часцей пахмурная і абыякавая да ўсяго.

І няхай назавуць мяне песімістам, які не бачыць рэалій, ды мне так падаецца, ніхто і не будзе падказваць цяперашнім аўтарам во такія рэчы. Мо і таму, што некаму. А каму ёсць, той не хоча набываць сабе ворагаў. Бо ж сёння на папраўдзе крытычны водгук рэагуюць найчасцей менавіта так – як на непрыяцельскі напад…

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме