Кніга пра нас
Я перажываў за трэці твор Андрэя Горвата, бо другі быў няўдалы. Я ледзьве яго асіліў і так і не зразумеў што хацеў сказаць аўтар. Пагэтаму хацелася каб “Радзіва Прудок” не было кульмінацыяй. Пачну з канца – “Дом” атрымаўся. Моцна ўдыхнуўшы – я з палёгкай выдыхнуў пасля апошняй старонкі.
Галоўны герой кнігі – палац Горватаў у Нароўлі XIX ст. Аднак гэта зусім не гістарычная кніга. Аўтар па-майстэрску пераплятае былое, сучаснае і фантазію. Бомж Анатоль паліць вогнішча ля палаца, а тутэйшая жыхарка з 19 ст. Анетка “кашляла і зачыняла вокны без шыб”. У 2022 валанцёры пабраліся шлюбам у палацы і з гэтай нагоды Горват апавядае шлюбныя гісторыі якія тут адбываліся 100+ год таму.
“Дом” гэта вельмі фундаментальная рэфлексія над быццём увогуле. Аўтару ўдалося выйсці вонкі сучаснасці і зірнуць на Жыццё, паўз якое цякуць вякі. “Цяпер жа ўздоўж ракі перасоўваліся толькі рыбакі. Цягам стагоддзяў яны змянялі адзін аднаго, утвараючы сваю генеалагічную лінію, якая ніколі не перарывалася”, – апісвае ён бераг Прыпяці.
“Дом” – пра чалавека ў гісторыі. У каментарах я запытаўся ў аўтара: “Ці я правільна адчуў, што вы крэсліце два дамы – ўмоўна зямны і нябесны? (…) Вы глядзіце на Прыпяць і як бы адначасова глядзіце ў вечнасць – сапраўдны дом. Ці так гэта?” На што Горват адказаў у сваім стылі: “Тут няма розніцы, што я хацеў сказаць. Важна, як вы самі адчулі – так і будзе правільна)”.
Рады, што Андрэй Горват працягвае пісаць. Пра нас, пра Чалавека, пра жыццё. Пра край наш. Гэта глыбачэзная рэфлексія, якая сёння так патрэбна.
Я ўсё думала – за што я люблю Горвата? Што за магічная моца ў гэтага аўтара? Я скрэмзала некалькі аркушаў паперы (на летніку няма ні кампутара, ні інтэрнэта), жадаючы сфармуляваць адказ на сваё пытанне, але ўсё было не тое.
Я думала пра “Дом”, ходзячы па мінскім вуліцам. Я думала пра “Дом”, едучы з Мінску на летнік. Я думала пра яго ўвесь час, нават працуючы на агародзе, збіраючы трускалкі ці смароду. Я адчувала смак таго самага горватаўскага нараўлянскага мармеладу дзесьці ў роце, але адказ не прыходзіў. Я чытала “Дом” першы раз і плакала, я прачытала “Дом” другі раз, перагледзела трэці раз з алоўкам у руках. Усё здавалася значным, і нешта няўлоўнае прыходзіла кожным разам, як толькі я брала ў рукі кнігу, нібы прывід, і тое ж няўлоўнае няўлоўна знікала. А сустракацца з “Домам” хацелася зноў і зноў.
І вось у адно імгненне мне здалося, што нарэшце я ведаю таямніцу кнігі і ўвогуле таямніцу А. Горвата – яна ў таленце аўтара зрабіць нежывое для звычайнага чалавека жывым: разбураны і “знявечаны часам і людзьмі” палац, нежывучых і жывых у ім людзей, дзедаву хату, паміраючую вёску, неіснуючага ката, якога трэба пакарміць, бо ён – “відэакамера назірання за людзьмі ад Бога”.
Рабіць памерлае жывым можа толькі па-сапраўднаму жывая душа і сэрца, што кожную секунду тахкае любоўю:
-Тук-тук, тук-тук, тук-тук-тук. Люб-лю, люб-лю, люб-лю. Я люб-лю.
Калі б я была будыстам, я б сказала, хутчэй за ўсё, што думкі і пачуцці гэтага чалавека і пісьменніка – суцэльныя тонкія вібрацыі. Я не будыстка, але на кожнай старонцы мяне хапаюць за макушку і падымаюць угору, каб вось без гэтай сумятні і тупасці, дзе адныя саджаюць сады і паркі, а другія – руйнуюць. Мой прадзед, канечне, быў не Эдвард Горват, але таксама і сад, і лес меў. Не ведаю пра парк, але рэдкія пароды дрэў выпісваў з Еўропы. Потым, калі ўсё адабралі, прызначылі вартаўніком свайго несвайго ўжо калгаснага саду. (Дзе той сад цяпер?..)
Усім сваім дзецям паспеў прадзед даць добрую адукацыю: хто ваенны афіцэр, хто інжэнер, хто мастак, бабуля мая – настаўніца. Кожнаму дамы пабудаваў, толькі згубілі яны тое жытло, а прытулак атрымалі ў калгасным хляву, дзе пэўным часам стаялі хворыя цяляты. Маёмасць пазабіралі і кніжкі спалілі, прыгаворваючы “мы новыя напішам”… Потым каго саслалі, каго ў турму, а іншых – пад расстрэл (афіцэра, дарэчы). Што з таго, што потым рэабілітавалі? Прадзед не вытрымаў жаху, памёр праз год. Як гаварыла мама, разарвалася сэрца ад гора.
Шмат год я, як узнала тую гісторыю ад мамы (бабуля мала што расказвала), пражывала яе сэрцам. Гэта таксама пра дом, які адабралі. І гэта пра нешта большае, чым проста пра дом – сцены і дах. Хоць і яны менавіта даюць адчуванне супакою.
І ліст да дзядзі Эдзі, які мяне дабіў канчаткова, таксама пра тое ж. Пра дом, які адабралі, і пра нешта большае.
Памятаеце, я напісала тут у дзень, як набыла кнігу, што вельмі рада, калі ў ёй будзе вось гэта ўсё горватаўскае, калі сядзіш на рагу месяца, гойдаешся, як на арэлях, і шчасна табе ад любові, што поўніць паветра. І пазіраеш на ўвесь свет шчырымі вачыма з самотай і з радасцю, і здаецца, што жыццё вечнае. Гэта і ёсць любоў.
Не памылілася. Адкрыйце першую старонку і чытайце: “Вялікія воды ня могуць любоў патушыць і рэкі яе не затопяць калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў іх адхілілі б з пагардай”.
Калі ў “Акадэмкнізе” ці ў “Купалаўскім” ёсць яшчэ “Дом”, заўтра ж, як вярнуся ў Мінск, набуду яшчэ экзэмпляр. Можа, трапіцца, які чалавек, з кім захацелася б падзяліцца кавалачкам пяшчоты, любові і талента Андрэя Горвата, то падзялюся. Кніга вельмі жывая, а, здавалася б, пабудавана на дакументах (дарэчы, гэта ж трэба было столькі іх знайсці, разгадаць, ажывіць і прапусціць праз сябе!)
Карацей, пра любоў кніга. І адзінота ў вясковай хаце, і горы будаўнічага друзу на расчыстках палацу – гэта ўсё пра любоў таксама. А Горват – абсалютны іншасвет і абсалютны рамантык.
Р. S. І яшчэ мне цікава, што ўсё ж-такі зрабілі з “Бехштэйнам” у Нароўлі? Няўжо пад тапор? Усё жыццё граю на не самых лепшых інструментах, а тут “Бехштэйн”. Тым больш, раяль. А ён спакойненька мог дажыць да сёняшняга дню. Пры належным даглядзе – то не самы вялікі тэрмін для зробленага ў Германіі інструмента.
Што цудоўна ў Горвата? Такое ўласцівае яму ўменне апавіць будзённыя рэчы эмацыйнай глыбінёю, вызываючы ў чытача рэзкі прыступ настальгіі. Так было з “Радзіва “Прудок”, калі бадай уся краіна як мантру пачала паўтараць назву дагэтуль незнаёмай вёскі і стала марыць хоць аднім вокам зірнуць на зорнае неба, што на тым кавалачку зямлі адорвае кароткатэрміновым дотыкам назаўсёды зніклага дзяцінства.
Так атрымалася і з “Домам”. З якім трымценнем Горват распавядае пра сваё знаёмства з палацам у Нароўлі! Як ён умее пабачыць у пустых вачніцах закінутага будынку святло, якое нібыта ўключыла былая гаспадыня, а ў параненых дзесяцігоддзямі безпрытульнага жыцця сценах – шафы з кнігамі ды карціны заснавальнікаў нараўлянскага роду. Аўтар расказвае пра сябе і тут жа натуральна пераходзіць да тых, хто некалі ўдыхнуў жыццё ў гэтую сядзібу. Усяго некалькі старонак – і ты ўжо прасякаешся лёсам незнаёмых табе людзей, бы яны твае блізкія родзічы.
Між іншым, гэтым разам мы пабывалі на месцы падзей, што разгортваюцца ў кнізе, яшчэ да таго, як яна была напісаная. У 2021 годзе Дзяніс Марціновіч унёс Нароўлю у трэк-ліст сямейнага падарожжа. Мы нават бачылі, як працавалі валанцёры на расчыстцы палаца. З аднаго боку, тое падарожжа дадае асабіста мне пазнавальнасці сюжэту, таму і хутчэй нараджаецца эмпатыя да герояў Горвата. А з іншага, я на свае вочы бачу, як толькі дзякуючы Горвату чытач набывае тую оптыку, якая раскрывае шматмернасць гэтага Дома-сусвету (бо для большасці мінакоў ці турыстаў гэтыя сцены былі б не больш за звычайныя палацавыя руіны, якіх на Беларусі шмат).
Горват рамантызуе, ахутвае гісторыямі з розных стагоддзяў, чым на некалькі гадзін дазваляе табе аслабіць панцыр эмігранскай закалкі, каб дапамагчы праз літаратурную Нароўлю дацягнуцца да тых запаветных месцаў, пра якія ты збараняеш сабе ўспамінаць, каб ізноў не ўскрываць незагойную рану смутку па родных мясцінах.
Таму хочацца, каб гэтая кніга не сканчалася, каб яшчэ доўга ўслед за Горватам можна было паўтараць: “і калі ўзыйдзе сонца, пайду следам за ценямі, каб таксама стаць ценем і кожную ноч вяртацца, вяртацца, вяртацца дадому”.
Прачытала кнігу Андрэй Горват “Дом”.
Як бы гэта расказаць без спойлераў?)
Па-першае, для мяне гэта лепшая ягоная кніга. Я падзяляю агульнае захапленне “Радзівам Прудок”, не надта мне зайшла “Прэм’ера”, а “Дом” не проста зайшоў, а ўбудаваўся ў мяне, у нейкія тыя пустоты, што выгрыз ува мне цяперашні час.
Па-другое, у Горвата зноў атрымалася, як у “Прудку”, вынайсці нейкі аптымальны, і разам з тым унікальны, мастацкі жанр для ўвасаблення гісторыі сям’і. От гэта проста бяда, скажу я вам: пасля “Дома” можна, канешне, пісаць сямейныя гісторыі, але калі захочаш зрабіць гэта ў найлепшай форме – атрымаецца як у Горвата. Гэтаксама пасля “Прудка” любыя спробы ў аптымальным жанры расказаць пра вясковае жыццё-быццё будуць непазбежна паўтараць “Радзіва”, пакуль не знойдзецца новая форма.
Дарэчы, ёсць у сучаснай літаратуры яшчэ адна прыўкрасная архіўная сямейная сага, “Сцебуракаў лёс” Усевалад Сьцебурака, цудоўная кніга, шыкоўна зробленая, і яна больш літасцівая да іншых: можна пісаць у тым жа ключы, і не будзеш выглядаць другасна. Перавага класічных форм.
Па-трэцяе, сам гістарычны матэрыял, датычны палаца Горватаў у Нароўлі, ахайна сабраны па мемуарах, газетных падшыўках і архівах, настолькі трапна адабраны і так удала скампанаваны, што не паспяваеш заблытацца ў сюжэтах і героях, што для такіх твораў – звычайная праблема.
І вось гэтая аўтарская інтанацыя. Сумная беларуская лірыка разгубленага моцнага чалавека, экзістэнцыйна стомленага, меланхалічнага, трошку пафаснага (як заўважыла некалі Сьвятлана Курс, пафас – прыкмета шчырасці), і важна – што праўдзівага, без позы.
А яшчэ, канешне, “Дом” выкшталцона выдадзены. Архіўныя і сучасныя фоты кожнае – сам па сабе асобны сюжэт. Ідэальна завярстана, кожная карцінка на сваім месцы, чытаеш-глядзіш, чытаеш-глядзіш, гойдаешся на гэтых хвалях, закалыхваешся.
Я ведаю, што першы наклад распрададзены ўжо. Але маю ўпэўненую надзею: гэтым летам усе змогуць набыць свой “Дом”.
Вельмі раю, вельмі.
Думаў, што крышку пачытаю – і працягну пазней, аднак не мог адарвацца, пакуль са слязамі на вачах не скончыў на досвітку.
Набывайце і чытайце кнігу “ДОМ” Анрэя Горвата! І вы адчуеце водары эпохаў, пачуеце гукі мінулага і сучаснага, станецеся саўдзельнікамі спляцення гісторыяў…
Даўно не чытаў настолькі шчырай кнігі! Пра што яна? Для мяне – пра любоў… да свайго кутка, да мовы, да прыгажосці, да сям’і, сваіх мараў… А яшчэ – гэта кніга пра пошук уласнага месца, дзе ты ўдома; а таксама – кніга неймавернага болю страты гэтага месца, нашага ДОМу і ДОМа.
Драматычная фабула гістарычных паўтарэнняў, калі, быццам на карцінах Вермеера, мы глядзім на рэчаіснасць, у якой гучаць галасы, праз якія падслухоўваем размовы герояў, чуем бразгат посуду, гукі разліваных напояў, іх пахі і колеры, слінкі цякуць ад “пабачаных” страваў. І – пагроза гэтай ідыліі тады ды цяпер. Аўтар пакідае нас з пытаннем, ці гэта канец гісторыі. Але і ён, і мы хочам, каб гісторыя працягвалася, каб ён парушыў драму лёсу і вярнуў сабе свой ДОМ, каб мы ўсе вярнулі той ДОМ.
Фантастычнае, рэальнае, рамантычнае, трагічнае і сапраўднае – у кнізе пра свет кожнага з нас. Лёгкі стыль, жывая мова, напружанне сюжэту, нібы проза Караткевіча. Гэта не проста хроніка аднаго роду, гэта ўрок беларускай гісторыі. І за такія кнігі трэба даваць галоўныя прэміі! Чаму? Бо яны не пішуцца дзеля прэміяў, а ёсць данінай памяці і выразам любові ды болю, крыкам зсярэдзіны.
Дзякуй, Спадар Андрэй Горват, за неверагодную рэч, у якой паказваеце сябе так адкрыта! Чытаць абавязкова!
Я напісаў кнігу пра нараўлянскі палац. Яна называецца “ДОМ”.
Кніга пісалася ў розныя гады, пачынаючы з 2021-га. Некалькі разоў я перарываў працу над ёй, думаючы, што яшчэ не гатовы расказаць гэту гісторыю – сваю і дома. Ці проста не хацеў ставіць кропку. А потым паставіў.
“Дом” – гэта не толькі тэкст, але і прыгожая рэч. Я стараўся зрабіць такую кнігу, якую хацелася б захоўваць.
Прэзентацыі, творчых сустрэч і інтэрв’ю не будзе. Аднак на наступным тыдні я прывязу “ДОМ” у Вільню, Беласток, Варшаву, Гданьск і Познань – буду везці адзін асобнік гаспадару палаца (дзядзі Эдзі), і па дарозе заеду ў гэтыя гарады. У пэўны дзень у пэўным месцы мы зможам пабачыцца, павітацца, пазнаёміцца, абняцца, перакінуцца некалькімі словамі, сфоткацца – я ваш. Летам, можа быць, я зраблю такія паездкі ў іншыя гарады, іншыя краіны.
Уся інфармацыя пра кнігу (і ўрывак з яе) ёсць на сайце. Гэта адзінае месца, дзе можна набыць “ДОМ”. Як гэта зрабіць з Беларусі, пакуль што я не маю адказу. Але адказ будзе.
Дзякуй за ўвагу.
Запрашаю dadomu.com
Андрэй Горват.
Замовіць кнігу можна тут: https://knihi.by/horvat-andrej-dom