Дзіўная місія. Сяргей Пляскач

“Таямнічая гісторыя, разгадка якой акажацца нечаканай для самага падрыхтаванага чытача”,  – так паведамляецца ў кароткай анатацыі.

Што ж, сапраўды. Але дадам яшчэ, што пад вокладкай знаходзіцца ўвогуле зусім не тое, што чакаецца.

Пачатак інтрыгуе вельмі, і адразу на памяць прыходзіць Кінг з ягоным “Гатэлем”. Грэшным чынам падумалася, што аўтар стварыў кшталту рымейка. Пачатак, ва ўсякім разе, абяцаў тое: галоўны герой атрымлівае прапанову пабыць вартаўніком у багатым доме-гатэлі недзе сярод балота, час – зіма. У поўнай самоце.

Але яшчэ падчас знаёмства з дзядзькам героя злавіў сябе на думцы, што нешта тут не тое – занадта падрабязна апісваецца перад намі лёс быццам другараднага героя. Ну а старонкі далей толькі пацвердзілі: гэта не прыгоды дзеля прыгод, гэта яшчэ адна спроба аўтара асэнсаваць пэўны прамежак гісторыі Беларусі і, галоўнае, характары, думкі і памкненні людзей.

Імкліва ўступае ў гісторыю другая гераіня – маладая жанчына. І сустрэча з ёй, скажам так, цалкам адпавядае жанру прыгод і кіношнасці. Але, зноў жа, і яна раскрываецца, што называецца, напоўніцу аўтарам, з “пралогам”, што яшчэ больш зніжае ступень чакання імклівага разгортвання падзей.

Як і чарговы герой, настаўнік. Ты ацэньваеш колькасць прачытаных старонак адносна ўсіх у кнізе і трохі дзівішся.

А далей будзе скарб Напалеона. І ўсё вакол скарбу.

Недзе на сярэдзіне кнігі я ўжо зразумеў, што прыгод не будзе. Будзе рэчаіснасць, сканцэнтраваная ля балота з золатам. Але, па шчырасці, развязка для мяне аказалася сапраўды цалкам нечаканай. І мушу прызнацца, выклікала няўцямнае пачуццё, пасля – расчараванне. Ды крыху далей, цягам чытання апошніх старонак, я зразумеў, што іначай і быць не магло.

Зусім не прыгоды. Кавалак жыцця, зрэз у часе. Перыпетыі лёсаў.

Трагедыя. Якая нічога не скалыхнула, нікога асабліва не ўразіла. Бы ў балота ўкінуты камень – булькнула, схапіўся нехта спуджана за сэрца – і зноў ціш.

Мажліва, кніга такой і задумвалася, хоць не пакідае адчуванне, што меў аўтар на мэце разгарнуць дзею куды шырэй, бо самае цікавае – пошукі скарбу Напалеона і тое, што адбылося з шукальнікамі, падаецца не тое што сцісла, але літаральна газетным стылем. Не цалкам зразумелая і трагедыя з галоўным героем. У чым насамрэч быў сэнс ягонай місіі? Уратаваць нечае жыццё? Тады, на мой погляд, варта б было тут капнуць глыбей, ды і назву з “Дзіўнай місіі” варта б было змяніць на “Галоўную місію”.

Што яшчэ адзначу. Адзін з вядомых пісьменнікаў запісаў і іншым расказваў пра сваё галоўнае правіла: кожны сказ, абзац, эпізод павінен працаваць альбо на рух сюжэту, на яго дынаміку, альбо на раскрыццё характару героя. На жаль, у гэтай кнізе ёсць пэўныя эпізоды, якія гэтаму правілу ніякай не падпарадкоўваюцца. Здаецца, яны ідуць фонам. Але той самы фон не павінен ўмешвацца ў сюжэт, не перарываць дзею, а тут эпізоды адцягваюць увагу. Ім зашмат адведзена месца (як, прыкладам, тая парачка выпівох у электрычцы). Можна б было падаць больш сцісла і папярэдняе жыццё герояў, дадаць дынамікі. Але гэта  была ўжо іншая кніга.  Аўтар напісаў тое, што хацеў напісаць. На яго можна пазлавацца, ды па шчырасці, бавіць час за чытаннем гэтай гісторыі было прыемна.

Пакінуць адказ