Двор пад буслінымі крыламі.  Анатоль Зэкаў

 Двор пад буслінымі крыламі.  Анатоль ЗэкаўДосыць добра ведаю аўтара і ягоную творчасць, таму і новая кніга зацікавіла. Але прачытаная рэцэнзія выклікала здзіўленне і нямала пытанняў. Урэшце, як кажуць, сам памацаў і на зуб паспрабаваў.

Змяшчаю як свой асабісты водгук (у якім больш пытанняў і пытальнікаў), так і рэцэнзію з ЛіМа. Мяркую, так будзе правільней.

Той самы выпадак, калі губляешся ў думках: пісаць пра кнігу ці не пісаць… Напішу, хоць і вырашыў сам для сябе, што на сайце будуць кнігі добрыя і новыя, а не ўсякія, хай сабе і новыя. З другога боку, Анатоль Зэкаў – ніякі не пачатковец, аўтар даўно вядомы. І яшчэ вось што: не сказаў бы, што проза гэтай кнігі слабая ці ніякая. Нармалёвая, урэшце.

Але…


Маленькія гісторыі з вялікім сэнсам: чым здзіўляе новая кніга Анатоля Зэкава

Новае выданне Анатоля Зэкава «Двор пад буслінымі крыламі», што выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», можа стаць сапраўднай настольнай кнігай для самых маленькіх чытачоў. Пераважная большасць твораў — не вынік аўтарскай фантазіі — яны заснаваны на рэальных падзеях і фактах, якія ў маленстве перажыў сам пісьменнік.

Кніга падзелена на чатыры часткі: былі, апавяданні, мініяцюры і п’есы. Невялічкія творы насычаны дабрынёй, цёплымі ўспамінамі, шчырым сяброўствам і атмасферай летняга вечара. Першую частку кнігі склала проза. У апавяданнях і былях аўтар успамінае ўласнае дзяцінства, дзе кожны дзень абяцаў цікавыя прыгоды. Тут і засмучэнне з-за паваленага вяза, на якім была буслянка, і радасць, што буслы ўсё ж прыляцелі («Двор пад белымі крыламі»); і першая паездка на кані, уражанні ад якой засталіся на ўсё жыццё («Коні, коні вараныя»); і барацьба ластавак супраць аднаго вераб’я за ўтульнае гняздо («Замураваны верабей»); і спаборніцтва папяровых караблікаў, дзе яны баранілі гонар кожнага ўдзельніка («Юныя капітаны»).

Самая сумная гісторыя, якая адлюстроўвае выпрабаванні жыцця, хаваецца пад кароткай назвай «Груша». Галоўны герой Пецька любіў частаваць сяброў грушамі і яблыкамі са свайго саду, аднак матуля хлопчыка — цётка Вольга — была вядома на ўсю вёску скупасцю і абараняла свой сад ад жадаючых паласавацца смачнай садавінай. Параноя жанчыны даходзіла да абсурду: Вольга нацягвала калючы дрот на частакол, пільнавала мінакоў, змазвала плот дзёгцем. Адно трагічнае здарэнне назаўсёды змяніла характар прагнай гаспадыні, якая цаной жыцця ўласнага сына навучылася дабрыні і шчырасці.

Нягледзячы на невялічкія памеры, усе творы маюць моцны павучальны патэнцыял. Эмацыянальнасць, апавяданне ад першай асобы, спагадлівасць выклікаюць давер як у дзяцей, так і ў іх бацькоў. Кароткія гісторыі вучаць юных чытачоў эмпатыі, дабрыні, гумару і любові да бліжняга, а маляўнічае апісанне дапамагае знаходзіць чароўнае ў звычайным.

Выданне «Двор пад буслінымі крыламі» паказвае і драматургічны бок творчасці Анатоля Зэкава. Сапраўды, ў кнізе апублікавана шэсць невялікіх п’ес, якія могуць быць пастаўлены школьнымі тэатральнымі калектывамі ці разыграны па ролях у цесным сямейным крузе. Галоўнымі героямі сцэнічных твораў сталі свойскія і лясныя жывёлы: кот, сабака, карова, певень, павучок, светлячок і інш. Мілыя і непаседлівыя персанажы адразу знойдуць прыхільнікаў сярод дзіцячай аўдыторыі.

Нельга не адзначыць прыгожыя ілюстрацыі, аўтарам якіх з’яўляецца Людміла Мышкоўская. Яркія малюнкі прывабліваюць увагу людзей любога ўзросту і сацыяльнага статусу. На жаль, стыль вокладкі і ілюстрацый вельмі адрозніваецца, з-за чаго можа ўзнікнуць эстэтычны дысананс.

Узроставае абмежаванне ў кнігі 6+. Аднак творы, змешчаныя ў выданні, зацікавяць і дашкольнікаў (пад увагай бацькоў і выхавацеляў). Кніга падыходзіць для сямейнага і пазакласнага чытання, а для кагосьці можа стаць першым крокам да шчырай улюбёнасці ў беларускую літаратуру.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА.


Калі дарослы дзядзька, ды дзед ужо, занатуе некалькі згадак са свайго дзяцінства – ці стануць яны “на аўтамаце” гісторыямі для дзяцей?

Не стануць. Бо нашае дзяцінства зразумелае нам. Не стануць, бо наша дзяцінства было іншым. Яно было напоўненае тымі рэчамі і тымі дзеямі, якія сёння могуць быць няўцямнымі цяперашнім дзецям.

Як маленькі прыклад: калі нядобрая цётка змазвае частаколіны дзёгцем, ці многа дзяцей зразумеюць што яна змазвае і чым? Дзе сёння ў той самай вёсцы дзеці пачуюць пра дзёгаць і хто бачыў той частакол? Дарэчы, тут слоўнік прапануе параўнанне адно цікавае: “За добрым чоловеком ек за плотом, а за нехорошым – ек за частоколом”.

Нядаўна ў ФБ я пытаўся: ці сапраўды ў нашых мясцінах вераб’і захопліваюць гнёзды ластавак? Бо Анатоль Зэкаў расказвае гісторыю быццам са свайго дзяцінства, калі вераб’я-захопніка ластаўкі замуравалі ў гняздзе. Аказваецца, гэта вядомае апавяданне Льва Талстога. Больш за тое, сустракаў я такую гісторыю ў кнізе іншага аўтара, а тут яшчэ падказваюць: вядомая прытча. Яно то з аднаго боку няхай і будзе гісторыя на беларускай мове. Але – для дзетак-дашкольнікаў? Вось такая гвалтоўная пакутлівая смерць – гэта прымальна? Ці важны нейкі там “павучальны момант”, пакаранне зла і дыфірамбы калектывізму? Хоць аўтар, зрэшты, указвае на іншае:  ластаўкі “спрацавалі па прынцыпе: не нам, дык і не вам!” Гэта навука дзеткам?

Гісторыя пра грушу – пра смерць хлопчыка, пра звар’яцелую ад гора маці. Няўжо яе дзеянні пасля таго, як прывезлі мёртвага сына, насамрэч можна лічыць “перавыхаваннем сквапнасці”, як запэўнівае папярэдні аўтар водгуку? Вось, сын утапіўся і маці ягоная хапае жэрдку і абтрасае грушы, гукае дзяцей есці…

Трагедыя ў вёсцы, страшная і непапраўная… Навошта яна ў кнізе для дзяцей? Не ханжа ні разу, і пра такія рэчы варта пісаць, і ў першай маёй кнізе для падлеткаў ёсць смерць хлопчыка, хворага на рак, але ж тут маці хлопчыка напачатку выстаўлена як страшная жмінда, лае свайго сына, які носіць салодкія грушы сябрам. І вось ён гіне на рэчцы. Гэта яе так Бог пакараў?

Не ведаю, сябры… Мяне гэта гісторыя шакавала – і менавіта тым, як расстаўлены акцэнты, тым, што яна ў кнізе для дзетак.

…Сам вырас у вёсцы, ведаю, як бягуць ручаі ад дажджу. Але ведаю, што яны бягуць, пакуль ідзе дождж. Пасля – лужыны стаяць з цёплай вадой, глыбіню якіх мы і мералі босымі нагамі. А тут у Зэкава ручаі бягуць і бягуць, дзеці паспяваюць караблікаў нарабіць папяровых, падпісаць іх… І бягуць тыя ручаі па вясковай вуліцы ажно да самай ракі. А на рацэ – хвалі. Адкуль? Ды яшчэ такія, што некаторыя караблікі пераварочваюцца. Напісана добра, маляўніча, але – надумана. І яшчэ надта разанула двойчы ўжытае “судзёнышка” на папяровы караблік.

Ну а згадка пра шчупака, якога прынёс канюх, магла б пры сённяшніх умовах і ў “дарослую” кнігу не патрапіць. Мяркуйце самі:

Дзед Грышка працаваў у саўгасе конюхам. Ідучы з дому на канюшню, па дарозе звычайна заходзіў да нас. Ведаў, што маці налье яму самагонкі. Яна і не шкадавала. Шклянку (чаркамі ў вёсцы не пілі). І не болей.

– Вось будзеш ісці з працы, – казала, як бы апраўдваючыся, – тады яшчэ налью. А пакуль хопіць.

Дзед садзіўся на ганку, насыпаў у адарваны з газеты шматок тытунь, скручваў папяросу, і, як нам здавалася, апетытна пыхкаў самасадам. Я усаджваўся побач…

Жывая згадка, ніц не скажаш. І далей па тэксце – добра, густоўная мова.  Дапаўненне якое хвацкае: чаркамі ў вёсцы не пілі). Хоць мне і карціць:  не папяроса скручваецца, а цыгарка ці самакрутка…

Ну вось як такі ўспамін трапіў у кнігу для дзяцей? Які тут маецца “моцны павучальны патэнцыял”?  Як увогуле тлумачыць юным чытачам гэтыя ранішнія 200 грамаў самагонкі перад працай?

…А далей за згадкамі пайшлі прыдуманыя гісторыі – невялікія п’есы. І тут – дыяметральны паварот. Светлячок стаў сябрам для павука і нават атрымаў запрашэнне жыць разам. Бо пасвяціў павуку, каб той мацней замацаваў сваю сетку-павуціну. Праўда, застаецца пытанне: а навошта павуціна павуку? У яе часам светлякі не трапляюць?

Вось такая дваістасць кнігі – першай і другой часткі – выклікае поўны ступар. Напачатку ластаўкі замуроўваюць жывога вераб’я, топіцца хлопчык і маці ягоная вар’яцее ад гора, а з сярэдзіны павукі святым духам харчуюцца…

Не, гісторыі з нашага дзяцінства – гэта зусім не дзіцячыя гісторыі…

В. Г.

Пакінуць адказ